Другі дзень пратэстаў у Магілёве: затрыманых было больш чым пратэстоўцаў

10 жніўня ў цэнтры Магілёва на пратэст выйшлі каля 150 чалавек, але колькасць затрыманых аказалася у некалькі разоў большаю. Хапалі тых, хто крычаў «Жыве Беларусь!», але таксама мінакоў – як на месцы пратэсту, гэтак і далёка ад яго.

Спецтранспарт ля тэатру лялек. Фота: Вольга Васільева / «Белсат»

Праваахоўныя органы загадзя ачапілі ўвесь цэнтр гораду і вельмі хутка падавілі пратэст. Падобна да каменданцкай гадзіны, пасля 22:00 «касманаўтаў» на вуліцы было больш, чым жыхароў. Яны загадвалі мінакам ісці дадому.

Праз частковую ці поўную адсутнасць інтэрнэту не было дакладна вядома, дзе збяруцца людзі. Усім установам было дадзенае распараджэнне 10 жніўня зачыніцца да 19:00 гадзіны. Усе галоўныя плошчы Магілёва ачапілі людзі ў чорным з каскамі на галаве. Да якой сілавой структуры яны належаць – невядома, бо ніякіх апазнавальных знакаў на іх не было. На скрыжаваннях дарог стаялі пасты, на вуліцах – аўтатранспарт з людзьмі ў форме.

Фота: Вольга Васільева / «Белсат»

Больш за сотню людзей сабраліся ў Камсамольскім скверы Магілёва. Адтуль сілавікі адцяснілі пратэстоўцаў на Плошчу зорак. Людзі абурыліся і пачалі крычаць «Жыве Беларусь!». У адказ на плошчы зорак было затрымана да двух дзясяткаў чалавек.

У гэты час пратэстоўцы выйшлі на вуліцу Ленінскую і зліліся з мінакамі. Там жа праходзіла пешаходная экскурсія пад кіраўніцтвам старшыні Магілёўскай філіі ТБМ Алега Дзьячкова. Сілавікі акружылі ўдзельнікаў экскурсіі: жанчын адпусцілі, а мужчын затрымалі.

У Магілёве затрыманыя ўдзельнікі экскурсіі

На паралельных вуліцах – Першамайскай і Піянерскай часова абмежавалі рух. Грамадскі транспарт перастаў спыняцца на некаторых прыпынках у цэнтры гораду.

Жыхары Магілёва мяркуюць, што сілавікі сачылі за пратэстоўцамі пры дапамозе дрона. Як толькі ў нейкім месцы збіраліся людзі – накіроўваліся туды. Удзельнікі падзеяў кажуць, што людзей лавілі па дварах, вельмі жорстка затрымлівалі і забіралі. Пазней аказалася, што забіралі без разбору – пад гарачую руку патрапіла шмат падлеткаў. Іх бацькі былі вымушаныя шукаць сваіх дзяцей у РАУСах гораду, бо дзеці не вярнуліся дадому а іхныя тэлефоны не адказвалі. Сваякі цяпер дзяжураць пад судамі і пад ізалятарам часовага ўтрымання, каб даведацца хоць нешта пра сваіх родных.

ІЧУ ў Машілёве 11 жніўня. Сваякі чакаюць вызвалення затрыманых. Фота: Вольга Васільева / «Белсат»

Пасля 21:00 у Магілёве больш ніхто не збіраўся ў вялікія групы. Па гораду хадзіла шмат людзей, але па двое, па трое. Вялікі паток ішоў з боку Ленінскага РАУС. Пад самім аддзяленнем міліцыі бацькі намагаліся вызваліць сваіх затрыманых дзяцей. Пры нас выпусцілі 15-гадовага хлопца, якога затрымалі ў цэнтры гораду і прывезлі сюды. Жанчына, якая стаяла побач, сказала, што і яе 15-гадовае дзіцё забралі з прыпынку.

«Убачу вас тут другі раз – паедзем у РАУС», – казаў чалавек у чорнай форме людзям, якія пераходзілі дарогу ля гарвыканкаму.

Ля тэатру ляляк стаяў аўтатранспарт з сілавікамі. Мужчына з сумкай, якому трэба было прайсці праз вуліцу, запытаўся «ці можна гэта зрабіць, ці за гэта прыйдзецца ночыць у абезьянніку?». Яму дазволілі прайсці. Побач стаіць будынак аблвыканкаму – плошчу перад ім закрылі цалкам і на яе нельга было выйсці.

Транспарт з АМАПам ля плошчы Славы ў Магілёве. Фота: Вольга Васільева / «Белсат»

Па дарогах жа ездзілі пераважна машыны міліцыі і хуткай дапамогі. Інтэрнэт адсутнічаў.

Вольга Васільева, Belsat.eu

Hавiны