Другая хваля каронавірусу пачалася. Ці гатовая Еўропа?

Каронавірус вяртаецца з новай сілай. Першымі пра пачатак новай успышкі абвясцілі Аўстрыя і Чэхія ў сярэдзіне верасня. Тыдзень таму і беларускае Мінздароўя паведаміла пра другую хвалю. З новай успышкай вірусу ў Еўропу прыйдуць і новыя абмежаванні.

У свеце зарэгістравана больш за 37 мільёнаў выпадкаў інфікавання. З іх каля шасці мільёнаў – у Еўропе. У Еўропе па колькасці выпадкаў лідаруюць Расея, Іспанія і Францыя.

Крыніца: https://www.worldometers.info/coronavirus/

Штотыднёвыя паказнікі прыросту інфікаваных перавышаюць тыя, што былі на першым піку пандэміі. Штодня ў Еўропе фіксуюць больш за 100 тысяч новых выпадкаў.

Крыніца: https://who.maps.arcgis.com/apps/opsdashboard/index.html#/a19d5d1f86ee4d99b013eed5f637232d

Як Еўропа падрыхтавалася да другой хвалі?

Локдаўн увёў толькі Ізраіль. Ад 18 верасня на тры тыдні зачыніліся дзіцячыя садкі, школы і забаўляльныя ўстановы. Людзям нельга адыходзіць ад жылля больш чым на 500 метраў. На вуліцы могуць сабрацца не больш за 20 чалавек, у памяшканні – максімум 10 асобаў.

У Арменіі 11 верасня рэжым надзвычайнага становішча замянілі каранцінам да 11 студзеня. Масавыя мерапрыемствы дагэтуль забароненыя, як і ўезд у краіну замежнікаў. Жыхары мусяць насіць маскі і ў памяшканнях, і на вуліцы.

Лабарант у спецыяльным адзенні працуе з аналізамі на каронавірус. Фота: Jacek Szydlowski / Forum

Ад суботы нават на вуліцах насіць маскі мусяць і палякі. Цяпер Польшча падзеленая на чырвоныя і жоўтыя зоны. У асабліва небяспечных раёнах праца рэстаранаў і бараў скарочаная да 22 гадзіны, а культурныя мерапрыемствы забароненыя. Толькі ў кіно можа прыйсці чвэрць залі. Ад 17 кастрычніка вяселлі ці пахаванні не могуць збіраць больш за 50 чалавек, у жоўтай зоне – ліміт 75. Па ўсёй краіне нельга арганізоўваць пляцоўкі для танцаў.

Новыя захады бяспекі таксама нядаўна прыняла Чэхія. Ад пятніцы забароненыя культурныя мерапрыемствы. На два тыдні зачыняюць тэатры, кіно і крытыя спортпляцоўкі. Каб пакупнікі не затрымліваліся, у гандлёвых цэнтрах адключаюць Wi-Fi, а рэстараны і кавярні будуць зачыняцца а 20 гадзіне.

Фота: Ірына Арахоўская / Belsat.eu

У Парыжы і іншых найбольш пацярпелых гарадах Францыі бары цалкам зачыніліся. Масавыя мерапрыемствы таксама забароненыя. Яшчэ жыхары сталіцы мусяць насіць маску паўсюль па-за межамі свайго жытла.

Рэгіянальны каранцін на два тыдні абвясцілі ў Іспаніі. Ад 21 верасня ён дзейнічае ў 37-мі абшарах. Перасякаць межы небяспечных зон можна, маючы абгрунтаваныя прычыны.

Некаторыя краіны папросту баяцца паўторнай паралізацыі эканомікі з-за магчымых локдаўнаў. Гэтак нямецкае Мінфінансаў паведамляе, што краіна вернецца да перадпандэмічнага эканамічнага ўзроўню да канца 2021 года. Гэта пры ўмове, што паўторнага локдаўну не будзе. Таму і тут жорсткія захады бяспекі пачынаюцца толькі ў асяродках эпідэміі.

А вось Міністр аховы здароўя Вялікай Брытаніі не выключае магчымасці локдаўну. Пра двухтыднёвы каранцін падчас школьных вакацыяў заклікае Кансультацыйная група ў надзвычайных выпадках. Пакуль жа ў краіне новыя абмежаванні таксама адбываюцца кропкава.

А дзесьці новых правілаў бяспекі пакуль што няма

Учора Украіна паднялася на 10-ае месца па колькасці новых выпадкаў каронавірусу. Таго ж дня старшыня медычнага камітэту Вярхоўнай Рады Міхаіл Радуцкі на сваёй старонцы ў Facebook паведаміў, што на апошняй нарадзе Прэзідэнта Украіны ўхвалілі новыя захады бяспекі. Паводле Радуцкага ВНУ пераводзяць на дыстанцыйнае навучанне, у чырвоных і жоўтых зонах бары ды рэстараны будуць працаваць да 22 гадзіны. Афіцыйнай заявы пра новыя правілы яшчэ не было.

Выкананне рэнтген-здымку ў больніцы. Ілюстратыўны здымак Pixaby

Улады Расеі ж адмаўляюць другую хвалю і новыя захады бяспекі не ўводзяць. «Гэта працяг эпідпрацэсу. Вірус толькі прыйшоў. Для вірусаў гэта вельмі маленькі тэрмін, таму пакуль ён не пройдзе па ўсім свеце і па ўсім сезонным цыкле, мы не зможам сказаць, дзе якая хваля», – кажа галоўны санітарны лекар Расеі Ганна Папова.

Тым не менш на наступны дзень 9 кастрычніка ў краіне зафіксавалі новы рэкорд па прыросце інфікаваных за дзень – 12 126 чалавек, мінулы быў у сярэдзіне траўня.

Фота: Таня Капітонава / «Белсат»

Новыя захады ўвялі толькі ў Маскве. Паступова пераводзяць супрацоўнікаў прадпрыемстваў на дыстаннцыйную працу, а ў грамадскіх месцах жыхары сталіцы абавязаныя насіць маскі.

Беларускія ўлады, хоць і прызналі новую хвалю пандэміі ў краіне, але дадатковых захадаў бяспекі не плануюць. Прэс-служба Мінздароўя паведамляе, што запасу сродкаў індывідуальнай абароны хопіць на паўтары месяцы бесперапыннай працы, а беларускія медыкі больш падрыхтаваныя да новай хвалі, бо маюць досвед працы з каронавірусам.

«У нас лекары стаміліся»

Пра тое, чаго чакаць ад другой хвалі, мы паразмаўлялі з эпідэміёлагам Алінаю Волчанкай.

Чаму другая хваля прыйшла менавіта зараз?

– Многія кампаніі вярнуліся на не дыстанцыйную працу. Вярнуліся на вучобу студэнты, школьнікі, навабранцы. Вясной была іншая сітуацыя. Зараз яна звязаная з фармаваннем новых калектываў і тым, што надвор’е змяняецца – людзі не выходзяць на вуліцу, больш часу мы праводзім у памяшканнях.

Ён перанёс каронавірус. І мог ляжаць у труне

А ці можна прадбачыць, калі другая хваля скончыцца?

– Думаю, што не. На гэта ўплывае шмат фактараў, пра якія мы няшмат ведаем. Ці мутаваў вірус падчас пасажу? Чаму некаторыя людзі хварэюць паўторна? Ёсць паведамленні, што паўторна некаторыя хварэюць цяжка. Недастаткова звестак пра тое, колькі доўжыцца імунітэт. Усё, што мы можам зараз рабіць – гэта даследаваць.

Як будзе развівацца другая хваля ў Еўропе?

– Вялікую ролю грае менталітэт. Мне ўспамінаецца даследаванне 2015 года Гэлапаўскага інстытуту. Тады я запомніла Італію, дзе каля 60% чалавек пасля туалета аўтаматычна памылі рукі. Мяне зачапіла тая думка, што на пачатку эпідэміі сапраўды палыхалі краіны, дзе гэты ўзровень аўтаматычнага мыцця рук, гігіены быў горшы. Развіццё эпідэміі таксама будзе залежаць ад культурных асаблівасцяў. Магчыма, з-за накопленых ведаў і досведу, штосьці і зменіцца.

Што думаеце пра ўжыванне больш жорсткіх захадаў?

– Яны дапамагаюць ліквідаваць захворванне і расцягнуць яго ў часе. Але ёсць адзін эпідэміялагічны феномен: як толькі межы адчыняюцца – няважна выспы ці ўстановы – усё роўна будзе нейкая другая ўспышка. Тое, што пачаўся другі пад’ём захворвання таксама можа быць звязана з паслабленнем пераходу праз мяжу.

Аляксандр Саладуха заразіўся каронавірусам

Які сэнс маюць маскі на вуліцы?

Гэта мае добры сэнс, калі насельніцтва так шмат, як у Азіі і немагчыма прытрымлівацца дыстанцыі. Насіць маску на вуліцы, калі нікога вакол няма, эпідэміялагічнага сэнсу не мае. Але можа не хапаць сумленнасці ў большасці насельніцтва, каб прытрымлівацца захадаў бяспекі. Тады на заканадаўчым узроўні гэта дапамагае.

Ці будзе другая хваля мацней?

– Калі казаць пра іншыя краіны, то ёсць і эпідэміялагічныя, і сацыялагічныя падставы меркаваць, што не. Мы ўжо знаёмыя з вірусам, мы знаёмыя з гэтай эпідэміяй. Але я непакоюся за нашую краіну, за нашых лекараў, якія могуць застацца без неабходнага ўзроўню падтрымкі. Вельмі шмат усяго закупілася, алгарытмы адпрацаваныя. Так, ёсць сродкі індывідуальнай абароны, але ці хопіць іх? Шмат у першай хвалі працавала на валанцёрскай дапамозе, на эмацыйным запале. Канкрэтна ў нас лекары стаміліся. Тое, што адбываецца зараз, вельмі падрывае. Валанцёрская дапамога была вялізарная. З-за цяперашняй сітуацыі нашым валанцёрам можа не хапіць сілаў.

Маеце на ўвазе палітычную сітуацыю?

– Так, калі няма магчымасцяў цэнтралізавана збіраць грошы, калі няма магчымасці працаваць без страху за сябе і сваё жыццё, то ўсяму астатняму насельніцтву не будзе каму аказаць дапамогу. Некалькі пляцовак па зборы грошай зачынілі. Валанцёры становяцца дэцэнтралізаваныя. Але пакуль беларусы паказваюць вельмі вялікую арганізаванасць і я спадзяюся, што мы дамо рады.

Дзіяна Раткевіч Belsat.eu

Hавiны