Дробныя паскудствы і спалены аўтамабіль: разборкі канкурэнтаў у Горадні


У Горадні мужчына падпаліў аўтамабіль канкурэнта па бізнесе.

Раней пацярпелы і падазраваны працавалі разам, яны займаліся ўскрыццём аўтамабільных замкоў. Іх шляхі разышліся, калі адзін з іх даведаўся, што кампаньён яго дурыць. Заказы ішлі праз менскую фірму, куды звярталіся па дапамогу кліенты. За перанакіраваныя заказы менская фірма атрымлівала 50% ад кошту замовы. Падазраваны паведаміў напарніку, што трэба менскай фірме дакідваць яшчэ 10% зверху. Але высветлілася, што гэтыя 10% ён пакідае сабе. Пасля гэтага яны пачалі працаваць самі на сябе.

Са словаў міліцыянтаў, падазраваны пачаў рабіць былому напарніку дробныя паскудствы, на якіх не спыніўся.

«Пры дапамозе свайго новага калегі па бізнесе вырашыў спаліць аўтамабіль. Познім вечарам ускрыў яго, плюхнуў туды бензіну і падпаліў», – распавёў намеснік начальніка Кастрычніцкага РАУС Горадні Мікалай Сазон.

Дым і агонь заўважыла суседка і выклікала адпаведныя службы. Згарэла толькі частка салона.

ГА, belsat.eu паводле uvd.grodno.by

Стужка навінаў