Ярмошына пра нерэгістрацыю кандыдатаў: «Довады аб прэзумпцыі невінаватасці няслушныя»


Старшыня ЦВК запісала адмысловы відэазварот, у якім распавяла пра памылкі, якія зрабілі Віктар Бабарыка і Валерый Цапкала.

Старшыня ЦВК Беларусі Лідзія Ярмошына. Скрыншот з відэазвароту

Няправільная дэкларацыя Веранікі Цапкала

Лідзія Ярмошына ў відэазвароце сказала, што прычынаю нерэгістрацыі Валерыя Цапкалы стала, перадусім, недастатковая колькасць сабраных ім подпісаў, а таксама недакладнасці ў дэкларацыі аб даходах ягонай жонкі. Старшыня ЦВК зазначыла, што ў інтэрнэт-рэсурсах разгарнулася палеміка наконт памылка ў дэкларацыі Веранікі Цапкала. Маўляў, калі не задэклараваны даход складае меней за 20 % ад ейнага агульнага даходу.

Hавiны
Штабы Бабарыкі, Цапкалы і Ціханоўскай заявілі пра аб’яднанне
2020.07.16 17:03

«Аднак не ўказанне акцыяў, як і не ўказанне транспартнага сродку, з’яўляецца грубаю памылкаю, якая можа прывесці да адмовы ў рэгістрацыі. І не мае значэнне, які даход атрымлівае кандыдат або ягоная жонка. Галоўнае, што гэтая маёмасць не ўказаная», – падкрэсліла Ярмошына.

Вераніка Цапкала.
Фота: facebook.com

Лідзія Ярмошына назвала ўсе абвінавачванні ў адрас камісіі няслушнымі, бо ЦВК нават не залічыла за памылку не ўказаны Веранікаю Цапкала дом у сельскай мясцовасці, таму што ён пакуль што не аформлены ў ейную ўласнасць.

«Таму я думаю, што ўсе абвінавачванні ў адрас ЦВК выкліканыя звычайнай прыкрасцю ад уласнай памылкі. Я была абавязана вас аб гэтым праінфармаваць».

Пра нерэгістрацыю Віктара Бабарыкі

Лідзія Ярмошына нагадала, што Віктар Бабарыка зʼяўляецца фігурантам адразу некалькіх крымінальных справаў. Яна падкрэсліла, што ДРФ прадставіў матэрыял, што Бабарыка не ўказаў фірмы, арганізаваныя ім за мяжою, нерухомасць, а таксама не задэклараваў грашовыя сродкі, атрыманыя з хабараў за 2019 год.

Белсат Zoom
Бабарыка – «кіраўнік злачыннай групы»?
2020.07.14 23:40

Таксама яна зазначыла, што ў ініцыятыўнай групе Бабарыкі былі супрацоўнікі замежнага прадпрыемства – «Белгазпрамбанку», асноўным акцыянерам якога зʼяўляецца расейскі «Газпрам».

Віктар Бабарыка.
Фота: Ірына Арахоўская / Belsat.eu

Старшыня ЦВК пракаментавала і скаргі, якія былі накіраваныя ў ЦВК.

«Довады аб прэзумпцыі невінаватасці няслушныя, бо прэзумпцыя невінаватасці можа прыменяцца толькі ў крымінальным праве. Што датычыць выбарчага заканадаўства, то падставаю і довадамі для адмовы ў рэгістрацыі сталі звесткамі, атрыманыя ад іншых крыніцаў, незалежна ад крымінальнай справы».

Прычым паводле Лідзіі Ярмошынай, не ўказаны Святланаю Ціханоўскаю дом у сельскай мясцовасці — непараўнальны з усімі злачынствамі, у якіх вінавацяць Віктара Бабарыку.

Святлана Ціханоўская. Ірына Арахоўская / Belsat.eu

Вераніка Цапкала зарабляе больш за Лукашэнку

Лідзія Ярмошына наракала на несправядлівасць меркавання, маўляў, у Беларусі чыноўнікі зарабляюць больш за бізнесоўцаў.

«Не раскрываючы даходаў спадарыні Цапкала, я магу сказаць, што ён значна большы за даход прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. А даходы прадпрымальнікаў Чэрачэня і Ціханоўскага вышэй, чым даходы мяне – дзяржаўнага чыноўніка, які мае вышэйшы клас дзяржаўнай службы і вельмі доўгі стаж».

Hавiны
Паводле дэкларацыі, Лукашэнка жанаты і не мае ніякай маёмасці
2020.07.15 12:38

Таму яна папрасіла цвяроза ацэньваць усе довады і тэзісы, якія зʼяўляюцца ў сеціве, каб дыскрэдытаваць дзяржаўныя органы і іхную палітыку.

Нагадаем, што 14 ліпеня сталі вядомыя імёны людзей, якія працягнуць удзел у прэзідэнцкай кампаніі. Імі сталі Ганна Канапацкая, Сяргей Чэрачэнь, Андрэй Дзмітрыеў, Святлана Ціханоўская і Аляксандр Лукашэнка.

КТ belsat.eu

Стужка навінаў