Доналд Трамп працягнуў санкцыі ў дачыненні да беларускіх уладаў


Прэзідэнт ЗША Доналд Трамп працягнуў яшчэ на год санкцыі ў дачыненні да беларускіх чыноўнікаў. Адпаведны дакумент размешчаны на сайце Белага дому.

Паводле прэс-рэлізу Белага дому, прадстаўнікі беларускіх уладаў падрываюць дэмакратычныя працэсы ў Беларусі, парушаюць правы чалавека, ажыццяўляюць палітычныя рэпрэсіі і ўдзельнічаюць у карупцыі, чым працягваюць уяўляць «надзвычайную пагрозу да нацыянальнай бяспекі і вонкавай палітыцы Злучаных Штатаў».

Санкцыі ў дачыненні да беларускіх уладаў былі ўведзеныя 16 чэрвеня 2006 году тагачасным прэзідэнтам ЗША Джорджам Бушам пасля прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі. З таго часу санкцыі штогод працягваюцца.

У «чорным спісе» ЗША знаходзяцца Аляксандр Лукашэнка, старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына, кіраўнік спраў прэзідэнта Віктар Шэйман, былы намеснік кіраўніка адміністрацыі прэзідэнта Наталля Пяткевіч і іншыя. Санкцыі прадугледжваюць блакаванне рахункаў названых асобаў у амерыканскіх банках, забарону ім на ўезд у ЗША, забарону амерыканскім кампаніям весці з імі справы.

 

ІІ, belsat.eu

Стужка навінаў