«Дом з цмокамі», драўляны шэдэўр старой Горадні, пад пагрозай зносу


Чарговыя два будынкі з гарадзенскага «скансэну», вядомага як Новы свет, маюць пайсці пад знос, калі знойдзецца інвестар ды выкупіць зямлю ў цэнтры горада, на якой яны стаяць. Згодна аб’яве на сайце гарвыканкама аўкцыён мае прайсці 28 траўня.

Краязнаўцы і гісторыкі з гораду над Нёмнам у чарговы раз б’юць у званы: дамы па вуліцы Міцкевіча 7 і 9, у самым сэрцы Новага Свету, могуць пайсці пад знос ужо сёлета. Драўляныя будынкі ўжо адселеныя, пры гэтым, не маюць ахоўнага статусу – афіцыйна не з’яўляюцца гісторыка-культурнымі каштоўнасцямі, таму паводле закону гэта ўсяго толькі «ветхія пабудовы».

Разам з тым, абодва дома, збудаваныя на пачатку ХХ ст., маюць шмат унікальнага разнога дэкору з мадэрнымі ды эклектычнымі элементамі, а да ўсяго іншага фармуюць кампазіцыю маляўнічай вуліцы Міцкевіча. Адзін з будынкаў праз выразаныя фігуркі нават атрымаў сярод гарадзенцаў імя: «Дом з цмокамі».

Дамы па вуліцы Міцкевіча. Фота – Васіль Малчанаў/Белсат
Унікальны дэкор з цмокамі. Фота – Васіль Малчанаў/Белсат

«Можа, старшыня гарвыканкаму і не ведае…»

На гэтай жа вуліцы, зусім побач, жыве блогер і краязнаўца Руслан Кулевіч, аўтар кнігі «Горад адзін, успаміны розныя», прысвечаную ўспамінам старажылаў пра Горадню 1930-40-х гадоў.

«Сюды я перасяліўся, каб давесці, што ў гэтых дамах можна жыць, – тлумачыць Кулевіч, – Было б жаданне. У Літве ў падобных будыначках робяць музеі, крамкі з сувенірамі, офісы – выкарыстаць можна заўжды. Гэта наша гісторыя! Падобных дамоў у горадзе засталося не так і шмат, таму трэба за іх змагацца, рабіць нешта. Тым больш, старшыня гарвыканкаму Мечыслаў Гой абяцаў нам захаваць дамы… Можа ён нават і не ведае пра выстаўленне дамоў на аўкцыён. Хай бы прыслухаўся да народу – гэта вельмі важна!»

Руслан Кулевіч, блогер і краязнаўца. Фота – Васіль Малчанаў/Белсат

Гістарычныя будынкі адселеныя, таму знайсці нават іх былых жыхароў нам не ўдалося. Уладальнікі кватэраў у падобных дамках побач глядзяць на справу скептычна, маўляў, досыць ужо тут хадзіла-перахадзіла журналістаў ды гісторыкаў з фотаапаратамі – нічога з гэтага не будзе. Калі ўлады вырашылі зносіць, то будуць зносіць.

Дамы па вуліцы Міцкевіча. Фота – Васіль Малчанаў/Белсат
Дамы па вуліцы Міцкевіча. Фота – Васіль Малчанаў/Белсат
Фота – Васіль Малчанаў/Белсат
Жыхары вуліцы Міцкевіча. Фота – Васіль Малчанаў/Белсат

«Нельга дапусціць! Трэба пісаць уладам»

Вяртаючыся да старшыні гарвыканкама Мечыслава Гоя, варта адзначыць, што чыноўнік паабяцаў «даць дамкам другі шанец» падчас асабістай размовы з гісторыкам Мечыславам Супронам і Русланам Кулевічам, якія былі ў яго на прыёме на пачатку красавіка.

«У пагоні за кароткатэрміновымі выгодамі мы губляем цэлы шэраг момантаў, – адзначае Супрон, – Гэта і турыстычны патэнцыял цэлага кварталу, і наша спадчына, якую мы маем пакінуць нашчадкам, і твар гораду, які не варта прадаваць каму-кольвек. Гэтага нельга дапусціць! Трэба пісаць уладам».

Дамы па вуліцы Міцкевіча. Фота – Васіль Малчанаў/Белсат

Абяцанні-абяцаннямі, але аўкцыён ужо прызначаны на канец траўня: на месцы будынкаў па ўмовах мае з’явіцца 2-3-павярховая пабудова грамадскага прызначэння (гатэль альбо офісны цэнтр). Таргі пачнуцца з сумы ў 24,3 тысячы рублёў. Пры гэтым, толькі на знос дабротна-збудаваных дамкоў, паводле спецыялістаў гарвыканкаму пойдзе каля… 467 тысячы рублёў.

АК, фота Васіль Малчанаў belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары