Дом і кот у Маскве, муж і беларускі пашпарт у Перу. Як вярнуцца дадому, калі жывеш на тры краіны


Ганна Казлова – даследчыца, папулярызатарка навукі. Жыве на тры краіны, але з-за беларускага грамадзянства не можа вярнуцца ў Маскву з падарожжа ў Перу і Балівію. Фота прадстаўлена гераіняй матэрыялу.

Даследчыца Ганна Казлова жыве на тры краіны – у Маскве, Кракаве і Менску. Але з-за пандэміі каронавірусу Ганна з мужам, літаратарам Аляксандрам Гаўрылавым, захраслі ў Перу. Эвакуявацца адтуль разам ні ў адну краіну яны не могуць. Праблема ў пашпартах. Аляксандр – грамадзянін Расіі, у Ганны – беларускі пашпарт. А Расея закрыла ўезд для ўсіх замежных грамадзянаў. Маша Макарава запісала маналог Ганны Казловай пра вымушаны каранцін ў перуанскім горадзе Куска, бюракратычныя праблемы і нечаканыя урокі.

Напачатку сакавіка мы з мужам паехалі ў падарожжа на два тыдні ў Перу і Балівію. Гэта была паездка, якую ладзілі нашыя прыяцелі. Ездзілі па славутых мясцінах. 17 сакавіка мы павінныя былі паляцець праз Мадрыд назад у Еўропу.

Шчыра кажучы, асаблівых засцярогаў не было. На самым пачатку паездкі было зразумела, што ў Еўропе ўжо адбываецца нешта не вельмі прыемнае, але ў Паўднёвай Амерыцы не было ўражання, што нешта можа адбыцца раптоўна. Недзе ў сярэдзіне паездкі стала зразумела, што кожны дзень узнікаюць нейкія новыя абставіны і зусім незразумела, што адбудзецца далей, але ў гэты момант мы вельмі няўдала апынуліся ў Балівіі наогул без сувязі.

Рынак у Куска да каранціну. Фота – Ганна Казлова

Там ёсць вялікая прастора, дзе не ловяць тэлефоны – саланчакі, пустыня, горны запаведнік Альтыплана. Перамяшчацца там можна толькі на машыне, гэта няблізкі шлях.

Паколькі я па адукацыі медык, пра каронавірус мы размаўлялі ўвесь час. Мы з мужам пачалі думаць, што, магчыма, на нейкі час нам прыйдзецца застацца ў Перу, таму што невядома, што будзе далей. І не выключана, што рэйсы раптам закрыюць і мы не паспеем вылецець.

У Маскву за шалёныя грошы?

Да моманту, калі мы дабраліся да сталіцы Балівіі Лапасу – гэта было 15 сакавіка – апынулася, што праз дзень Перу, Балівія і некаторыя іншыя краіны Паўднёвай Амерыкі цалкам перакрываюць паветранае злучэнне, і наш рэйс, якім мы павінныя былі ляцець у Мадрыд, ужо адменены.

А так Куска стаў выглядаць пасля аб’явы пра каранцін. Фота – Ганна Казлова

16 сакавіка раніцай мы прыляцелі ў Перу – у аэрапорт Лімы – і сталі спрабаваць зразумець, што нам рабіць далей. Частка нашых сяброў за шалёныя грошы паляцела назад у Маскву праз Штаты.

Гэта былі квіткі коштам у тысячы долараў! За гэтыя грошы можна месяц жыць у Перу. І мы ацанілі, колькі ў нас ёсць грошай, і вырашылі пасядзець у Перу і пачакаць.

Наша сітуацыя адрозніваецца ад сітуацыі большасці турыстаў, якія тут затрымаліся – мы меркавалі, што можам тут захраснуць, і не чакаем, што хтосьці кампенсуе нам непрадбачаныя выдаткі.

Як «схлопнулася» інтэграцыя

Адзіная наша праблема заключаецца ў тым, што ні адна дзяржава не гатовая эвакуіраваць нас разам у адну краіну. Расея закрыла ўезд ўсім неграмадзянам, і я не магу ўехаць у Маскву як грамадзянка Беларусі.

На фоне ўсіх размоваў пра інтэграцыю гэта выглядае асабліва смешна. У мяне ў Маскве кватэра, муж, котка, ноўтбук, а я не магу туды патрапіць.

У дадзеным выпадку мне ўсё роўна: сядзець у Беларусі без мужа і ноўтбука або ў Перу – без ноўтбука, але хаця б з мужам.

Аляксандр Гаўрылаў, муж Ганны, у Куска падчас каранціну. Фота – Ганна Казлова

Да нашай коткі Чыкі прыходзіць асістэнтка майго мужа і некалькі прыяцелек, якія па чарзе котку чухаюць і кормяць. Котка сумуе. Калі ўсё гэта зацягнецца, то хтосьці возьме яе да сябе.

«Сіньёр! Пор фавор, дапамажыце!»

У Перу няма консульства Беларусі – бліжэйшае знаходзіцца ў Аргентыне. Мы звязваліся з консульствам Расеі і з консульствам Беларусі. Яны ўвесь час на сувязі і вельмі мілыя.

Консульства Расеі кожны дзень дасылае майму мужу навіны, інфармацыю аб новых забаронах і абмежаваннях. Адразу ж яны даслалі паперу на іспанскай з просьбай аб садзейнічанні грамадзяніну Расеі, які захраснуў у Перу.

Фота – Ганна Казлова

Сёння наш беларускі консул таксама даслаў такі дакумент. Гэта нічога не гарантуе, але дае магчымасць паказаць гэты дакумент з тэлефона і папрасіць «Сіньёр! Пор фавор, дапамажыце!», калі што.

Пакуль ніхто не можа нічога абяцаць або гарантаваць. Няма яснай даты прылёту эвакуацыйнага рэйсу.

Апошні квіток у адзін канец

Уся гэтая гісторыя паказала мне, наколькі інтэрнэт, які заўсёды ў цябе пад рукой, – важны інструмент. Мы стаялі ў аэрапорце Лімы, дзе на вачах скончваліся квіткі, а чэргі ў касы складаліся з сотняў чалавек. Потым цалкам абвалілася сістэма продажу квіткоў.

Мы купілі апошнія квіткі на рэйс у перуанскі горад Куска на сайце. Пасля гэтага квіткі на сайце купіць было немагчыма, а прадстаўнікі авіякампаніі казалі, што ніякіх квіткоў няма, паляцець нельга. У выніку мы ляцелі напаўпустым самалётам.

Куска – горад на паўднёвым усходзе Перу, дзе Ганна засталася перачакаць каранцін, да эпідэміі выглядаў менавіта так. Фота – Ганна Казлова

Мы зараз жывем у горадзе Куска, ён на вышыні 3500 метраў. Жыллё мы арандавалі проста з аэрапорта Лімы – праз Airbnb.

«Затое мы разам»

Шчыра кажучы, я ў захапленні ад Перу! Гэта выдатная краіна. Я шмат займаюся фатаграфіяй – для мяне важна, каб вакол было прыгожа. Застацца ў краіне, дзе +20 і горы, або спрабаваць за тысячы долараў эвакуявацца ў краіну, у якой снег, холад… Выбар здаецца відавочным.

Так Куска стаў выглядаць пасля абвяшчэння каранціну. Фота – Ганна Казлова

Адзінае, што бянтэжыць, – у выпадку экстрэмальных абставінаў тут нічога не зразумела. Незразумела, што рабіць, калі захварэеш. Або калі раптам землятрус і адключаць электрычнасць.

У нас пазаўчора спачатку быў адчувальны штуршок, а потым ва ўсім доме адключылі электрычнасць. А паколькі тут каменданцкая гадзіна, да раніцы выклікаць электрыка немагчыма.

Такія непрадбачаныя сітуацыі вельмі трывожаць. Але паколькі адзіная наша альтэрнатыва – гэта эвакуявацца ў розныя краіны, то пакуль што нават землятрус і жыццё без электрычнасці падаюцца больш прыемнай перспектывай. Затое мы разам.

«Сухі закон» і паліцыянты з гугл-транслейтам

У Куска ўвялі даволі строгую каменданцкую гадзіну – ад 8 вечара і да 5-й раніцы нельга выходзіць на вуліцу. Ды і наагул выходзіць можна толькі па справе – у краму, у аптэку, да банкамату. А шпацыры не заахвочваюцца – каранцін. І паліцыянты не ўхваляюць, калі вы выходзіце кудысьці ўдваіх. Ідзеш па справе – ідзі адзін.

Рынак у Куска падчас каранціну. Фота – Ганна Казлова

Не вельмі зручна, што я не ведаю іспанскай на тым узроўні, на якім гэта было б камфортна. Але паліцыянты вельмі прыемныя, і – ледзь што – самыя карыстаюцца гугл-транслейтам.

У буйных крамах забаранілі продаж алкаголю (хоць у дробных яго па-ранейшаму можна купіць) – нават піва, хоць без праблем можна набыць 96% спірт. Прадукты аднаго віду не прадаюць больш за пяць штук на асобу.

У буйных крамах нельга прадаваць нават піва. Фота – Ганна Казлова

Але я не заўважыла, каб быў недахоп прадуктаў. Тут працуе рынак – вельмі вялікі. Прыходзіш і бачыш бясконцыя шэрагі, дзе прадаюць вельмі свежую гародніну і садавіну.

У доміку, які мы арандавалі, ляжыць 8 рулонаў туалетнай паперы. Усё добра.

Звычайнае вясковае жыццё

Як выглядае мой дзень зараз? Я прачынаюся ў пяць-палову на шостую раніцы. Тут рана віднее. У нас маленькі сімпатычны домік з кухняй і спальняй. Ежу мы гатуем сабе самі. Прачнуўшыся, я снедаю, гляджу абнаўленні ў групах у телеграме і вотсапе, створаныя для турыстаў, якія захраслі ў Перу. Пішу бацькам, што ў мяне ўсё добра, чытаю пошту. А пасля да абеду сяджу і вучу іспанскую і працую з тэлефона. Разбіраю фатаграфіі, якія адздымала падчас паездкі.

Краявід з акна дома, дзе спыніліся Ганна з мужам. Фота – Ганна Казлова

Мы шмат чытаем. Зараз я чытаю Ханью Янагіхару, выйшаў цудоўны пераклад яе рамана «Людзі сярод дрэваў». Гэта гісторыя пра маленькае загубленае племя на Мікранезійскіх выспах, якое займела няўмірушчасьць за кошт таго, што ўсе, хто становіцца несьмяротным, неадкладна зарабляе дэменцыю.

Несьмяротныя дэментныя людзі ў джунглях… Седзячы у ​​каранціне ў паўднёваамерыканскіх джунглях, чытаецца даволі цікава.

У нас ёсць суседзі, з якімі можна пагутарыць – тут захраслі дзве пары са Штатаў і адна з Нямеччыны. Мы абменьваемся навінамі, куды лепш не хадзіць, дзе сёння стаяць паліцыянты, дзе купіць свежую рыбу. Нармальнае вясковае жыццё.

«Звычайна я не гатую тры разы на дзень…»

Шмат часу сыходзіць на тое, каб прыдумаць, што прыгатаваць, і зрабіць гэта. У звычайным жыцці я не гатую ежу тры разы на дзень. Я нават расчахліла тэматычны інстаграм, у які вешаю фатаграфіі з ежай.

Гатоваць тут прыемна – у Куска вельмі добрыя свежыя прадукты, вельмі смачныя мяса і рыба, шмат гародніны і садавіны.

Спускаешся ўніз і вось лаўка зяленіўшчыка, дзе можна купіць усё – ад маракуі да ананасаў і мандарынаў.

Мы назапасіліся, як усе турысты, кансервамі з тунца і пастаю. Мы з мужам абое любім гатаваць, таму для нас гэта ўсё ў задавальненне.

Рынак у Куска д акаранціну. Фота – Ганна Казлова

ТеdX Менск з Перу

Першы тыдзень на каранціне я дала сабе адпачыць. Але цяпер трэба будзе брацца за працу. У маім выпадку «працаваць» – гэта азначае «займацца навуковай працай». Я толькі пачала новую навуковую тэму.

Гэта праект, выбудаваны на біяінфарматыцы, для якога шмат чаго трэба аблічваць анлайн. Усе мае адукацыйныя праекты адмяніліся з-за каронавіруса, і па іх нічога ня трэба рабіць.

Акрамя таго, я арганізатар TedX ў Беларусі, і ў мяне шмат дыстанцыйнай працы – трэба даваць заданні камандзе, падтрымліваць сацсетку нашага праекта, клікаць спікераў. Раблю ўсё, што можна рабіць з дапамогай гаджэтаў.

«Калі б я ведала, што гэта так скончыцца…»

Афіцыйна каранцін павінен доўжыцца да 31 сакавіка. З гэтага дня тэарэтычна павінна адкрыцца злучэнне ўнутры краіны. Ці будзе гэта так або каранцін падоўжаць яшчэ на два тыдні – незразумела.

Калі мы паляцім, залежыць ад таго, ці наладзіцца злучэнне ўнутры краіны, ці наладзіцца злучэнне паміж Амерыкай і Еўропай, ці не падоўжыць Расія забарону на ўезд замежным грамадзянам. Раз’язджацца па розных краінах нам не хочацца.

Антысептыкі ў краме ў Куска. Фота – Ганна Казлова

Калі б я дакладна ведала, што гэта ўсё так скончыцца, то я б паездку адклала, вядома. Гэта моцна парушыла нашыя планы – у нас ёсць справы ў Маскве, у Польшчы.

«Як эвакуявацца, калі няма транспарту ў Ліму?»

Эвакуацыя, вядома, будзе праходзіць з Лімы. Туды трэба будзе дабрацца з дробных гарадоў. Гэта асобная праблема, таму што цяпер усе злучэнні ўнутры краіны цалкам перакрытыя – ні прыватны, ні дзяржаўны транспарт не мае права нікога нікуды перавозіць.

Учора раніцай 20-30 турыстаў з Куска хацелі, наняўшы аўтобус, дабрацца да Лімы. Ёсць пастанова ўрада Перу, паводле якой паліцыя тэарэтычна павінна дапамагаць турыстам у перамяшчэнні ў Ліму для эвакуацыі. Але ім адмовіў у апошні момант транспартны перавозчык – палічыў, што паліцыя іх усё роўна спыніць па дарозе. То бок атрымліваецца, што людзі зараз заблакаваныя ў тых гарадах, дзе знаходзяцца.

24 гадзіны ў содні разам з партнёрам – цяжка?

Якім рэчам я навучылася за гэты час? Я зразумела, што вельмі моцна залежу ад наяўнасці ўласнага ноўтбука, таму што гэта частка маёй асабістай прасторы.

Куска да каранціну. Фота – Ганна Казлова

З іншага боку, я думаю пра людзей, якія цяпер сядзяць на каранціне і не прывыклі 24 гадзіны на содні знаходзіцца ў замкнёнай прасторы са сваім партнёрам. Мне вельмі пашанцавала – у нас з мужам вельмі добрыя і блізкія стасункі, але ж ёсць людзі, жыццё якіх гадамі было пабудавана іначай. Ім цяпер, напэўна, вельмі цяжка. І я ім спачуваю.

Я бачу дзясяткі пастоў маіх сябровак, якія нарадзілі немаўлятаў.

І яны ўсе пераможна хіхікаюць і пішуць, што вось зараз усе зразумеюць, што такое дэкрэтны адпачынак. І гэта мяне цешыць.

Мне здаецца, гэта карысны для чалавецтва вопыт. Гэта часта выносіцца ў зону непрамаўляльнага, таго, пра што рэдка ўсур’ёз задумваюцца, але гэта важная частка жыцця. Большасць жанчын праходзіць праз дэкрэт, а ніхто не разумее, што гэта такое. Можа, цяпер зразумеюць, і нешта зменіцца.

Запісала Маша Макарава/НЯ, belsat.eu

Стужка навінаў