Долары, еўры ці рублі? Як захаваць і павялічыць свае ашчаджэнні ў Беларусі


Беларусы ўсё больш давяраюць нацыянальнай валюце для захоўвання сваіх сабраных грошай. На меркаванне экспертаў, гэта вынік разумнай палітыкі Нацыянальнага банку і ўраду. Аднак расейскі цёзка беларускага рубля можа зрабіць нам непрыемную неспадзяванку налета.

На 1 лістапада 2018 года дэпазіты фізічных асобаў у нацыянальнай валюце склалі прыкладна 6,12 мільярдаў рублёў – аб’ём такіх дэпазітаў вырас за 12 месяцаў на 20,8 %. У той жа час дэпазіты фізічных асобаў у замежных валютах скараціліся за год на 3,7 % да $7,01 мільярда. Пра гэта сведчыць апошняя статыстыка Нацыянальнага Банку Рэспублікі Беларусь.

Рублёвы дэпазіт выгадней нават з улікам падзення рубля

Галоўнымі спосабамі захавання і павелічэння сваіх ашчаджэнняў у Беларусі па-ранейшаму застаюцца дэпазіты ў банку і добрае старое «захоўваю грошы ў слоіку», яно ж – «пад падушкай». І наўрад ці хутка гэтая сітуацыі памяняецца. Але ці настолькі прывабныя рублёвыя дэпазіты для насельніцтва?

«Стаўкі па рублёвых дэпазітах вышэй за інфляцыю, зараз гэта да 12,5 %, а інфляцыя ў нас 5 % з невялікім. То бок ёсць рэальны прыбытак, калі пакласці грошы на рублёвы дэпазіт. Другі момант – рублёвыя дэпазіты трохі выгадней за валютныя дэпазіты нават з улікам падзення курсу рубля», – распавёў Belsat.eu старэйшы аналітык фінансавай кампаніі «Альпары» Вадзім Іосуб.

Набываеш аблігацыю – рызыкуеш

«У нас палажэнне ў сферы ашчаджэнняў і спосабаў інвеставаць асабліва не мяняецца. Дынаміка вельмі марудная. Трохі развіваюцца іншыя спосабы інвеставання – найперш, гэта аблігацыі. Як дзяржаўныя, гэтак і карпаратыўныя. Але абʼёмы тут на парадкі меней, чым у дэпазітах», – кажа эксперт.

Пры гэтым даходнасць па аблігацыям больш высокая, чым у дэпазітаў. Але варта ўлічваць, што аблігацыі – інструмент рызыкоўны.

«Па дэпазітах у нас ёсць гарантыя ад дзяржавы вяртання ўсёй сумы. А па аблігацыям, асабліва недзяржаўным, ніхто такіх гарантый не дае. Плата за даходнасць – рызыка», – адзначае аналітык.

Стаўкі па рублёвых дэпазітах вышэй за інфляцыю

Таксама варта ўлічваць, што, каб набыць аблігацыі, трэба звяртацца да прафесійных удзельнікаў фондавага рынку – у банкі і фінансавыя кампаніі. З «папяровага» пункту гледжання працэс тут некалькі больш складаны, чым адчыненне дэпазіту.

Таксама ў Беларусі існуе такі спосаб інвеставання сродкаў фізічных асобаў як банкаўскае давяральнае кіраванне. Гэта калі банк можа інвеставаць сродкі кліента адразу ў розныя фінансавыя інструменты (акцыі, аблігацыі, золата і г.д.)

«Але тут звычайна ад пачатку патрэбная даволі вялікая сума. Пры гэтым сярод банкаў за такіх кліентаў нізкая канкурэнцыя – таму з кліентаў бяруць даволі высокія камісійныя», – адзначае аналітык.

«Пацыент хутчэй мёртвы, чым жывы»

Калі вы жадаеце стаць беларускім Ўорэнам Бафэтам, варта ведаць, што ў нашай краіне рынак акцый існуе толькі тэарэтычна.

«Фактычна беларускі рынак акцый мёртвы, а гандлююць на ім своеасаблівыя энтузіясты. Прасцей лічыць, што яго няма», – рэжа праўду-матку суразмоўца.

Каб фінансавы рынак Беларусі нармальна развіваўся, а беларусы мелі поўны спектр магчымасцяў ашчаджаць і выкарыстоўваць для інвестыцый свае грошы, патрэбныя рынкавыя рэформы, простыя і роўныя для ўсіх правілы вядзення бізнесу.

«Пакуль няма незалежнага суду і абароны прыватнай уласнасці, фінансавы рынак развівацца не будзе», – адзначае Вадзім Іосуб.

Пры гэтым, па ягоных словах, «пад падушкамі» у беларусаў ляжыць прыкладна столькі ж, колькі ў банках – ад 5 да 10 мільярдаў долараў. І рэформы маглі б дазволіць выкарыстаць гэтыя грошы для развіцця нацыянальнай эканомікі.

Беларусы перад абменнікам у Менску ў 2015 годзе, у перыяд падзення курса расейскага рубля

Дык у чым захоўваць? «Толькі не ў расейскім рублі!»

Па меркаванні фінансавага аналітыка, кампанія «усім па $500» не будзе мець такіх жа сумных наступстваў для беларускага рубля ў 2019 годзе, як аналагічная ў 2011-м, калі раздача грошаў перад прэзідэнцкімі выбарамі прывяла праз некалькі месяцаў да маштабнага падзення курсу.

Hавiны
Круты прагноз. Налета абяцаюць заробак 1000 рублёў
2018.10.30 16:38

«Пакуль мы маем мінімальную інфляцыю з 1991 года. Цалкам магчыма, калі не будзе зроблена зусім дурных глупстваў, то ў гэтым годзе інфляцыя не будзе вышэй за 6%, а ў наступным – 5,5%. У рэальнасці лозунгі «па 500» ёсць, але на самой справе робіцца ўсё даволі акуратна», – кажа Іосуб.

Больш верагодна, што бяда можа прыйсці як раз звонку – у сувязі з тым, што Беларусь надта залежыць ад таго, колькі тавараў яна прадае Расеі. Існуюць вялікія рызыкі падзення расейскага рубля з-за санкцый ці зніжэння коштаў на нафту, пагаршэнне сітуацыі ў Расеі скараціць даходы Беларусі, і можа прымусіць і беларускі рубель пайсці ўніз.

Таму эксперт рэкамендуе захоўваць палову ашчаджэнняў у беларускіх рублях, палову – у доларах.

«Можна падумаць і пра еўра, але толькі не расейскі рубель», – кажа Вадзім Іосуб.

Hавiны
Эксперты распавялі, што будзе з курсам долара да канца года
2018.11.28 14:59

Аляксандр Гелагаеў, Belsat.eu

Стужка навінаў