«Добры сябар для Беларусі». Лукашэнка віншуе прэзідэнта ААЭ


«ААЭ – добры сябар і надзейны партнёр Беларусі», гаворыцца ў тэлеграме да Халіфы бен Заіда аль-Нахаяны.

Аляксандр Лукашэнка ад імя беларускага народа і сябе асабіста павіншаваў Прэзідэнта і народ ААЭ з нацыянальным святам – Днём стварэння федэрацыі.

У XIX-м стагоддзі ў выніку падзелу брытанцамі Аману паўсталі імамат Аман, султанат Маскат і княства «Пірацкі бераг». З 1953 года гэтыя княствы агульна называліся «Дамоўным Аманам». 2 снежня 1971 года шэсць з сямі эміратаў «Дамоўнага Аману» абвесцілі аб стварэнні федэрацыі пад назвай Аб’яднаныя Арабскія Эміраты. У 1972-м да іх далучыўся сёмы эмірат – Рос-эль-Хайма.

У лісце да прэзідэнта ААЭ Аляксандр Лукашэнка спадзяецца, што супольнымі намаганнямі ўдасца падняць беларуска-эмірацкія адносіны на яшчэ больш высокі ўзровень.

«ААЭ з’яўляюцца для Беларусі добрым сябрам і надзейным партнёрам у рэгіёне Блізкага Ўсходу, – адзначыў Кіраўнік дзяржавы. – Мы цэнім дасягнуты ўзровень развіцця супрацы з вашай краінай у палітычнай, гандлёва-эканамічнай, гуманітарнай і іншых галінах. Мы таксама імкнемся да далейшага пашырэння дыялогу праз адкрыццё новых перспектыўных напрамкаў узаемадзеяння», – гаворыцца ў пасланні.

Прэзідэнт Беларусі таксама накіраваў віншавальныя тэлеграмы наследнаму прынцу Абу-Дабі, намесніку галоўнакамандуючага шэйху Мухамеду бен Заіду аль-Нахаяну і кіраўніку Дубаю шэйху Мухамеду бен Рашыду аль-Мактуму.

Роўна месяц таму Лукашэнка наведаў ААЭ з рабочым візітам.

Сёння Лукашэнка даслаў яшчэ адну тэлеграму – прэзідэнту Лаосу Бунянгу Ворачыце з віншаваннямі з нагоды Дня абвяшчэння Рэспублікі.

ДД

Стужка навінаў