«Добры партызан – гэта жывы партызан». Уладальнікі ювелірнай майстэрні з’ехалі, каб не трапіць за краты


Берасцейскія бізнесоўцы і грамадскія актывісты Наталля Клімовіч і Уладзіслаў Абрамовічаў кінулі свой «залаты» бізнес і, засцерагаючыся ад крымінальнага пераследу, з’ехалі з краіны.

Наталля і Уладзіслаў у той самай вопратцы, што раз’юшыла міліцыянтаў.
Фота: belsat.eu

Гісторыя берасцейцаў Наталлі Клімовіч і Уладзіслава Абрамовіча стала вядомаю далёка за межамі гораду адразу пасля выбараў. Наталлю і Уладзіслава затрымалі на працоўным месцы ў ювелірнай майстэрні, бо міліцыянтам не спадабаўся колер іхнага адзення. Наталля двое содняў заставалася ў СІЗА, потым яе судзілі. А да таго нашыя героі больш за два гады змагаліся супраць акумулятарнага заводу, пабудаванага недалёка ад Берасця. Уладзіслаў у 2019 годзе за гэты пратэст нават адбыў содні.

26 кастрычніка Наталля і Уладзіслаў падтрымалі агульнанацыянальны страйк. У выніку былі вымушаныя бегчы з краіны, бо ім пагражалі крымінальнаю справай быццам бы за няплату падаткаў. Часова яны ўладкаваліся ў Беластоку.

– Мы не збіраліся пакідаць Беларусь, – кажа Наталля. – Але ўзгадалі прымаўку: добры партызан – гэта жывы партызан, – і, каб не трапіць за краты, як шмат хто, пастанавілі з’ехаць. Безумоўна, мы вернемся, вось толькі калі – невядома. Марым, што вельмі хутка. Чакаем, калі зменяцца ўлады і Беларусь станецца вольнаю, тады збяром рэчы і вернемся на радзіму.

У чорным спісе

Майстэрня, дзе Наталля працавала разам са сваім мужам і партнёрам Уладзіславам, называлася «Залаты Майстар». Як згадваецца вышэй, 26 кастрычніка яны падтрымалі забастоўку ў краіне: закрылі бізнес на тры дні. А 29 кастрычніка зноў пачалі працаваць, бо колькасць прадпрыемстваў, што далучыліся да страйку, не павялічвалася. Усе, хто ў той дзень не працаваў у Берасці на знак пратэсту, трапілі ў чорны спіс уладаў.

Уладзіслаў і Наталля ў Беларусі.
Фота: belsat.eu

– Першым жа днём працы на нас наляцела з правяраннем МНС. 2 лістапада мы атрымалі ад іх наказ зачыніцца да ліквідацыі недахопаў. А ў другой палове таго самага дня ў нас у «гасцях» былі ўжо прадстаўнікі УДФР. Нам паведамілі, што мы ўхіляемся ад выплаты падаткаў у буйным памеры. Яны арыштавалі кампʼютарную тэхніку на працы, забралі некалькі працоўных нататнікаў, паехалі да нас дадому, арыштавалі там кампʼютар і ноўтбук, забралі мабільны тэлефон, – распавядае Уладзіслаў.

Акрамя таго, што забралі тэхніку, апячаталі ўсе каштоўныя металы, якія былі ў майстэрні, арыштавалі рахункі. Фактычна, працу майстэрні цалкам заблакавалі.

– Пачатак правярання па факце няплаты падаткаў у асабліва буйных памерах для нашага маленькага прадпрыемства – гэта поўны абсурд. Пры нашым прыбытку гэта раўназначна таму, каб два апошнія гады мы наагул не плацілі ніякіх падаткаў. Відавочна, што такога не магло быць у прынцыпе, – кажа Уладзіслаў.

Не той колер кашулі

Пераследаваць гэтую пару пачалі яшчэ 11 жніўня. У той дзень Наталля была ў сукенцы колераў нацыянальнага сцяга, а Уладзіслаў – у падобных колераў кашулі. У такім адзенні яны працавалі ў сваёй майстэрні ў цэнтры гораду да тога моманту, пакуль да іх на працу не прыйшла міліцыя. У выніку Уладзіслаў апынуўся ў склепе Дому правасуддзя, дзе правёў содні, а Наталля на двое содняў патрапіла ў СІЗА.

Уладзіслаў Абрамовіч сярод праціўнікаў акумулятарнага заводу на мітынгу Святланы Ціханоўскай у Берасці.
Фота: belsat.eu

– Аказалася, можна не браць удзелу ў акцыях пратэсту. Дастаткова, каб да вас на працу зайшоў міліцыянт, які вызначыў, што колер тваёй сукенкі або кашулі не адпавядае ідэалогіі дзяржавы. А калі ты задаеш занадта разумныя пытанні, табе адказваюць – «ідзеш з намі ў РАУС, там з табой разбяруцца», – кажа Уладзіслаў.

Выйшаўшы на свабоду, спадар Абрамовіч намерыўся шукаць справядлівасці, але выявілася, што ў сучаснай Беларусі гэта немагчыма.

– Пасля выхаду з засценкаў Дому правасуддзя я, абсалютна ўпэўнены ў сваёй праўдзе, спрабаваў дамагчыся адмены пракурорскага папярэджання, спынення адміністратыўнага працэсу, але сістэма не давала збою. Яна працавала як млын, што перамеле кожнага, хто ў яго трапіў: усё роўна – ці ты нічога не рабіў, ці рабіў нешта – усё роўна будзеш пакараны, проста камусьці дастанецца больш, а камусьці – менш. Часта гэта развязвалася абсалютна выпадковым чынам. На ўсе мае скаргі ды заявы я атрымліваў фармальныя адказы, формаю яны адпавядалі закону, а паводле сутнасці былі здзекам з асаблівым цынізмам, – абураецца Уладзіслаў.

Апошняй кропляй для сям’і Абрамовіча сталася пагроза крымінальнай справаю, і яна была вельмі рэальнай, таму Уладзіслаў з Наталляй тэрмінова зʼехалі ў Польшчу.

Гісторыі
«Зразумеў, што жыцця не будзе, забраў сям’ю і з’ехаў у Нямеччыну». Уладальнік БЧБ-кебабнай пакінуў Ваўкавыск
2020.11.22 11:14

– Вымушана ўцяклі з радзімы, прыехалі ў чужую краіну, і ў нас адбыўся дысананс у галовах: мы тут чужыя людзі, але нам далі жытло і тройчы на дзень прывозілі гарачае харчаванне, якое за дзесяць дзён ні разу не паўтарылася. Таму каранцін мы правялі добра, у цёплай атмасферы, вакол нас былі такія самыя вымушаныя мігранты, як і мы, – распавядае Наталля.

Адчулі салідарнасць

Наталля і Уладзіслаў пабачылі, што кожны дзень беларусы бягуць ад крымінальнай адказнасці, актыўныя беларусы ўцякаюць з краіны. Што з гэтага атрымаецца, Наталля не ведае. Але яна ўпэўненая, што галоўны ключ да перамогі над дыктатурай сёння – агульнанацыянальная забастоўка.

– Пасля выбараў мы адчулі сапраўдную салідарнасць, асабліва пасля ўсіх гэтых зверстваў у жніўні адчувалася каласальнае абʼяднанне людзей. 16 жніўня на шэсце ў Берасці выйшла 30 тысяч чалавек, гэта была такая вера ў перамогу… Але цяпер трэба адным прыгожым ранкам усёй краінай не выйсці на працу, не выйсці і на наступны дзень, і не выходзіць да таго часу, пакуль не абрынецца гэтая дыктатура. Тады мы не будзем больш траціць маладых, поўных жыццёвых сіл людзей, – падсумоўвае размову Наталля Клімовіч.

АС, Belsat.eu

Стужка навінаў