Добры чалавек, вельмі любіў дачку. Што сябры кажуць пра загінулага Мікіту Крыўцова

Мікіта Крыўцоў быў апошнім зніклым без звестак пасля масавых затрыманняў 9-13 жніўня. Ягонае цела знайшлі ў лесапаласе ў Менску павешаным. Зараз асноўная версія следства – суіцыд. Але знаёмыя не вераць у гэта. Кажуць, што Мікіта быў вельмі добрым чалавекам, які моцна любіў сваю сям’ю.

Мікіту Крыўцова знайшлі забітым у лесе. Фота з сацсетак.

Добры бацька, сябра і проста чалавек

Адна са знаёмых Мікіты Крыўцова, з якой атрымалася паразмаўляць карэспандэнтам «Белсату», вельмі цёпла адгукаецца пра мужчыну:

«Усё што хачу сказаць, то гэта тое, што ён быў добрым бацькам, сябрам і проста чалавекам».

Іншы знаёмы Мікіты, Максім, кажа, што той быў цудоўным сем’янінам. Яны пазнаёміліся на футболе, на гульне Беларусь – Украіна. Раптам сталі добрымі сябрамі.

«Мікіта вельмі моцна любіў сваю дачку. Пры сустрэчы, заўсёды першым пытаннем было: »Як сын, сямʼя«. Ворагаў у яго дакладна не было. Наконт таго, ці планаваў ён удзельнічаць у акцыях пратэсту… То адказваў, што зараз у яго ёсць сямʼя і ён баяўся іх згубіць. Быў вельмі добры і адкрыты хлопец. Заўсёды прыйдзе на дапамогу. Першы, хто прапанаваў дапамогу, калі ў мяне скралі грошы з карткі», – кажа Максім.

Аляксандр, сябра дзяцінства і аднакласнік Мікіты кажа, што любоў да футболу ў яго была з дзяцінства.

«Яшчэ ў школьныя гады хадзілі на футбол, падтрымлівалі любімую каманду, за якую заўзелі разам. Рэдка сустракаліся, але перыядычна стэлефаноўваліся. Летась мы бачыліся, і ён падарыў майму сыну футбольны шалік. Гэта быў вельмі добры чалавек», – згадвае ён загінулага.

Імавернага ўдзельніка пратэстаў 12 жніўня знайшлі павешаным

Абставіны смерці яму невядомыя.

«Як было на самой справе, пакуль ніхто не ведае. Акрамя тых, хто гэта зрабіў», – падкрэслівае мужчына.

«Мікіта быў вясёлым, добрым. Заўсёды мог падтрымаць. За ўвесь час нашага сяброўства мы аніколі не сварыліся. Заўсёды памятаю яго з усмешкаю на твары», – такім яго запомніла сяброўка з дзяцінства Людміла.

Мікіта Крыўцоў разам з дачкою. Фота з сацсетак

Смерць не мае крымінальны характар

Следчы камітэт пракаментаваў смерць Мікіты Крыўцова ў сваім Telegram-канале. Паводле папярэдніх звестак, ягоная смерць не носіць крымінальны характар, бачных цялесных пашкоджанняў на целе не выяўлена. Па гэтым факце праводзіцца праверка, для ўстанаўлення дакладнай прычыны смерці прызначана судова-медыцынская экспертыза, вытворчасць якой даручана спецыялістам ГКСЭ.

«Ўказаны малады чалавек лічыўся без звестак зніклым ад 12 жніўня бягучага года. Са слоў жонкі, незадоўга да таго, што адбылося яны прынялі рашэнне аб разводзе. Варта адзначыць, што малады чалавек не прыцягваўся да адміністрацыйнай адказнасці за ўдзел у несанкцыянаваных масавых мерапрыемствах і не затрымліваўся па гэтаму поваду», — гаворыцца ў афіцыйнай заяве.

Тое, што Мікіта з жонкаю планавалі развесціся, падцверджвае сябра загінулага Аляксандр. Але ў версію з суіцыдам ён дакладна не верыць.

Смерць Мікіты Крыўцова. Што вядома?

Мужчыну знайшлі ў 1,7 км ад ягонага дому. У апошні раз ягоны нумар тэлефону быў зафіксаваны ў РНПЦ Неўралогіі і нейрахірургіі ў Менску, што недалёка ад таго месца, дзе 22 жніўня знайшлі цела Мікіты Крыўцова, паведаміла жонка загінулага.

Ён лічыўся зніклым ад 12 жніўня. Толькі праз 10 дзён ягонай жонцы патэлефанавалі і паведамілі, што мужчыну знайшлі павешаным.

Яна не ведала, ці браў ейны муж удзел у мітынгах. Але сёння, 23 жніўня, у сеціве зʼявілася відэа, дзе Мікіта Крыўцоў з нацыянальным сцягам стаіць вочы ў вочы з міліцыяй на паслявыбарчым пратэсце ў Маладзечне. Гэта даказвае, што ён браў удзел у пратэстах.

Ксенія Тарасевіч, belsat.eu

Hавiны