Добрая ў сяброўстве і ў секс-бізнесе. Што вядома пра гарадзенскую «правакатарку» Алену К.


Гэтая бялявая жанчына сярэдніх гадоў стала вядомаю пасля пікету за Святлану Ціханоўскую ў Горадні 29 траўня. Яна настойліва задавала пытанні блогеру Сяргею Ціханоўскаму, з чаго пачалася правакацыйная сітуацыя з цісканінаю і міліцыяй і арышт блогера. Кім Алена К. была да гэтай гісторыі і што рабіла на пікеце? «Белсат» пагаварыў з людзьмі, якія добра ведаюць жанчыну.

«Цікавы чалавек»

Імя ўдзельніцы пікету ў Горадні Алены К. стала вядомае інтэрнаўтам літаральна праз пару гадзін. Інтэрнэт-карыстальнікі знайшлі ейныя акаўнты ў сацыяльных сетках, адрас, тэлефон. Найбольш пікантным фактам з ейнай гісторыі жыцця падаецца, што жанчына доўгі час аказвала секс-паслугі.

Алена К., фота з Telegram-каналу NEXTA

Алена нарадзілася ў Бабруйску, аднак некалькі гадоў таму пераехала ў Менск. У Бабруйску ў яе засталася матуля і дачка, якіх яна зусім нядаўна забрала разам з сабою. Суседзі па бабруйскай кватэры прыгадваюць, што яна калісьці мела сур’ёзныя праблемы з наркотыкамі і нават сядзела ў калоніі.

Адна з суразмоўцаў «Белсату», Хрысціна (імя змененае на ейную просьбу) разам сядзела з Аленай К. у калоніі. Яна апісвае тую як добрага чалавека і кажа, што жанчыны падтрымлівалі сувязь і пасля вызвалення.

«Яна той сябра, які і мусіць быць. Заўсёды за цябе, не залежна, маеш ты рацыю ці не. Але і вораг яна такі самы. Калі яе падманвалі, то магла і «па шчах надаваць. Калі я трапляла ў шпіталь, яна адгукалася на першы заклік аб дапамозе. І гэта мы не лепшымі сяброўкамі былі, а проста знаёмымі. Любіла пажартаваць… Цікавы чалавек!», – прыгадвае жанчына.

У доказ сваіх словаў Хрысціна кажа, што лепшую сяброўку, якая працягвала актыўна «спажываць», Алена выцягвала як магла: пазычала ёй грошы і падтрымлівала ўсімі магчымымі спосабамі. Але ў выніку сяброўка памерла ад перадазіроўкі.

Дом у Менску, у якім жыве Алена.
Фота: Ірына Арахоўская / Belsat.eu

Алена была ў «жорсткім» спажыванні да 2007 года. Кінуць наркатычныя рэчывы ёй дапамагло нараджэнне дачкі. Хрысціна кажа, што гэта вялікая рэдкасць – наркаспажывец, які выйшаў у рэмісію дзякуючы дзецям.

«Яна вельмі дбала аб сваёй дачцэ і матулі. Пакуль тыя жылі ў Бабруйску, вельмі шмат дапамагала ім грашыма. Яе мама нават магла і не працаваць. А ў 2019 годзе перавезла ў Менск маму і дачку», – кажа Хрысціна.

Мела шмат сувязяў сярод міліцыянтаў

Іншая суразмоўца «Белсату» Святлана (імя змененае на просьбу гераіні) знаёмая з Аленай К. з 2000 года. Уражанне пра яе мае таксама добрае. Кажа, што праз секс-бізнес у яе былі вялікія сувязі:

«Сярод ейных кліентаў было шмат міліцыянтаў – яны ж таксама актыўна карыстаюцца секс-паслугамі».

Святлана таксама пагаджаецца з меркаваннем, што лепеш такога ворага нікому не мець.

Алена К., фота з Telegram-каналу NEXTA

«Алену шмат хто не любіў: праз прынцыповасць і лідарскія якасці. Сябровак у яе было вельмі мала. І сярод спажыўцоў, і сярод секс-працаўніц. Адштурхоўвалі і ейныя сувязі з міліцыяй. Але не памятаю, каб Алена кагосьці «здавала», – сцвярджае Святлана.

Дом у Менску, у якім жыве Алена.
Фота: Ірына Арахоўская / Belsat.eu

Але канфлікты часта здараліся. Асабліва на працы.

«Алена любіла выпіць, і пад алкаголем магла нават падрацца. Ёй было ўсё роўна з кім. Быў выпадак, што на ейнае месца прыйшла іншая дзяўчына. І з той быў хлопец. Яны пачалі біцца і той яе ажно прасіў, каб Алена спынілася», – прыгадвае Святлана.

Мела жорсткі нораў

З-за свайго жорсткага нораву Алена і патрапіла ў турму ў 2002 годзе. Алена тады была на прымусовым лекаванні ў «Навінках». Жанчыне было кепска, і яна пад лекамі даволі гучна казала, як адной з суседак па палаце мама мусіла прывезці гераін. Медсёстры гэта пачулі і не аддалі перадачу.

Але Алена і кампанія ўжо наладзіліся на «іголкаўколванне», таму яны пабілі і звязалі медсясцёр, адкрылі працэдурны кабінет, дзе захоўваліся наркатычныя прэпараты. Там яны правялі доўгія гадзіны, абколваючыся ўсім, што толькі трапляла пад руку. Асудзілі Алену паводле некалькіх артыкулаў: і за наркотыкі, і разбой. У выніку яна патрапіла ў турму на 5 гадоў.

Гэта была не адзіная ейная судзімасць. У 2011 годзе яна ізноў сядзела ў калоніі, але ўжо ў Расеі, куды завозіла наркотыкі свайму тагачаснаму хлопцу.

«Секс-працаўніца ад прыроды»

Згадваючы пра працу Алены К. у секс-бізнесе, Святлана апісвае яе як «секс-працаўніцу ад прыроды». Тая была вельмі разняволенай жанчынай і не звяртала ўвагу на меркаванне асяроддзя.

«Вось памятаеце, калі яе здымалі на пікеце, то яна паказвала там свой зад. Для яе гэта норма. Добра, што штаны не зняла або голая не прыйшла», – усміхаецца Святлана.

Алена К. працавала ў секс-бізнесе, фота: Telegram-канал NEXTA

Менавіта гэткая лёгкасць і прыцягвала да Алены мужчын. Ейныя знаёмыя згадваюць, што ў пачатку 2000-ых яна выглядала не вельмі прывабна. Але нават тады не было адбою ад мужчын. Хрысціна кажа, што нават у калоніі ў яе былі раманы.

«Яна была такая страшная: рудая, бяззубая, але вельмі яскравая, без комплексаў. Любіла танчыць – адтуль мянушка «ламбада». Гэта вельмі прываблівала мужчын. Ужо ў секс-бізнесе, нават калі яе кліенты браць не хацелі, яна магла іх жэстамі спакусіць. І зараз у яе былі сталыя кліенты, нягледзячы на ўзрост».

У апошнія часы яна актыўна сачыла за сабою: нарошчвала валоссе, уставіла зубы, рабіла ін’екцыі. Фінансавае становішча таксама паляпшалася: здымныя кватэры станавіліся ўсё лепей і лепей.

Чаму яна пайшла на пікет

У версію аб міліцэйскім ціску знаёмыя жанчыны не вераць. Кажуць, што ў яе хапала сувязяў сярод людзей з пагонамі, каб улагодзіць любое пытанне.

«Мне падаецца, яна пайшла на гэта толькі з-за грошай. Яна вельмі моцна іх любіць, прывыкла жыць у дастатку. У яе бывалі такія выпадкі, калі яна займалася сексам з рознымі падпалкоўнікамі, каб вырашыць свае нейкія справы. Так што справа тут не ў ціску», – сцвярджае Святлана.

Алена К. з гадамі больш сачыла за сабой, фота з Telegram-каналу NEXTA

Хрысціна таксама мяркуе, што пайсці на пікет Алену заахвоцілі грашыма.

«Мы з ёй незадоўга да гэтага выпадку размаўлялі, дык яна мне сказала, што ні аб чым не шкадуе. Адзінае, што на кватэру не паашчаджала. Магчыма, ёй гэтую кватэру і паабяцалі наўзамен».

Абноўлена
У Горадні затрымалі Сяргея Ціханоўскага. Людзі прыйшлі да міліцыі. ВІДЭА
2020.05.29 20:10

Хрысціна згадвае, што Алена ўвогуле не была прыхільніцай Лукашэнкі. Таму ейны ўчынак – не праява грамадзянскай пазіцыі. Жанчына нават брала ўдзел у дармаедскіх пратэстах у 2017 годзе.

У двары дому, дзе жыве Алена.
Фота: Ірына Арахоўская / Belsat.eu

Апошнія пасты на ейнай старонцы ў аднакласніках вылучаліся сваёй палітызаванасцю. Яна пісала, што «каронавірус – гэта драбяза», заклікала ісці на парад 9 траўня.

«Гэта на яе не падобна. Яна звычайна проста фотаздымкі там выкладала і ўсё», – кажа Хрысціна.

Зараз знаёмыя баяцца за жыццё Алены. Яна не адказвае ў сацыяльных сетках, ейныя тэлефоны заблакаваныя.

«Яна ўляпалася ў вельмі сур’ёзную справу. Пад пагрозаю не толькі ад уладаў, але і самі людзі ёй жыцця не дадуць», – кажа Хрысціна.

Публікацыя падрыхтаваная пры супрацы з рэдакцыяй NEXTA.

Ксенія Тарасевіч belsat.eu

Стужка навінаў