«Для яе гэта будзе цяжкое выпрабаванне». Пенсіянерку, якая перамагла рак, арыштавалі на 14 содняў

23 студзеня 66-гадовая Зоя Кароткіна ішла ў краму па прадукты. Але, як сёння нярэдка бывае, звычайны выхад з дому скончыўся ў следчым ізалятары. Свой 67-ы дзень нараджэння спадарыня Зоя сустрэне за кратамі. Жанчына цяпер у стадыі рэмісіі пасля анкалогіі, а таксама хварэе на глаўкому.

Зою Кароткіну затрымалі ў цэнтры Менску на праспекце Незалежнасці.

Суд над пенсіянеркай адбыўся 25 студзеня. Згодна з пратаколам, спадарыня Зоя нібыта паказвала знак «V» аўтамабілям, што праязджалі праспектам Незалежнасці. Сведка на паседжанні сцвярджаў, што жанчына была з іншым удзельнікам пікету, які трымаў у руках бел-чырвона-белы сцяг. Пенсіянерка кажа, што не бачыла, каб у каго-небудзь з іх увогуле была сімволіка. Яна распавяла іншае. «Спачатку праспектам ехала калона з дзяржаўнымі сцягамі, а потым сігналілі яшчэ нейкія аўтамабілі. Да яе падышла яшчэ адна пенсіянерка, яны размаўлялі, а потым Зою Уладзіміраўну ўзялі за локаць і павялі да машыны», – распавялі «Onliner» валанцёры праваабарончага цэнтру «Вясна».

Нягледзячы на ўсе неадпаведнасці, суддзя Цэнтральнага раёну Дзмітрый Карсюк даў 66-гадовай пенсіянерцы Зоі Кароткінай 14 содняў арышту паводле арт. 23.34 КаАП, за тое, што яна нібыта брала ўдзел у несанкцыянаванай акцыі.

Жанчына не пагадзілася з абвінавачаннямі ў справе і паказаннямі сведкі.

Зоя Кароткіна разам з мужам Анатолем на гадавіну вяселля. Фота: з асабістага архіву

Сваякі не ведалі, дзе жанчына і што з ёй

Анатоль, Зоін муж, у момант ейнага затрымання быў на лецішчы ў вёсцы. Жонка паспела патэлефанаваць яму з аўтамабіля, на якім яе забралі, і паведаміць, што яе вязуць у Ленінскае РУУС. Мужчына адразу паехаў туды і каля шостай вечара быў на месцы.

Аднак у РУУС сказалі, што ў іх такой асобы няма. што спісы будуць удакладняцца. Параілі ехаць дадому і чакаць далей – магчыма, пазней нешта праясніцца, будзе інфармацыя, і паабяцалі ператэлефанаваць.

Муж Зоі не спаў да другой гадзіны ночы, але ніякіх звестак не было.

Патэлефанавалі толькі раніцай, з Акрэсціна. Сказалі, што Зоя Кароткіна ў іх, і ёй можна прывезці таблеткі ды кроплі для вачэй, што патрэбныя праз хваробу некалькі разоў на дзень.

Анатоль Кароткін прывёз жонцы прадукты і лекі, але прынялі толькі апошняе і дадалі: «Мы лекі возьмем, а там ужо наш доктар вызначыць, ці трэба іх перадаваць».

Да гэтага жанчына доўгі час змагалася з ракам, прайшла курс хімія- і радыятэрапіі, перанесла некалькі аперацыяў. Цяпер яна паправілася, але дагэтуль застаецца на пастаянным кантролі ў шпіталі ў Бараўлянах, перыядычна ездзіць туды абследавацца. Таксама ў пенсіянеркі сур’ёзныя праблемы з лёгкімі. Блізкія вельмі хвалююцца за яе.

«Для яе гэта будзе цяжкое выпрабаванне. Столькі ўсялякіх падзеяў там адбываецца, столькі людзей выходзіць з ковідам ды іншымі праблемамі. Я толькі гэтага і баюся», – кажа Анатоль.

Цяпер жанчына на пенсіі, але ўсё роўна працуе. «Яна таксама хоча апранацца, абувацца, а не сядзець удома, – распавядае муж. – Увогуле яна вельмі кантактны, камунікабельны чалавек, з усімі ладзіць і ўсім цікавіцца. У вольны час любіць шыць, яна мае адмысловы стол і швейную машынку. Нядаўна скончыла вышываць карціну, над якой працавала некалькі гадоў».

Адна з вышытых карцінаў Зоі Кароткінай Фота: з асабістага архіву

Выпадковае затрыманне

Палітыкаю раней пенсіянерка не цікавілася, і ейнае затрыманне цалкам выпадковае, лічыць Анатоль. У той дзень яна павінна была прыехаць да яго ў вёску, а перад гэтым намерылася зайсці ў магазін «Цэнтральны» па прадукты.

«Зоя разгаварылася з нейкай жанчынай каля крамы, а побач стаялі людзі з бел-чырвона-белымі сцягамі. У нас у такіх выпадках асабліва не разбіраюцца: вось і забралі ўсіх, хто побач быў», – распавядае муж затрыманай.

Анатоль ужо гутарыў з юрыстамі праваабарончага цэнтру «Вясна». Кажа, калі гэтым займацца, то, можа, і ёсць нейкі шанец, адзін з тысячы, паўплываць на сітуацыю. Аднак абскарджваць пастанову суда не плануе – лічыць, што гэта можа расцягнуцца на некалькі месяцаў, а потым яшчэ і вінаватым могуць зрабіць.

АД, belsat.eu

 

Hавiны