Для эканомікі бягучы год можа стаць горшым, чым мінулы


Белстат агучыў звесткі пра ВУП краіны за 2018 год. Паводле афіцыйных лічбаў ВУП Беларусі за студзень-снежань летась вырас крыху болей, чым на 3 %. Гэта значна ніжэй, чым планаваў урад (3,5 %). З улікам нізкай верагоднасці выканаць мэтавы прагноз у бягучым годзе, ўлады ўжо цяпер правальваюць усю пяцігодку.

За 11 месяцаў 2018 года рост эканомікі дасягнуў 3,2 %. У выніку атрымліваецца, што рост ВУП у снежні быў ніжэйшы нават за 1 %. Паводле папярэдняй ацэнкі banki24.by, за чацвёрты квартал эканоміка Беларусі павялічылася прыкладна на 0,9-1,2 %. Гэта горшы вынік за ўвесь 2018 год: рост ВУП у першым квартале быў роўны 5,3 %, у другім – 2,9 %, у трэцім – 2,2 %. Трэнд на згасанне росту ў наяўнасці і гэта вельмі кепскія навіны для ўрада. Без рэформаў беларуская эканоміка літаральна коціцца пад адхон.

Паводле чыноўнікаў, ВУП Беларусі за першы квартал 2019 года павінен вырасці на 0,6 %. Але нягледзячы на даволі нізкі прагноз, ёсць сумневы ў яго выкананні. Па-першае, у пачатку 2019 года кошты на нафту знаходзяцца ніжэй узроўняў, якія прагназаваў Саўмін. Па-другое, база параўнання па 2018 год складае ажно 5,3 %. Без стымулявання або паляпшэння вонкавых умоваў ніякага росту вышэй статыстычнай памылкі не будзе.

Тое, што патэнцыял росту ВУП Беларусі нізкі, добра відаць па выніках чацвёртага кварталу. Менавіта з кастрычніка пачалося хуткае падзенне коштаў на нафту. У выніку пачаў скарачацца і беларускі ВУП. Цяжкія варункі працы прывялі да зніжэння паказнікаў у прамысловасці і будаўнічым сектары. Прамысловая вытворчасць за снежань павялічылася ўсяго на 1, 3% (горшы вынік з лютага 2017 году), інвестыцыі ў асноўны капітал упалі на 8,7 % (зніжэнне ўпершыню за 15 месяцаў). У снежні грузаперавозкі скараціліся на 1,3 % (горшая дынаміка з лютага 2017 году), перавозкі пасажыраў – на 0,1 %, таваразварот грамадскага харчавання – на 1,4 % (мінімум за 2017-2018 гг.).

Плюс па выніках 2018 атрымаўся толькі дзякуючы добраму пачатку ў 2018 годзе. Раздробны таваразварот перад святамі павялічыўся толькі на 5 %. Гэта горшы паказнік з чэрвеня 2017 году. Спажывецкі энтузіязм скарачаецца нават на фоне павелічэння заробкаў. Увогуле, калі не здарыцца нешта незвычайнае, 2019 год запомніцца беларусам значна больш цяжкім, чым нават 2018 год.

Віктар Пракапеня: IT-сектар дае больш ВУП Беларусі, чым уся прамысловасць

СК, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары