Дзіна Баджо ў Грозным: Пуцін – вялікі і добры


Святкаванне 63-годдзя Уладзіміра Пуціна ў сталіцы Чачэніі нагадвае сцэны з Паўночнай Карэі. Пры адным выключэнні – на стадыёне «Ахмат-Арэна» выступілі таксама зоркі італьянскага футболу, якія высока ацанілі дасягненні расейскага прэзідэнта ды былі пераможаныя мясцовай камандай.

У апошнюю сераду «Ахмат-Арэна» – найбольшы стадыён у Грозным, названы ў гонар бацькі Рамзана Кадырава пакрылі велізарным партрэтам лідара Расеі, які «бачны нават з вышыні лёту самалёта», як падкрэсліў дыктар на чачэнскім тэлебачанні. «Усё найлепшае для найлепшага прэзідэнта», – гэткі надпіс змясцілі пад малюнкам Пуціна.

Трыбуны ўпрыгожылі колерамі расейскага сцяга – заўзятараў апранулі ў белыя, сінія і чырвоныя кашулі. На пакрытай партрэтам прэзідэнта траве выступалі чачэнскія і расейскія эстрадныя зоркі.

«Пуцін – вялікі і добры»

У перапынку паміж музычнымі нумарамі на футбольным полі з’явіліся італьянскія зоркі футболу: былы брамнік «Ювентусу Турын» Стэфана Такконі, былы абаронца «Мілану» Франка Барэзі, былы абаронца «Ювентусу» – Клаўд’ё Джэнтыле, былы футбаліст і трэнер «Інтэру Мілан» Джузэпэ Барэзі і Дына Баджо – паўабаронца ды зорка шмат якіх італьянскіх і замежных клубаў. Апошні павіншаваў Пуціна з днём нараджэння ў мікрафон ды назваў расейскага лідара «вялікім» і «добрым».

Пасля канцэрт каманда «дыназаўраў» італьянскага футболу згуляла матч з мясцовай камандай «Лідар-63» названы ў гонар 63-годдзя прэзідэнта Расеі. Чачэнскія футбалісты не спалохаліся італьянскіх знакамітасцяў і выйгралі 4:1. Адзін з галоў забіў асабіста прэзідэнт Чачэніі Рамзан Кадыраў.

Перад гульнёй лідар Чачэніі, апрануты ў абціслую футболку з выявай Пуціна, падзякаваў расейскаму лідару за ягоную дапамогу ў вырашэнні праблем рэгіёну.

«Няхай жыве Уладзімір Пуцін, няхай жыве нашая Айчына – Расея, Алах Акбар», – гэтымі словамі Рамзан Кадыраў закончыў свой выступ.

У 2013 годзе Рамзан Кадыраў гасціў у сябе іншую зорку – французскага актора Жэрара Дэпард’ё, які тады пераехаў у Расейскую Федэрацыю, асцерагаючыся павышэння падаткаў у Францыі. Рамзан Кадыраў падараваў актору пяціпакаёвую кватэру ў Грозным. На вечарыне ў лідара Чачэніі Жэрар Дэпард’ё нават станцаваў лезгінку.

КБ, belsat.eu

Стужка навінаў