Дэтэктыў ад гісторыі: Загад забіць Янку Купалу ў Маскве мог аддаць намеснік Сталіна ў БССР


28 чэрвеня 1942 году Янка Купала загінуў – упаў у лесвічны пралёт у гатэлі «Масква» у сталіцы СССР. Згодна з афіцыйнай версіяй, момант і абставіны здарэння ніхто не бачыў, таму справу адразу зачынілі. Аднак дагэтуль робяцца спробы разабрацца ў тым, як адбылася загадкавая трагедыя.

Дэтэктыў ад гісторыі Андрэй Цісецкі, былы афіцэр міліцыі, які шмат год прысвяціў гісторыі беларускіх праваахоўных органаў і спецслужбаў, у інтэрв’ю «Белсату» падае сваю версію прычынаў гібелі беларускага паэта.

– Як вы сталі «дэтэктывам ад гісторыі»?

– Цікавасць да гісторыі мне перадала бабуля – вясковая настаўніца гісторыі. І я ў свой час паступаў на гістфак БДУ, не хапіла паловы балу. Адслужыў у войску, а потым, як параіў сваяк, пайшоў вучыцца ў Акадэмію Міністэрства ўнутраных спраў па спецыяльнасці «вышукова-аператыўная дзейнасць». Пасля 5 год працаваў у міліцыі.

Андрэй Цісецкі падчас працы ў міліцыі. Фота з матэрыялаў Андрэя Цісецкага

Пачаў займацца гісторыяй беларускай антысавецкай дзейнасці, міліцыі, крыміналу, пратэстнага руху, у першую чаргу на маёй Радзіме – на Барысаўшчыне і наваколлі. Стаў шукаць і вывучаць мемуары мясцовых людзей, у тым ліку нідзе не друкаваныя да таго часу рукапісы.

У нас іх ніхто асабліва не чытае, а там шмат чаго цікавага можна знайсці, нават у тых, што публікаваліся ў савецкі час і праходзілі жорсткую цэнзуру перад друкам.

Шмат сустракаюся з непасрэднымi ўдзельнікамі гістарычных падзеяў, іх нашчадкамі, сваякамі, краязнаўцамі, прафесійнымі гісторыкамі. Выкарыстоўваю матэрыялы з дзяржаўных і сямейных архіваў, а таксама адмысловую літаратуру.

Паступова мае даследаванні сталі публікавацца ў краязнаўчых выданнях, на гістарычных інтэрнэт-рэсурсах, а таксама ў часопісе «Міліцыя Беларусі». Прымаў удзел у падрыхтоўцы да выдання кнігі «Беларускі крымінальны вышук – 100 год» разам з гісторыкам, таксама афіцэрам міліцыі ў адстаўцы, Юрыем Курʼяновічам.

– Як нарадзілася вашая версія смерці Янкі Купалы?

– Па вялікім рахунку стыхійна так атрымалася. Я займаўся тэмай нямецкай акупацыі, тэмай беларускага незалежніцкага падполля. Сышліся думкі на тым, што смерць Янкі Купалы звязаная з барысаўскімі падзеямі, у першую чаргу са Станіславам Станкевічам, бургамістрам Барысава ў той час, з таямніцамі семʼяў Станкевіча і Купалы.

Беларускамоўныя дакументы барысаўскай гарадской управы, 1942 год. Фота з матэрыялаў Андрэя Цісецкага

– Якім чынам у 1942 годзе Барысаў і Станкевіч былі звязаныя з Купалам?

– Нічога б не было, каб не сустрэча з Максімам Клімковічам, унукам Міхася Клімковіча – першага старшыні Рады Саюза пісьменнікаў БССР (з 1934 па 1938 год), будучага аўтара гімна БССР. Максім Клімковіч распавёў, што ягоны дзед падчас нямецкай акупацыі сустракаўся са Станіславам Станкевічам.

Міхась Клімковіч з жонкай. Фота з матэрыялаў Андрэя Цісецкага

Станкевіч прапанаваў яму паставіць ягоную гістарычную пʼесу «Барбара Радзівіл», а атрымаўшы адмову з-за таго, што дачка Клімковіча на савецкай тэрыторыі, і пастаноўка можа прывесці да рэпрэсіяў супраць яе, абараніў Міхася Клімковіча ад арышту немцамі і параіў яму сыходзіць да партызанаў. Што той і зрабіў.

У той жа час Станкевіч распавёў Клімковічу, што хацеў паставіць на сцэне купалаўскую «Паўлінку», але гэтага не дазволіла зрабіць нямецкая цэнзура.

– Што магло звязваць Станкевіча з Купалам?

Купала ж быў звязаны з Барысаўшчынай гісторыяй сваёй сямʼі, яго тут добра ведалі, а жонка Янкі Купалы Уладзіслава Станкевіч, на маю думку, магла быць сваячкай бургамістра (хаця б па меркаванні самога Станіслава Станкевіча). Нават апошняя кніга Станкевіча (выйшла ўжо пасмяротна) прысвечаная асобе Янкі Купалы.

Архіўны пераклад дакументу нямецкай цэнзуры пра пастаноўку «Паўлінкі». Фота з матэрыялаў Андрэя Цісецкага

Купала загінуў 28 чэрвеня – літаральна за некалькі дзён да свайго 60-годдзя. Праўдападобна, менавіта на гэтую дату Станкевіч планаваў пастаноўку «Паўлінкі» і, як мне бачыцца, урачыста адзначыць юбілей песняра ў акупаваным немцамі Барысаве.

Гэтую інфармацыю мог перадаць савецкім партызанам Клімковіч, а тыя – у Маскву.

– Думаеце, гэта штурханула б камуністаў на забойства?

Вядома, што прэтэнзіі да Янкі Купалы ў бальшавіцкага рэжыму ўзнікалі яшчэ ў 1930-я не толькі з-за ягоных старых заслугаў перад беларускім незалежніцкім рухам, але і з той прычыны, што ў Віленскай беларускай гімназіі, дзе дырэктарам быў Радаслаў Астроўскі, будучы кіраўнік Беларускай Цэнтральнай Рады, адбываліся ўрачыстасці ў гонар паэта на ягонае 50-годдзе.

Група беларускіх пісьменнікаў у 1936 годзе. Сядзяць: Якуб Колас, Цішка Гартны, Янка Купала, Міхась Чарот, Васіль Сташэўскі; Стаяць: Алесь Ляжневіч, Міхайла Грамыка, Уладзіслаў Галубок, Міхась Зарэцкі, Анатоль Вольны, Алесь Дудар, Алесь Гурло. Толькі Якуб Колас і Янка Купала з гэтай групы не былі арыштаваныя НКУС. Былі расстраляныя камуністычнымі акупантамі ці памерлі ў зняволенні 9 з 12 чалавек на здымку. Фота wikipedia.org

Кіраўнік Кампартыі БССР Панцеляймон Панамарэнка ў 1938 годзе пісаў пра патрэбу арыштаваць і судзіць як ворагаў народу, і Купалу, і Якуба Коласа.

Тое ж самае магло адбыцца ў ліпені 1942г. Гучнае святкаванне купалаўскага юбілею беларускімі нацыяналістамі было б аплявухай і Панамарэнку, і Сталіну.

Панцеляймон Панамарэнка не быў беларусам і быў прысланы Сталіным кіраваць Беларуссю ў 1938 годзе. З гэтага часу кіраваў масавым тэрорам падчас бальшавіцкай акупацыі Беларусі. Фота з матэрыялаў Андрэя Цісецкага

– У той час як раз актывізавалася дзейнасць Беларуснай Самапомачы ў Менску, планавалася пашырэнне яе паўнамоцтваў, стварэнне антысавецкіх беларускіх фарміраванняў Самааховы…

– Гэта быў час вельмі складаны для СССР. Савецкая махіна, як і ў 1941 годзе, трашчала па швах, адбылася Харкаўская катастрофа – савецкія войскі былі разгромленыя на Паўднёвым і Паўднёва-Заходнім франтах і пачаўся нямецкі стратэгічны наступ на Каўказ і Волгу.

– У дзень смерці Купалы 28 чэрвеня быў выдадзены загад №227 «Ані кроку назад!»

– Так, у тых нервовых абставінах, якія былі ў Крамлі, Панамарэнка мог атрымаць інфармацыю пра тое, што «заядлы нацыяналіст» Станіслаў Станкевіч праслаўляе беларускіх літаратараў, якіх Панамарэнка таптаў, душыў, але так да канца і не змог знішчыць.

Да таго яшчэ ў лютым 1942 года Купалу прыйшлося публічна апраўдвацца за «вуліцу Луцэвіча», якая ў акупаваным немцамі Менску быццам бы была названая ў ягоны гонар. Хоць на самой справе, гэта была вуліца Луцкевіча, а не Луцэвіча.

Тэлеграма, якой Янку Купалу выклікалі ў Маскву. Фота з матэрыялаў Андрэя Цісецкага

– Як жа, на ваш погляд, было арганізавана забойства?

– Згодна з маёй версіяй, інфармацыя пра магчымае святкаванне 60-годдзя Янкі Купалы ў Барысаве даходзіць да Панамарэнкі, ён у шоку і загадвае падначаленым яму па лініі партызанскага руху супрацоўнікам НКВД арганізаваць Купале «няшчасны выпадак», каб не дапусціць адначасовага святкавання юбілею паэта і ў Маскве, і ў акупаванай немцамі Беларусі.

Лесвіца ў гатэлі «Масква». Фота з матэрыялаў Андрэя Цісецкага

На ракавую лесвіцу Купалу, згодна з успамінамі сведкаў, выклікаў тэлефонны званок супрацоўніцы Цэнтральнага штабу партызанскага руху…

Непасрэдных доказаў няма, але шмат якія ўскосныя дадзеныя, храналогія і логіка падзеяў сведчаць менавіта пра забойства Купалы па загадзе Панцеляймона Панамарэнкі, кіраўніка ЦШПД і галоўнага адказнага за хаця б вонкавую «палітычную лаяльнасць» Беларусі перад Масквой.

Размаўляў Аляксандр Гелагаеў, belsat.eu

Стужка навінаў