Гарадская рада прагаласавала за захаванне вуліцы Браніслава Тарашкевіча.
Станоўча прагаласавалі 12 дэпутатаў, 1 – супраць, яшчэ 6 устрымаліся, напісаў у Facebook Томаш Суліма.
Беларусам Браніслаў Тарашкевіч вядомы найперш як аўтар «Беларускай граматыкі для школ» – гэтак званай «тарашкевіцы». Вуліцу назвалі яшчэ ў час Польскай Народнай Рэспублікі ў 1987 г.
У Польшчы хочуць змяніць назвы вуліцаў, названыя ў гонар беларусаў – Браніслава Тарашкевіча і Якуба Коласа. Рэч у камуністычнай дзейнасці нашых славутых суайчыннікаў. Паводле новага закону пра забарону прапаганды камунізму ці іншага таталітарнага ладу ў назвах будынкаў, аб’ектаў і абсталявання публічнага выкарыстання ці скарочана «закон пра дэкамунізацыю», змяняюцца дзясяткі назваў па ўсёй краіне. Пад раздачу трапілі і дзве вуліцы ў гарадах Гайнаўка ды Бельск-Падляскі на Беласточчыне – рэгіёне, дзе кампактна жывуць беларусы. Канчатковае рашэнне аб дэкамунізацыі імя Тарашкевіча мае прыняць падляскі ваявода.
ДР belsat.eu