Дэпутаты прыдумалі, як змагацца з алкаголем: прапановы ўжо ва ўрадзе


У парламенце плануюць стварыць «антыалкагольную» дэпутацкую групу. Ініцыятары зменаў адзначаюць, што не ставяць перад сабой мэту ўшчамляць правы людзей, але ўжо распавялі пра магчымыя абмежаванні ў гандлі алкаголем.

«Мы ні ў якім выпадку не кажам пра сухі закон і пра тое, што людзі не змогуць набыць алкагольныя напоі. Усе нашыя прапановы скіраваныя ў першую чаргу на бяспеку дзяцей», – цытуе дэпутата Максіма Місько belta.by.

Пры гэтым дэпутат супярэчыць сабе і адзначае, што доступ да алкаголю трэба абмежаваць.

Дэпутатка Вольга Палітыка ўдакладняе, што праблема змяншэння шкодных наступстваў ужывання алкаголю – комплексная.

«З аднаго боку, гаворка ідзе пра баланс эканамічных інтарэсаў (даходы бюджэту ад рэалізацыі піва і алкаголю) і неабходнасці ўмацавання здароўя нацыі. З іншага боку, важна разумець і ліквідаваць прычыны пʼянства і алкагалізму. На маю думку, найбольш эфектыўныя «прышчэпкі» ад згубнай звычкі – добрая праца з годным заробкам і моцная сямʼя», – распавяла яна.

Сярод ініцыятываў, якія ўжо цяпер прапануюць парламентарыі:

– увесці забарону на гандаль алкаголем на АЗС (гаворка ідзе пра забарону продажу алкаголю, які мацнейшы 7 градусаў, піва пад гэтую катэгорыю не падпадае);

– абмежаванне часу продажу алкаголю ў крамах з 22:00 да 9:00 (выключэнне – кафэ, бары, рэстараны, за якімі застанецца права рэалізацыі алкаголю ўначы);

– павышэнне ўзроставага парогу продажу алкаголю (напрыклад, да 21 года);

– прапрацаваць пытанне аб арганізацыі ізаляваных аддзелаў для рознічнага гандлю алкаголем у супермаркетах;

– перагледзець патрабаванні да абʼёму тары (напрыклад, забараніць прадаваць алкаголь у бутэльках, большых за 1,5 літры).

– узмацніць барацьбу з нелегальнай вытворчасцю і рэалізацыяй алкаголю;

– цалкам забараніць выкарыстоўваць алкагольную тэматыку пры вытворчасці напояў для дзяцей.

Глядзі таксама:

ДР belsat.eu

Стужка навінаў