«Дэпутату Марзалюку можна, а нам – не?» Аштрафаваныя недармаеды патрабуюць роўнасці перад законам


Удзельнікі акцыі супраць Дэкрэту № 3 у Магілёве Алена Кісель і Канстанцін Чарноў звярнуліся ў Магілёўскі абласны суд, каб абскардзіць свае абвінаваўчыя прысуды. Яны спасылаюцца на прэцэдэнт з дэпутатам Палаты прадстаўнікоў Ігарам Марзалюком, які актыўна браў удзел у мітынгу, выступаў перад маніфестантамі, але не быў прыцягнуты да адказнасці.

Жыхароў Магілёва Алену Кісель і Канстанціна Чарнова асудзілі за ўдзел у Маршы недармедаў. Суд пастанавіў пакараць іх штрафамі ў памеры 345 і 460 рублёў адпаведна.

13 красавіка ў Магілёўскім абласным судзе Алена і Канстанцін намагаліся даказаць сваю невінаватасць. Яны прадставілі суду афіцыйны адказ міліцыі, паводле якога ў дзеяннях актыўнага ўдзельніка акцыі адсутнічае складнік правапарушэння. Гэтым удзельнікам быў дэпутат палаты прадстаўнікоў Ігар Марзалюк, які браў удзел у Маршы недармаедаў 15 сакавіка.

Дэпутат выйшаў да народа і вёў актыўны дыялог з прысутнымі. Але на запыт, чаму пры аднолькавых акалічнасцях адных прызналі парушальнікамі, а Марзалюк застаўся беспакараны, кіраўнік Ленінскага РАУС Магілева Аляксей Шчарбакоў адказаў, што «у дзеянняў Марзалюка адсутнічае складнік правапарушэння».

Не прыняў гэта да ўвагі і абласны суд, пакінуўшы абодва прысуды нязменнымі. Канстанцін Чарноў задаецца пытаннем – дзе справядлівасць? «Я не хачу, каб нікога каралі за тое, што людзі выйшлі і выказалі сваё меркаванне. Але гэта адбылося – нас прызналі парушальнікамі і пакаралі вялікімі штрафамі. Я лічу несправядліва, што Ігар Марзалюк там прысутнічаў і браў актыўны ўдзел, але яго не пакаралі. У мяне няма грошай сплочваць гэты штраф – я зараз не маю працы і не хутка яе знайду – у мяне яшчэ застаецца гіпс на адной руцэ», – гаворыць Канстанцін.

Канстанцін Чарноў кажа, што не меў асаблівых спадзеваў на сумленнасць абласнога суда, таму не здзівіўся, што яго прысуд пакінулі нязменным.

Праваабаронца Барыс Бухель раіць маладым людзям не спыняцца, а абскарджваць далей:

– Гэтыя прысуды неправамоцныя. Яны парушаюць не только беларускую Канстытуцыю, але і рашэнні Камітэта па Правах чалавека. Гэта разумеюць і самі суддзі. Я бачыў, як непрыемна ім весці гэтыя працэсы. Але загад ёсць загад.

Нагадаем, што Канстанцін Чарноў прыйшоў на Марш недармаедаў з гіпсам на абедзвюх руках. Пасля акцыі яго з сяброўкай Аленай Кісель затрымалі і да суда змясцілі ў ІЧУ. Суд прызнаў абодвух вінаватымі і пакараў штрафамі. Пасля акцыі Алёну Кісель адлічылі з МДУ імя А.Куляшова на апошнім курсе. Фармальная прычына – прагулы, але па словах Алёны, гэта пераслед за ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве.

АС, belsat.eu

Стужка навінаў