Дэпутатку сельсавету падазраюць у пагрозах узарваць школу. Яна распавядае, што гэта за школа


Роза Стрэльчанка (праваруч) у Каплічах. Фота – «Белсат»

Розу Стрэльчанка з аграгарадку Каплічы Калінкавіцкага раёну западозрылі ў пагрозах узарваць зачыненую школу і саму сябе. Дэпутатка распавядае «Белсату» кароткую гісторыю школы – і сваёй барацьбы за яе.

22 лютага будынак школы ў Каплічах ачапілі, а жыхароў навакольных дамоў і гадаванцаў дзіцячага садку побач – эвакуявалі. У доме дэпутаткі прайшоў вобшук, яе апыталі.

«Забралі сістэмны блок камп’ютара і хацелі забраць тэлефон. Тэлефон я не аддала – ён мне патрэбны», – распавядае Роза Стрэльчанка.

Калінкавіцкая раённая газета са спасылкай на мясцовы РАУС падае, што «21 лютага ад імя жыхаркі аграгарадка Каплічы N. у Міністэрства адукацыі рэспублікі паступіла электроннае паведамленне аб тым, што ў выпадку, калі ў населеным пункце не будзе адкрытая школа, яна падарве будынак разам з сабой».

«Згодна са зместам лісту, я «хадзіла дзесьці па лесе і знайшла выбуховае прыстасаванне. І цяпер, калі нашую капліцкую школу не адрамантуюць, я ўзарву школу і сябе». Мясцовая «брахалаўка» напісала, што паведамленне было 21 лютага, а сапёры і палова калінкавіцкай міліцыі прыехалі 22-га. Як такое можа быць? За суткі тут можна было палову Каплічаў узарваць», – кажа Роза Стрэльчанка.

60 гадоў без капітальнага рамонту

Капліцкая школа складаецца з двух будынкаў – 1959 і 1972 года. Восьмага верасня 2016-га у старой частцы школы адваліўся кавалак штукатуркі – праз тыдзень пасля прыёмкі школы да новага навучальнага году.

Капліцкая школа. Фота – knews.by

На момант закрыцця ў школе вучыліся дзеці з усіх вёсак Капліцкага сельсавету – Старых і Новых Навасёлкаў ды Кротава. Тамтэйшыя школы зачынілі ў 2007-м праз малую колькасць вучняў. Бацькі пагадзіліся на гэта, каб дзеці навучаліся ў адным месцы: у тых вёсках былі толькі пачатковыя і базавыя школы, а ў Капліцах – усе 11 класаў.

«Згодна з экспертызаю Гомельскага універсітэту транспарту, частку школы прызналі «небяспечна аварыйнай», – распавядае Роза Стрэльчанка. – У гэты час праходзілі выбары ў Палату прадстаўнікоў. Відаць, патрэбная была цішыня – і дзеці працягвалі вучыцца ў аварыйнай школе. Як толькі выбары прайшлі – школу закрылі. Па жыцці я чалавек актыўны – да закрыцця школы ўзначальвала бацькоўскі камітэт, які ўвесь час гэтай школе дапамагаў. Нас сабралі і сказалі, што дзяцей будуць вазіць у школу ў Шыічах, у 14 км ад нас. З Кротава да іх – 22 км, і са Старых і Новых Навасёлкаў – 30 км».

Паводле Стрэльчанка, у школы ёсць два аўтобусы – на 21 месца і на 32.

«Дзетак у нас – 73. Адзін аўтобус завозіць дзяцей і прыязджае назад. Тры рэйсы раніцай, тры рэйсы ўвечары, – працягвае Стрэльчанка. – Уявіце шасцігадовае дзіця, якому трэба стаяць на прыпынку а 7:40, потым ехаць 30 кіламетраў, сядзець цэлы дзень у школе і вяртацца 30 кіламетраў назад. Першы рэйс назад – а 15:20, апошні рэйс – а 16:50. Дзеці мусяць сядзець у прадлёнцы. У школе іх кормяць адзін раз – а 11-й ці 12-й. У прадлёнцы, за асобную бацькоўскую плату, даюць ёгурт з пячэннем».

Адразу пасля закрыцця школы спадарыня Роза з іншымі бацькамі пачала звяртацца з пісьмовымі зваротамі ў Калінкавіцкі райвыканкам, Гомельскі аблвыканкам, Міністэрства адукацыі і ў Адміністрацыю прэзідэнта, каб адрамантавалі школу. У жніўні 2017-га, пасля запісу на прыём да губернатара Гомельшчыны Уладзіміра Дворніка, на яе выклікалі вар’ятню.

Пасля гэтага жанчына пачала атрымліваць пагрозы праз смс-паведамленні.

Змаганне за школу прынесла Розе Стрэльчанка папулярнасць. У 2018-м яна перамагла на выбарах дэпутатаў сельсавету.

Пасля выбараў невядомая жанчына спачатку павіншавала яе па тэлефоне, а потым пачала пагражаць вар’ятняй.

Стрэльчанка напісала пяць заяваў у міліцыю і пракуратуру, на іх атрымала адказ, што «асоба неўсталяваная».

У верасні 2018 года дэпутатка трапіла на асабісты прыём да міністра адукацыі Ігара Карпенкі.

«Ён мяне ўважліва паслухаў, сказаў, што згодны, што ў аграгарадку павінныя быць жыццёва неабходныя аб’екты. Пісьмова мне адказалі, што калі мясцовыя ўлады прымуць рашэнне аб капітальным рамонце будынку школы ў Каплічах, Міністэрства адукацыі прыме «дзейнае рашэнне». Але Калінкавіцкі райвыканкам і Гомельскі аблвыканкам кажуць, што ў іх няма грошай і ім прасцей вазіць дзяцей за 30 км. На запыт бацькоў аб кошце падвозу, нам сказалі, што гэта каля $ 30 тысячаў у год. Іх возяць ужо трэці год – за такія грошы спакойна можна было б школу адрамантаваць, каб дзеці не пакутавалі ў гэтых аўтобусах».

Жанчына кажа, што не ўяўляе, хто мог яе падставіць.

«Я – асоба ад народу і ў раёне невыгодная. Я чалавек грамадскі і вяду актыўнае жыццё. Як дэпутатка сельсавету я адстаяла ўжо лазню, якую яны хацелі зачыніць. А ўлады хацелі, каб я закрыла рот і не замінала ім рабіць іхныя справы», – дадае Стрэльчанка.

Дзяніс Дзюба

Стужка навінаў