Дэпутат Вярхоўнай Рады Украіны: «Беларусь – донар рэгіянальнай бяспекі, а “русский мир” трашчыць па швах»


Шчырае сяброўства ці палітычны прагматызм – пакуль у Гомлі ішоў Форум рэгіёнаў Украіны і Беларусі, у Варшаве Аліна Коўшык паразмаўляла пра беларуска-ўкраінскія адносіны са старшынёй камітэту замежных справаў Вярхоўнай Рады Ганнай Гапко.

Алег Сянцоў атрымаў узнагароду імя Сахарава Еўрапейскага парламенту. Якія ўражанні ў вас выклікала гэтая навіна?

Мы вельмі цешымся, што прэмію прысудзілі Алегу Сянцову за ягоную барацьбу, годнасць, барацьбу за правы чалавека. Гэта вельмі важнае рашэнне, улічваючы тое, што ён прайшоў галадоўку і фактычна перабывае паміж жыццём і смерцю. І робіць гэта ўсё не толькі дзеля сябе, але і каб іншых палітвязняў вызвалілі. Вельмі важна разумець, што гэтая ўзнагарода, як і ўкраінскі парламент, Вярхоўная рада рабілі прызы, каб намінаваць яго на Нобэлеўскую прэмію міру.

Гэтымі дзеяннямі мы стараемся падтрымаць Алега Сянцова, каб міжнародная грамадскасць трымала ў прыярытэце пытанне вызвалення палітычных зняволеных. Але хацелася б, каб Еўрапейскі Звяз таксама рабіў больш жорсткія санкцыі за парушэнне правоў чалавека ў Расеі. За тое, што Расея не выконвае сваіх абавязкаў у вызваленні палітычных зняволеных.

І гэта можа быць, апроч усяго, галасаванне за акт Магніцкага з пашыраным спісам такіх людзей, як паліцыянты, міліцыя, якія затрымлівалі актывістаў у акупаваным Крыме. Тыя суддзі, якія выдавалі рашэнні, што не адпавядаюць маралі, прафесіяналізму, доказам. Вядома, хочацца бачыць, апроч узнагароджання і сцверджанняў, жорсткія эканамічныя метады адносна тых, хто мае дачыненне да вялікай таталітарнай сістэмы крамлёўскай улады, да парушэння правоў чалавека.

Вы верыце, што Алег зможа атрымаць гэтую ўзнагароду асабіста?

Я вельмі на гэта спадзяюся і яшчэ раз хачу падкрэсліць, што ўсе гэтыя намаганні Еўрапейскага парламенту, міжнароднай грамадскасці, Вярхоўнай Рады, праваабаронцаў, якія і на Варшаўскім форуме бяспекі раздавалі матэрыялы і рабілі гэтую тэму адной з важных. Гэта павінна прынесці вынік – вызваленне Алега Сянцова ды іншых нашых зняволеных.

У Гомлі праходзіў беларуска-ўкраінскі форум, на якім сустрэліся Лукашэнка і Парашэнка. Якія галоўныя пытанні стаяць паміж Беларуссю і Украінай?

Я лічу, у першую чаргу гэта пытанні бяспекі. Раз Украіна разглядае Беларусь як донара нашай рэгіянальнай бяспекі. Нягледзячы на тое, што Расея робіць крокі для ўзмацнення ціску на Менск, улічваючы эканамічную, фінансавую, энергетычную залежнасць Беларусі. Гэта такія гібрыдныя метады. Плюс Расея выкарыстоўвае розныя вучэнні, якія мы бачылі летась. Напрыклад, Захад-2017. Каб яшчэ больш прывязаць і кантраляваць Беларусь і наблізіцца да межаў Беларусі. Гэта пэўны шантаж і ціск. Мы ведаем, што ў Беларусі будуць выбары ў наступным годзе. Важныя для нас.

І мы з добрасуседскай пазіцыі хочам бачыць у Беларусі партнёра, які будзе спрабаваць рабіць усё, каб заставацца донарам рэгіянальнай бяспекі. Нягледзячы на ціск Крамля. Таксама мы зацікаўленыя, каб на дыпламатычных платформах Беларусь падтрымлівала Украіну. Нягледзячы на тое, што шмат у якіх пытаннях і рэзалюцыях, якія датычаць тэрытарыяльнай цэласнасці ды суверэнітэту Украіны, Беларусь, на жаль, не падтрымлівала нас. Тым не менш мы разумеем складанасці, чаму Беларусь спрабуе падтрымліваць адносіны з Масквою, калі Пуцін стала шле цяжкія мэсіджы.

Таму мы зацікаўленыя ў эканамічнай, фінансавай незалежнасці Беларусі. І гатовыя дапамагаць Беларусі разам з Польшчаю, Літвою пераарыентавацца на іншыя рынкі. Таму тут двухбаковая супраца, эканоміка, гандаль, рэгіёны, як Чарнігаўская вобласць – гэта тое, што важна развіваць на ўзроўні мясцовага самакіравання.

Гэта тое, што мы хацелі б рабіць. Культурныя пытанні, напрыклад, аб Піліпе Орліку, ягоны помнік ёсць у Беларусі. Г.зн. спрабаваць выкарыстаць таксама культурніцкую дыпламатыю як супрацьдзеянне прапагандзе і дэзынфармацыі Крамля, які спрабуе выкарыстаць розныя формы культурніцкіх цэнтраў, фестываляў і г.д.

Тым не менш, на жаль, Беларусь відавочна перабывае ў палітычнай арбіце Расеі. Ці не ёсць гэта крыху здрада, што Лукашэнка сустракаецца і з Парашэнкам, і з Пуціным ды імкнецца падтрымліваць добрыя адносіны. Не адчуваецца ў палітыцы гэтага дысанансу?

Для нас вельмі важна ў будучыні бачыць Беларусь незалежнаю энергетычна, фінансава, з дыверсіфікацыяй, з сапраўднымі магчымасцямі экспарту сваёй прадукцыі ў краіны ЕЗ, з суседзямі, якія ўжо чальцы ЕЗ і НАТО, як Польшча і Літва. Мы зацікаўленыя ў добрасуседскай пазіцыі. Мы разумеем, што цяпер вельмі складаная эканамічная сітуацыя ў Беларусі. Мы разумеем, адбываюцца манеўры, але мы таксама разумеем рызыкі ды пагрозы, якія могуць паўстаць у выніку яшчэ больш моцнага ціску Крамля на Беларусь.

Я нават не хачу думаць пра зʼяўленне зялёных чалавечкаў, як гэта было з Данбасам. Якія сцэнары ў Крамля могуць быць супраць Беларусі. Гэта, вядома, будзе і супраць нашых інтарэсаў. Таму мы нацэленыя на тое, каб праз эканамічную супрацу дапамагаць народу Беларусі развязваць гэтыя пытанні. Узаемавыгадны гандаль. І таксама звяртаем увагу ЕЗ ды іншых краінаў на важнасць Беларусі. Цяпер Украіна змагаецца за атрыманне аўтакефаліі Украінскай праваслаўнай царквы. Мы бачым, як у Крамлі прынялі гэтую навіну.

Пуцін сабраў цэлы Савет бяспекі, разумеючы, што «русский мир» трашчыць па швах. І мы разумеем, бачачы, як Кірыла прыязджаў у Кіеў, Менск і спрабаваў сказаць, што гэта ўсё «русский мир». Не. Украіна 1030 гадоў таму атрымала хрысціянства. У нас маці-царква нават для расейцаў. І цяпер, калі мы змагаемся, мы таксама верым у нашыя дасягненні, што мы будзем энергетычна і эканамічна незалежныя ад Расеі. Яны таксама дапамогуць і Беларусі, і БПЦ у атрыманні той жа аўтакефаліі, каб Маскоўскі патрыярхат не меў уплыву на палітычныя рашэнні.

Тут комплекс пытанняў. Украіна стратэгічна вядома будзе рабіць усё, каб Беларусь была добрым суседам, а не пагрозаю праз узмацненне ціску Крамля і праз іх геапалітычныя амбіцыі.

Сюжэт паказалі ў праграме «Прасвет» з Алінаю Коўшык:

Фота: Warsaw Security Forum

Глядзі таксама
Каментары