Дэпутат прапануе бамбіць лясныя пажары ў Сібіры


Мапа пажараў у Сібіры

Дэпутат Алтайскага заканадаўчага сходу Яўгенія Баравікова прапануе вырашыць праблему лясных пажараў у сібірскіх лясах пры дапамозе бамбардавання.

«У Швецыі патушылі лясны пажар, скінуўшы на яго бомбу. Падчас выбуху бомбы актыўна паглынаецца кісларод, душачы агнішчы гарэння. У Кітаі падпалены лес таксама абстрэльваюць адмысловымі снарадамі. Пасля ўдару аб зямлю зарад распыляе сумесь, якая імгненна гасіць полымя на плошчы 1000 кв. м. Прычым такія бомбы з адмысловымі сродкамі, якія тушаць агонь, распрацавалі яшчэ ў Савецкім Саюзе! Няма грошай у нашай улады на такія дзеянні? А спансіраваць вайсковыя аперацыі ў іншых краінах, пакуль свая гіне, грошы ёсць?» – цытуе дэпутата ад ЛДПР прэс-служба партыі.

Сібірскія пажары бачныя нават з космасу. Плошча пажараў параўнальная з плошчаю Бельгіі або Крыму.

Нагадаем, што жыхары Сібіры патрабуюць ад уладаў увесці рэжым надзвычайнага становішча і пачаць тушыць 3 млн гектараў палаючых лясоў. Адпаведную петыцыю на сайце change.org падпісалі ўжо больш за 400 000 чалавек.

Больш за 90 % плошчы пажараў прыпадае на так званыя зоны кантролю – аддаленыя лясныя тэрыторыі, дзе закон дазваляе не тушыць пажары, а толькі назіраць за імі.

ЮВ belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары