Дэпутат Генадзь Давыдзька: Улада зрабіла шмат памылак


Старшыня Пастаяннай камісіі па правах чалавека, нацыянальных дачыненнях і СМІ і дэпутат Палаты прадстаўнікоў Генадзь Давыдзька сустрэўся з жыхарамі Усходняй выбарчай акругі Менску.

Каля 20 чалавек сабраліся ўвечары ля аддзялення аховы парадку на вуліцы Мележа, у памяшканні якога Генадзь Давыдзька праводзіў прыём грамадзянаў.

Жыхары Усходняй выбарчай акругі чакаюць сустрэчы з Генадзем Давыдзькам.
Фота: Кацярына Андрэева / Belsat.eu

Людзі склалі пісьмовы зварот да дэпутата ад сваёй акругі: яны патрабуюць неадкладна вызваліць усіх затрыманых на акцыях пратэсту, спыніць гвалт з боку сілавікоў у дачыненні да мірных дэманстрантаў і журналістаў, расследаваць факты катаванняў.

«Чакаем ад вас публічнага выступу з асуджэннем парушэння правоў чалавека, іначай вы проста не можаце быць нашым дэпутатам», – гаворыцца ў звароце.

Акрамя таго, людзі запрасілі дэпутата на адкрытую сустрэчу ў найбліжэйшы час.

Паводле актывістаў, індывідуальны прыём Давыдзька вёў ветліва і карэктна, выслухоўваў уважліва кожнага, але «нічога канкрэтнага не абяцаў». Актывісты падкрэсліваюць, што ў выпадку ігнаравання іхных патрабаванняў яны распачнуць працэдуру адклікання дэпутата.

Жыхары Усходняй выбарчай акругі чакаюць сустрэчы з Генадзем Давыдзькам.
Фота: Кацярына Андрэева / Belsat.eu

Праз дзве з паловай гадзіны Давыдзька выйшаў з прыёмнай, каб адказаць на некаторыя пытанні. Збольшага ўсіх цікавіла, што ён можа зрабіць дзеля расследавання дзеянняў сілавікоў. Дэпутат распавёў, што 21 жніўня ён накіраваў у Міністэрства ўнутраных спраў ліст з патрабаваннем растлумачыць, ці распачатыя справы праз факты катаванняў людзей у месцах пазбаўлення волі.

«Калі чалавека затрымліваюць, бо ён удзельнік нейкага несанкцыянаванага мітынгу і аказвае супраціў міліцыі, міліцыя мае права прымяніць дазаваную фізічную сілу, каб гэтага чалавека лакалізаваць як небяспечнага для грамадства. Але як толькі гэты чалавек знаходзіцца ў аўтазаку – пальцам да яго ўжо нельга датыкацца», – сказаў ён.

Паводле Давыдзькі, факты збіцця затрыманых «трэба расследаваць і караць вінаватых». «Гэтак жа, як і тых, хто нападаў на працаўнікоў міліцыі», – дадаў дэпутат.

Ён таксама адзначыў, што будзе звяртацца ў Следчы камітэт, каб даведацца, чаму за збіццё дэманстрантаў не было заведзена ніводнай крымінальнай справы.

«Улада зрабіла шмат памылак», – заявіў напрыканцы Давыдзька. Удакладніць, якія памылкі мае на ўвазе, ён адмовіўся.

КА belsat.eu

Стужка навінаў