Дэпутат Менскага гарсавету Павел Бачарнікаў запатрабаваў унесці ў парадак дня сесіі гарсавету пытанні аб гвалце і рэпрэсіях у Беларусі.
У прыватнасці, гаворка ідзе аб спыненні рэпрэсій, расследаванні ўсіх фактаў гвалту супраць мірных дэманстрантаў, вызваленні палітвязняў, а таксама заяўным прынцыпе масавых мерапрыемстваў.
Павел Бачарнікаў адзначыў, што гета не першы зварот такога кшталту:
«Падавалі падобныя прапановы і іншыя дэпутаты, і групавыя звароты былі, але нам адказвалі «Дзякуй, што пішаце» і на сесію пытанні не выносілі. А калі нешта прапаноўвае гарвыканкам, то ўсе галасуюць і нават не чытаюць».
Дэпутат мяркуе, што рэакцыя на яго прапанову будзе такой жа, як і раней: «Але надзея ёсць. Вада точыць камень, то і мы з такімі прапановамі мусім дабіцца, каб у гарсавеце абмяркоўвалі пытанні, істотныя для людзей, а не для чыноўнікаў».
Свае прапановы: вызваліць палітвязняў, расследаваць гвалт і забойствы, дазволіць людзям збірацца і іншае – Павел складаў не толькі з уласных адчуванняў : «Калі размаўляеш з людзьмі, яны ўсе кажуць пра гэта. Яны пытаюць, што рабіць. Я стаў дэпутатам, але маю і прадпрыемства. На ім усе могуць выказвацца, і для мяне гэта нармальна».
Дэпутат пільна сочыць за падзеямі ў краіне і ведае, што актыўных грамадзян затрымліваюць, але сваю дзейнасць спыняць не плануе:
«Былі выхаваўчыя размовы розныя, каб патлумачыць агульную палітыку. І за намі сочаць. Але закон павінен быць па-над усім. Нельга жыць па нейкіх паняццях купкі людзей. Мо, і ў Канстытуцыю ўнясем такія паняцці? Толькі тады тут жыць ніхто не будзе».
МГМ «Белсат»