Дэпутат Андрэй Савіных: «Бліжэйшая задача – прыняцце закона аб замежных агентах»


У РФ прайшоў круглы стол пра іншаагентаў, беларускі дэпутат папрасіў «падзяліцца напрацоўкамі», пра гэта гаворыцца ў публікацыі Vot Tak TV.

15 снежня ў Савеце Федэрацыі прайшоў круглы стол аб тым, як постсавецкую прастору «выкарыстоўваюць для дэстабілізацыі палітычнай сістэмы Расеі».

На круглым стале адбылася дыскусія аб узмацненні жорсткасці законаў аб іншаагентах. А менавіта – пра папраўкі, якія дазваляюць прызнаваць іншаагентамі ў РФ фізічных асобаў і арганізацыі без юрыдычнай асобы.

Надпіс «Замежны агент» на будынку офісу праваабарончай арганізацыі «Мемарыял» у Маскве, Расея. 2013 год.
Фота: Сяргей Карпаў / ТАСС / Forum

Падтрымаў папраўкі і сенатар Уладзімір Палятаеў: «Мы звяртаем увагу, наколькі з’яўляецца неабгрунтаваная крытыка выбарчага права. Мы дакладна сказалі, што нашыя грамадзяне перад выбарамі павінны ведаць, хто ёсць хто».

Адобрыў законапраект і сенатар ад Ніжагародскай вобласці Аляксандр Вайнберг. Пры гэтым ён адзначыў, што больш за ўсё яму спадабаліся «ідэі ў атакуючым стылі».

«Усё ж мы ўвесь час гаворым аб абароне. А для мяне лепшая абарона – напад. Мы часта адказваем люстрана, асіметрычна. Але мы павінны апярэджваць некаторыя падзеі, – сказаў член Савету Федэрацыі. – Чым больш мы будзем мяккацелымі, тым больш нас будуць хацець нахіляць. Вось я супраць гэтага. І мне апраўдвацца перад гэтымі ўсімі… псеўда-ліберальнымі [людзьмі]».

Папраўкі настолькі добрыя, што іх трэба адаптаваць у Беларусі, заявіў старшыня пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Андрэй Савіных. Ён папрасіў у расейскіх сенатараў «падзяліцца напрацоўкамі»:

«Бліжэйшая задача, якая будзе стаяць перад намі, – прыняцце закона аб замежных агентах. Было б выдатна, калі б мы пачалі рабіць з улікам вашага вопыту. Паколькі сацыяльная і палітычная сітуацыя ў нашых краінах падобная».

Vot Tak TV, ІР

 

Стужка навінаў