«Дэманстратыўна вываліла», або чаму ўзбунтаваліся маці


У беларускім «Фэйбуку» разгарнулася дыскусія на тэму груднога кармлення ў публічных месцах. Абаронцы маці, якія кормяць дзіця, нават распачалі флэш-моб #дэманстратыўнавываліла, дзе жанчыны публікуюць свае фота ў часе кармлення.

Стартам для спрэчак вакол груднога кармлення ў публічных месцах стаў допіс вядомай беларускай мастачкі Нікі Сандрас. Сваю пазіцыю яна тлумачыць проста:

«Карміць немаўля ў публічным месцы – гэта нармальна. Спрачацца на любую тэму – нармальна. Не нармальна абражаць адзін аднаго, не паважаць межы адно аднаго».

Тым не менш, допіс, які справакаваў дыскусію, Сандрас выдаліла, але спрэчкі ў сеціве працягваюцца. Пад гэштагам #дэманстратыўнавываліла жанчыны публікуюць здымкі сябе ў часе кармлення і змяшчаюць меркаванні ды гісторыі. Карэспандэнтка belsat.eu зрабіла апытанне наконт кармлення ў публічных месцах.

У беларускім «Фэйбуку» распачалі флэш-моб #дэманстратыўнавываліла

Ала, настаўніца, маці дваіх дзяцей:

«Я, калі шчыра, не злоўжывала гэтым, але ўсё роўна не разумею праблемы. Ёсць спецыяльная бялізна. Гэта не як сто гадоў таму, калі трэба было напалову распрануцца, гарсэты зняць і г. д. Дзіця не павінна адчуваць дыскамфорту. Яму не патлумачыш, чаму яно застаецца галодным. У маёй практыцы людзі нармальна рэагавалі. Пры тым я не заўважала, каб у нас у Беларусі павальна дэманстратыўна кармілі, каб гэта выклікала эмоцыі ў грамадстве».

Надзея, фатограф, маці немаўляці:

«Я за грудное кармленне, і, адпаведна, нікуды не падзенешся ад таго, што прыйдзецца часам карміць у грамадскім месцы. Дзесяцігоддзі даследаванняў груднога кармлення даказалі, што няма нічога лепшага для дзіцяці, чым малако маці. І ніякія сумесі, прыкормы-дакормы яго не заменяць. Больш за тое, гэта бясплатна, бо карміць сумесямі – вельмі дорага. І гэта зручна, бо не трэба думаць, што ўзяць дзіцяці паесці. Калі сцэджваць малако, яно проста можа сапсавацца, быць халодным і г. д. Быўшы маладой мамай, хочацца весці такое паўнавартаснае жыццё, як і астатнія, таму ты выходзіш з дзіцяткам пагуляць у парк, у кавярню. І калі шпацыр зацягнуўся, больш за 2 гадзіны, дзіця хоча ўжо есці. Ты ж не будзеш з крыкам вяртацца да хаты. І калі некаторыя мужчыны не саромеюцца хадзіць без кашуляў на вуліцы, чаму я павінна саромецца карміць грудзьмі?»

Марына, маці немаўляці:

«Не практыкую, і мне, калі шчыра, карміць на людзях сорамна».

Алесь Сураў, мастак, бацька дваіх дзяцей:

«Нічога кепскага не бачу, толькі дэманстратыўна рабіць гэтага не варта. Калі трэба пакарміць, то трэба пакарміць. І калі ўжо ўзгадаць творы мастацтва з Мадоннамі з аголенымі грудзьмі, то мы забываемся, што пасля Рэнесансу, была Віктарыянская эпоха, якая пакінула свой след. Калі распусныя мужчыны назвалі распустай аголеных жанчын і прымусілі іх нават пяты прыкрываць. І гэтыя спрэчкі сёння – гэта ўсяго толькі адгалоскі былых пурытанскіх забабонаў».

Вольга Шпарага, філосаф, кандыдатка філасофскіх навук:

«У візуальнай прасторы грудное кармленне выклікае двухсэнсоўнасць. Нехта не вельмі добра ставіцца, нехта крытыкуе і хоча, каб жаночыя грудзі былі выключна аб’ектам прадметнай асалоды. А маці, якія кормяць, акурат дэсакралізуюць жаночыя грудзі. Яны выходзяць з прасторы абʼектываванай жанчыны, якой бы насалоджваўся мужчына. Мне падаецца, што гаворка тут ідзе пра змену сацыяльных нормаў забароннага характару. Калі мы неяк па-іншаму адносімся да свайго цела, узнікаюць спрэчкі. І добра, што ідзе працэс абмеркавання, але хацелася б, каб ён праходзіў спакойней. Сёння, да прыкладу, татуіроўкі ўжо не выклікаюць пытанняў. Я лічу, што чым больш будзе розных магчымасцяў для розных людзей, тым лепш і камфортней будзе для нас усіх».

Мастачка Ніка Сандрас, публікацыя якой выклікала хвалю эмоцыяў, у адным з каментароў у дыскусіі патлумачыла, што не мела на мэце пакрыўдзіць жанчын, якія кормяць, і што абураецца не кармленнем на публіцы, а калі працэс адбываецца дэманстратыўна.

«Я чытаю шмат дамскіх старонак у «Інстаграме» і там часта абмяркоўваецца пытанне варʼяцтва, жанчын, якія нараджалі, якія менавіта дэманстратыўна «вывальваюць» грудзі, лаюцца, мяркуюць, што ўвесь свет павінен перад імі схіляцца. Больш за тое, вы ведалі, што ёсць новы, ужо масавы рух жанчын, якія пасля родаў ядуць сваю плацэнту? Праводзяць семінары, як яе правільна прыгатаваць і г. д.

Мне не шанцуе, у «Інстаграме» я ўвесь час натыкаюся на гэтую дзіч і бачу, што гэты мэйнстрым завалодвае розумамі маладых мам, і мяне гэта палохае. Хадзіць з голымі грудзьмі, рабіць кактэйлі са сваёй плацэнты і піць – гэта па-за межамі майго сусвету.

У дзень, калі я напісала пост, я думала пра гэта. А потым убачыла фотасесію, дзе пераапранутыя ў савецкую форму дамы кормяць сваіх дзяцей. Сядзяць у вайсковай форме, у позе мадэляў з дзіцём на грудзях. Ну гэта ж нейкае цемрашальства. І галоўнае, не зразумела – навошта? Навошта рабіць з кармлення шоу? Гэта было апошняй кропляй, і мяне бамбанула. Я вельмі шкадую, што напісала гэты пост. Я зусім не ўлічыла, што калі разыграюцца эмоцыі, то маёй думкі, «навошта рабіць з кармлення публічнае, выступленне» проста не пачуюць, а пачуюць толькі: «я супраць кармлення на публіцы», – патлумачыла сваю пазіцыю Сандрас.

Допіс, які сабраў у дыскусіі некалькі сотняў каментароў і зыніцыяваў флэш-моб, мастачка ўжо выдаліла.

ПВ belsat.eu

Стужка навінаў