Дэлегацыя Польшчы ў Беларусі. Супраца краінаў і перспектывы будучыні


Спроба № 3. Польшча зноў спрабуе аднавіць дачыненні з афіцыйным Менскам, якія, перыядычна, спыняюцца з-за парушэння ў Беларусі правоў чалавека.

Калі ў Кітаі ды іншых экзатычных краінах, куды накіраваная бальшыня замежных візітаў Аляксандра Лукашэнкі, кіраўнік Беларусі заклікае падняць эканамічную супрацу да ўзроўню палітычных стасункаў, то, у выпадку Польшчы, паводле яго, палітычныя кантакты, наадварот, адстаюць ад эканамічных.

Беларусь патрэбная Польшчы, а Польшча – Беларусі

Польшча – сёмы, паводле памеру, гандлёвы партнёр Беларусі. Нягледзячы на перыядычную замаразку палітычных кантактаў – палякі да 2014 году, ня толькі штогод нарошчвалі пастаўкі ў Беларусь сваёй прадукцыі, але, часам выйгравалі ў кітайцаў і вялікія інвестыцыйныя падрады ў нашай краіне. Напрыклад, кампанія Унібэп пабудавала ў Менску гатэль Вікторыя, цяпер, за польскі крэдыт, збіраецца рэканструяваць трамвайныя шляхі ў Віцебску і спадзяецца на ўдзел у пабудове Газпром-цэнтру.

Пасля двух месяцаў абмену візітамі ніжэйшага ўзроўню, сёння ў Беларусь прыбыў віцэ-прэм’ер Польшчы Матэвуш Маравецкі. Гэта – найвышэйшы ўрадавы візіт Польшчы ў Беларусь з 1996 году.

«З польскага боку мы старылі адмысловыя фонды ў польскім Банку Развіцця і ў карпарацыі крэдытавага забеспячэння – для экспарцёраў у Беларусь. У такім памеры – 30 млрд. Злотых. То бок – няпоўных $ 10 млрд, яны раней не былі даступныя. А сярод нашых інвестыцыяў за мяжу Беларусь сёлета – на трэцім месцы», – зазначыў польскі віцэ-прэм’ер.

Пасля сустрэчы з Лукашэнкам, і наведвання беларуска-польскага дзелавога форуму, які сабраў 400 бізнесоўцаў з дзвюх краін, чыноўнікі прыступілі да галоўнай запланаванай справы – паседжання міжурадавай камісіі па вырашэнні канкрэтных тэхнічных пытанняў, якія замінаюць развіццю супрацы.

Дыялогу перашкаджае пратэкцыянізм

Сярод перашкодаў, якія чыніць польскі бок, згадваюцца антыдэмпінгавыя захады супраць беларускай прадукцыі. Перашкоды ў Беларусі бізнесоўцы звязваюць з надзвычайнай бюракратызацыяй краіны.

«Беларусь – вельмі цікавы рынак. У той жа час – відавочна – няпросты рынак, асабліва ў нашай галіне бізнесу – у інфраструктуры. Вельмі скрупулёзныя працэдуры дапушчэння, рэгуляванне ўжытку імпартаваных тавараў. З-за гэтага ўсяго працэс уваходу на рынак вельмі доўгі і дарагі», – скардзіўся Тамаш Шуба, старшыня «Tines Capital Group».

Прэсе нічога не казаць!

Сярод іншага, Аляксандр Лукашэнка папрасіў Польшчу дапамагчы Беларусі ў далучэнні да Сусветнай гандлёвай арганізацыі і закупаць электраэнергію з атамнай электрастанцыі ў Астраўцы. Рэакцыю польскага боку на гэтыя прапановы даведацца не ўдалося, бо, паводле настойвання Менску, афіцыйная праграма візіту не прадугледжвае адказаў на пытанні прэсы.

Станіслаў Івашкевіч, Менск

Стужка навінаў