«Дэкрыміналізацыя» вялікімі літарамі. Актывісты Legalize Belarus правялі пікет у цэнтры Менску


Актывісты кампаніі Legalize Belarus пікетавалі менскую плошчу Незалежнасці за дэкрыміналізацыю звароту кантраляваных рэчываў у малых колькасцях і супраць жорсткіх пакаранняў па артыкуле 328 Крымінальнага кодэксу.

14 удзельнікаў, у асноўным студэнты, прынеслі плакаты з вялікімі літарамі, з якіх складаецца слова «Дэкрыміналізацыя». Таксама яны прынеслі і тры лічбы – 328 (як артыкул КК). Яны арганізавана прайшлі да плошчы Незалежнасці і непадалёк ад помніку Леніна сталі ў ланцужок, трымаючы літары.

Паводле слоў аднаго з арганізатараў, Пятра Маркелава, акцыю вырашылі правесці менавіта сёння, бо 2 красавіка пачынаецца вясновая сесія ў Палаце прадстаўнікоў і актывісты патрабуюць, каб дэпутаты звярнулі ўвагу на пытанне дэкрыміналізацыі.

«Гаворка ідзе пра дэкрыміналізацыю звароты кантраляваных рэчываў у малой колькасці. Цяпер мы бачым, што ўлады кажуць толькі пра змякчэнне пакарання па артыкуле 328. Мы хочам паказаць, што ў грамадстве існуе запатрабаванне адмяніць крымінальную адказнасць за зварот у малых колькасцях. Пад петыцыяй, якую мы стварылі, ужо падпісаліся больш за тысячу чалавек», – сказаў Маркелаў.

«Мне вельмі шкада, што ў нас у краіне столькі людзей за кратамі без асаблівай прычыны. Калі 17-гадовую дзяўчынку затрымліваюць і даюць ёй 12 год, пры тым, што пацярпелых у справе няма, мяне кранае такая сітуацыя», – патлумачыла яшчэ адна ўдзельніца.

Пікет прадоўжыўся ўсяго некалькі хвілін. Супрацоўнікі міліцыі ў цывільным сачылі за пікетоўцамі і здымалі іх на відэа. Паводле інфармацыі назіральнікаў #controlby, затрыманняў не было.

Першую падобную акцыю актывісты Legalize Belarus правялі ў снежні мінулага году, яна называлася «канапляная каляда». За гэта суд збіраўся аштрафаваць Маркелава, але пратакол адправілі на дапрацоўку. Наступны пікет адбыўся 17 лютага каля ўніверсаму «Цэнтральны» – тады затрымання не было, як і сёння.

Пры гэтым, усе свае актыўнасці ўдзельнікі кампаніі з гарадскімі ўладамі не ўзгадняюць.

Раней міністр унутраных спраў Ігар Шуневіч заявіў, што ў Беларусі «не адбудзецца ніводнай несанкцыянаванай акцыі».

Кацярына Андрэева, фота – Ірына Арахоўская, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары