Дэіва Гана выпісалі з менскага шпіталя


Дэіў Ган з менскімі медыкамі, фота Аляксандра Манышава

Вакаліста «Depeche Mode» выпісалі з 9-га менскага гарадскога шпіталя.

Лекары ацэньваюць стан музыкі як задавальняльны.

Сёння раніцай Дэіва Гана агледзелі лекары, якія прынялі рашэнне аб выпісванні. Саліст вядомага грута ў нармальным стане, размаўляў з лекарамі.

Дыягназ – мезадэніт

Tut.by са спасылкай на крыніцы ў медычных колах паведамляе, што Дэіва Гана шпіталізавалі з моцнымі болямі ў жываце.

«Яму зрабілі ўльтрагукавое даследаванне і ўзялі ўсе неабходныя аналізы. Займаліся артыстам вельмі добрыя лекары – прафесары. УГД не выявіла паталогіі. Лекары адзначылі, што для сваіх 55 гадоў Ган у вельмі добрай форме. Яму паставілі дыягназ «мезадэніт» (запаленне лімфатычных вузлоў брыжэйкі кішэчніка, якое суправаджаецца інтаксікацыйным сіндромам і хваравітымі адчуваннямі ў вобласці жывата. – заўв.)», – распавялі ў медычных колах.

Ці будзе канцэрт

Учора стала вядома пра адмену менскага канцэрту «Depeche Mode». Прычына адмены – хвароба вакаліста Дэіва Гана, якога шпіталізавалі ў 9-ы менскі гарадскі шпіталь.

Пасля навіны пра шпіталізацыю саліста «Depeche Mode» на старонцы калектыву з’явілася наступная заява:

«З жалем паведамляем, што ў сувязі з хваробаю аднаго з чальцоў гурту «Depeche Mode» не ў стане выступіць сёння 17 ліпеня ўвечары на Менск-арэне, Беларусь.

Цяпер мы шукаем любыя магчымасці пераносу шоу на іншыя даты ў межах тура.

Спадзяемся, што зможам расказаць больш падрабязнасцяў цягам тыдня.

Просім усіх прыхільнікаў з квіткамі на сённяшняе шоу дачакацца падрабязнасцяў адносна пераносу гэтага канцэрту і / або кампенсацыі кошту.

Нашыя шчырыя прабачэнні ўсім нашым фанам у Менску, мы ўдзячныя за ваша разуменне і цярплівасць».

Глядзіце таксама:

НМ, belsat.eu

Стужка навінаў