Дэфіцыт бюджэту ў 2021 годзе складзе Br4 млрд. Эканаміст: «Гэта яшчэ аптымістычны прагноз»


Рэспубліканскі бюджэт Беларусі 2021 года плануецца з дэфіцытам Br4 млрд. Пра гэта паведаміў 17 снежня першы намеснік міністра фінансаў Дзмітрый Кійко на пашыраным пасяджэнні Палаты прадстаўнікоў па бюджэце і фінансах, піша БелТА.

«Дэфіцыт рэспубліканскага бюджэту на 2021 года прадугледжана ў суме Br4 млрд, або 2,6% да ВУП, які будзе прафінансаваны за кошт унутраных рэзерваў», – сказаў Дзмітрый Кійко.

Даходы бюджэту ацэньваюцца на ўзроўні Br23,3 млрд, выдаткі – Br27,3 млрд.

Бюджэт Беларусі будзе дэфіцытным другі год запар: дэфіцыт бюджэту на 2020 год планаваўся на ўзроўні 995,1 млн. Аднак і гэтых паказнікаў, імаверна, дасягнуць не атрымаецца. Яшчэ перад прэзідэнцкімі выбарамі міністр фінансаў Юрый Селіверстаў заявіў, што бюджэт Беларусі можа недаатрымаць у 2020 годзе да Br4 млрд праз сітуацыю з нафтай і запаволення эканамічнага росту на фоне пандэміі.

Кіраўнік аналітычнага фонду Мізэса Яраслаў Раманчук у каментары belsat.eu адзначыў, што сітуацыя ў 2021 годзе будзе значна горш, чым прагназуе ўрад:

«Міністэрства фінансаў яшчэ вельмі аптымістычна, бо 4 млрд будзе яшчэ сёлета, а ў наступным годзе, гледзячы на фінансавыя паказнікі прадпрыемстваў і як імкліва зʼязджаюць прадпрымальнікі з краіны, дэфіцыт будзе мінімум у два разы больш. Таму, я думаю, бюджэт зроблены сыходзячы з нерэалістычнага прагнозу развіцця эканомікі. Мяркую, Мінфін будзе вымушаны скарачаць выдаткі або спрабаваць пазычаць грошы ў кітайцаў або расейцаў, бо іншыя рынкі відавочна для іх закрытыя».

ІІ belsat.eu

Стужка навінаў