«Deep Purple» прыедуць у Беларусь, каб развітацца


4 чэрвеня ў Мінску адбудзецца канцэрт легендарных «Deep Purple».

Музыкі выступяць у «Чыжоўка-арэне» у межах сусветнага «The Long Goodbye Tour», прысвечанага 50-годдзю гурта.

Адзін з найбольш уплывовых калектываў у гісторыі рок-музыкі прывязе ў Менск лепшыя песні і новы альбом «Infinite» (2017). На сцэну выйдуць Іэн Гілан (вакал), Роджэр Гловер (бас-гітара), Іэн Пэйс (бубны), Сціў Морс (гітара) і Дон Эйры (клавішныя).

Маштабнае турнэ «The Long Goodbye» пачалося ў траўні 2017. Музыкі кажуць, што на гэтым гісторыя гурта можа не скончыцца – магчымыя новыя запісы. Але прызнаюцца, што ўзрост бярэ сваё.

«Гэта апошні вялікі сусветны тур», – сказаў Іэн Пэйс у інтэрв’ю парталу «Rock Antenne».

«Deep Purple» праславіліся на ўвесь свет амаль паўстагоддзя таму з класічнымі альбомамі «In Rock» (1970), «Machine Head» (1972) і «Made In Japan» (1973), які ўключаў знакамітую «Smoke On The Water».

Тым не менш, гурт дагэтуль актыўна стварае якасную і паспяховую музыку. Новы дыск «Infinite» (2017) узняўся на шосты радок альбомнага чарту ў Вялікай Брытаніі, а таксама заняў першае месца ў Нямеччыне і Швейцарыі, увайшоў у топ-5 у Аўстрыі, Італіі, Нарвегіі, Швецыі, Фінляндыі.

«Deep Purple» застаюцца адным з найбольш папулярных канцэртных калектываў свету. Толькі за час туру ў падтрымку папярэдняга альбома «Now What?!» (2013) на канцэрты гурта было прададзена больш за мільён квіткоў.

«Deep Purple» (Вялікая Брытанія) у межах «The Long Goodbye Tour»

4 чэрвеня – Мінск, «Чыжоўка-арэна» – 20:00

Квіткі: ад 55 да 130 руб.

Продаж анлайн: Chg.by, Kvitki.by, Ticketpro.by

Продаж у касах: Kvitki.by, Ticketpro.by, а таксама салонах «Евросеть» і «Связной» па ўсёй Беларусі.

VIP-пакеты ад гурта (дзейнічаюць толькі з квітком) – www.vipshowtix.com

Інфалінія: (044) 722 87 40

Глядзіце таксама:

Стужка навінаў