Дэбаты пра дэбаты. Украінцы вымагаюць ад кандыдатаў рэальнай сустрэчы


Перадвыбарчая гонка другога туру ва Украіне раптоўна змяніла танальнасць. Пасля агрэсіі, гучных абвінавачанняў ды зліваў кампраматаў у першым туры супрацьстаянне двух асноўных кандыдатаў ператварылася ў спаборніцтва па крэатыўнасці і перамясцілася ў YouTube. Грамадства шырока абмяркоўвае абставіны ды ўмовы дэбатаў – першай рэальнай дыскусіі прэтэндэнтаў на пасаду кіраўніка краіны. Адмыслоўцы сціпла прапануюць зазірнуць у заканадаўства.

Кроў, пралітая ў эфіры

Уладзімір Зяленскі, каманда якога яшчэ нядаўна не мела адзінай пазіцыі па пытанні патрэбнасці дэбатаў, вымагае сустрэчы з прэзідэнтам Пятром Парашэнкам на стадыёне «Алімпійскі» ў Кіеве і запрашае арбітрам Юлію Цімашэнку.

Пятро Парашэнка пагаджаецца на стадыён, заклікае праціўніка «быць мужыком», аднак запрашэнне кандыдаткі нумар 3 весці дэбаты называе абразлівым для яе і ейных выбарнікаў.

Раніцай 5 красавіка абодва кандыдаты здаюць кроў у прамым эфіры – кандыдат Зе! у прыватнай лабараторыі, Парашэнка – у медпункце стадыёну «Алімпійскі».

Паказальная здача аналізаў ініцыяваная Зяленскім – каб даказаць, што між іх няма «алкаголікаў і наркаманаў». Абодва не давяраюць выбару медычнай пляцоўкі свайго апанента, абодва запрашаюць «да сябе», пры гэтым Зяленскі здае кроў раней за прапанаваную Парашэнкам гадзіну. Ізноў нестыкоўка – кандыдаты, як былі, гэтак і засталіся ў розных плоскасцях.

Публічнае праліванне кандыдацкай крыві адразу ж выкарысталі некаторыя прыватныя фірмы, напрыклад, адная лабараторыя падрыхтавала рэкламу па гарачых слядах. Скрыншот facebook.com/synevolab

Кандыдат з белымі плямамі

Тым часам рэальнай сустрэчы прэтэндэнтаў на больш чым рэальную пасаду чакаюць большасць украінскіх выбарнікаў. Як паказала агульнанацыянальнае апытанне, праведзенае фондам «Дэмакратычныя ініцыятывы» супольна з Кіеўскім міжнародным інстытутам сацыялогіі, 73,5 % украінцаў лічаць, што кандыдаты, якія праходзяць у другі тур, мусяць брать удзел у публічных дэбатах. Калі тэледэбаты адбудуцца, глядзець іх у любым выпадку збіраюцца 42 % грамадзянаў.

Тым больш, што пазіцыі кандыдатаў, асабліва лідара гонкі Уладзіміра Зяленскага, па ключавых пытаннях часта абмяжоўваюцца агульнымі фразамі. Паводле вынікаў сацапытання, толькі 20 % выбарнікаў Зяленскага лічаць, што добра ведаюць прапановы свайго кандыдата па ўсталяванні міру на Данбасе. Яшчэ менш – 18 % – ведаюць, як іхны абранец збіраецца паводзіцца ў дачыненні да Расеі. Ці жадае Зяленскі працягваць еўраінтэграваць Украіну, могуць адказаць 22 % тых, хто збіраецца ставіць птушку насупраць ягонага прозвішча ў бюлетэні. 16 % выбарнікаў кандыдата Зе! ведаюць, што Зяленскі збіраецца рабіць з NATO.

Інфаграфіка belsat.eu

«За час кіравання Пятра Парашэнкі былі дасягнутыя магутныя змены ў вызначэнні нашага курсу. Гэта еўрапейскі кірунак, які ўжо сапраўды незваротны, – спяшаецца запэўніць дарадца Уладзіміра Зяленскага Ірына Венедыктава пад час круглага стала, прысвечанага арганізацыі дэбатаў. – Мы ёсць еўрапейцамі, мы жывем у Еўропе, мы еўрапейцы паводле ментальнасці і каштоўнасцяў. І праеўрапейскі кірунак, які ёсць зараз, застанецца ўжо назаўжды».

Ірына Венедыктава, дарадца Уладзіміра Зяленскага. Фота – Адэля Дубавец, belsat.eu

Разам з тым, дарадца кандыдата заклікала не верыць у кампліменты, якія Зяленскаму робяць у Расеі, асабліва калі гэта кампліменты ад «таксічных асобаў, якія выступаюць супраць цэласнасці Украіны».

Запытаная пра пазіцыю Зяленскага па NATO, Венедыктава адказала, што пытанне бяспекі, вайны, вяртання анексаванага Крыму і акупаваных земляў на ўсходзе трывожыць і лідара прэзідэнцкай гонкі:

«Уладзімір Зяленскі апошнія чатыры тыдні шчыльна займаецца тым, што прапрацоўвае розныя варыянты з рознымі групамі экспертаў. Што тычыцца NATO, увесь час праходзілі і праходзяць сустрэчы з экспертамі міжнароднага ўзроўню, прозвішчы якіх вельмі паважаюць у свеце, з вайсковымі журналістамі, аўтарытэтнымі ў нашай краіне, і з валанцёрамі. І з ветэранамі АТО».

«Тыя, хто сёння можа вырашаць нешта ў краіне, гэта людзі, якія ваявалі, бо яны шчырыя, сапраўдныя, выпрабаваныя дабром і злом. Гэта яны будуць вырашаць, маё слова супраць іхнага слова – нішто», – загадкава падсумавала дарадца кандыдата Зе!.

І паўстадыёну ў прыдачу

Паводле заканадаўства Украіны (пастанова Цэнтральнага выбарчага камітэту), дэбатамі лічыцца гадзінная сустрэча кандыдатаў у наўпроставым эфіры ў студыі грамадскага тэлебачання ўвечары перад днём цішыні. За арганізацыю ды трансляцыю ў гэтым выпадку плоціць тэлебачанне.

Сустрэча на стадыёне, да якой рыхтуюцца кандыдаты зараз, фармальна дэбатамі не будзе. Яе кандыдаты мусяць аплаціць з уласнай кішэні. Пятро Парашэнка ўжо прапанаваў заплаціць сваю палову. Цяпер загадка для дзейнага кіраўніка дзяржавы, і для ўсяго грамадства – ці дойдзе да сустрэчы на стадыёне кандыдат, які кінуў віртуальную пальчатку.

Галасаванне ў тэлеграм-канале Пятра Парашэнкі

Кампанія перад другім турам з ягоным спаборніцтвам праз YouTube ды рэактыўнасцю віртуальных групаў падтрымкі ўжо нават больш, чым серыял «Слуга народу», нагадвае серыял «Чорнае люстэрка». Не дзіва, што рэальныя дэбаты, дзе абодва кандыдаты гаварылі б пра рэальныя планы і размаўлялі не праз змантаваныя загадзя гатовыя ролікі – вымаганне такой колькасці ўкраінскіх грамадзянаў. Пасля таго, як перадвыбарчае шоў скончыцца, ім наканавана адысці ад экранаў і ўбачыць ягоныя рэальныя вынікі.

Чытайце таксама:

Інфаграфіка
«Facebook» – за Парашэнку, а «УКантакце» – за Зяленскага
2019.04.01 17:48

Адэля Дубавец, belsat.eu

Стужка навінаў