Дэбаты на «Белсаце»: Меляшкевіч і Шапуцька спрачаюцца, ці варта браць у Зайдэса грошы на Курапаты. СТРЫМ


Бізнесовец, адзін з уласнікаў рэстарацыі «Поедем, поедим» Леанід Зайдэс прапанаваў Таварыству аховы помнікаў грашовае ахвяраванне на шэраг праектаў па мемарыялізацыі Курапатаў, і там пагадзіліся прыняць дапамогу. Удзельнікі пратэставай варты, якая стаіць пад брамай рэстарацыі ўжо некалькі месяцаў, рэзка асудзілі такое пагадненне. Belsat.eu запрасіў на дэбаты асобаў з супрацьлеглымі пазіцыямі, каб паспрабаваць разабрацца ў праблеме.

8 лістапада стала вядома, што перамовы з Зайдэсам ад імя таварыства вёў Юрый Меляшкевіч. У нашым эфіры ён патлумачыць, якім чынам з ім скантактаваліся прадстаўнікі Зайдэса, на што канкрэтна бізнесовец гатовы выдаткаваць грошы, і прычым тут роля дзяржавы.

Актывістка, актыўная ўдзельніца пратэставай варты Ганна Шапуцька сцвярджае, што намагалася пераканаць Меляшкевіча не ісці на кампраміс з Зайдэсам, аднак плёну гэтыя спробы не прынеслі. Дарэчы, менавіта таму інфармацыя ўвогуле патрапіла ў сеціва. Спрэчка разгарнулася пад адным з пастоў Ганны ў Facebook. Мы распытаем Ганну Шапуцьку, чаму яна лічыць недапушчальным браць грошы ва ўласніка «Поедем, поедим» і як павінна выглядаць у будучыні абарона Курапатаў.

Стрым дэбатаў пачнецца сёння а 17-й гадзіне. Паглядзець яго можна онлайн на старонцы «Белсату» у «Фэйсбуку», а таксама на сайце «Белсату».

Мы заклікаем гледачоў дасылаць пытанні падчас жывога эфіру проста ў каментары пад стрымам – удзельнікі дэбатаў адкажуць на найцікавейшыя.

Hавiны
Абарона Курапатаў-2018 і 2017: параўноўваем, хто што рабіў ды казаў
2018.06.09 11:21

Што трэба ведаць пра супрацьстаянне ў Курапатах

  • Абарона Курапатаў сёлета трывае з пачатку чэрвеня. Ужо пяць месяцаў актывісты стаяць ля брамы рэстарацыі «Поедем, поедим» і патрабуюць яе ліквідаваць, бо літаральна ў 50 метрах ад забаўляльнай установы знаходзіцца месца сталінскіх расстрэлаў.
  • Пратэстоўцаў рэгулярна штрафуюць, некалькі разоў на іх наязджалі машыны нібыта наведнікаў рэстарацыі, узнікалі бойкі з ахоўнікамі. Толькі цягам лета Павел Севярынец правёў за кратамі ізалятару 30 дзён.
  • Галоўнае патрабаванне абаронцаў – закрыццё рэстарацыі. На іншых умовах яны не гатовыя да дыялогу з уласнікамі.
  • Леанід Зайдэс, у сваю чаргу, заяўляў, што «не будзе весці перамовы з шантажыстамі». «З людзьмі, якія паліваюць нас брудам і спрабуюць ціснуць на нашых партнёраў, мы будзем размаўляць толькі ў судзе», – сказаў ён у ліпені падчас прэс-канферэнцыі. Пасля яе ўсіх журналістаў вывелі з будынку рэстарацыі.
  • Міністэрства культуры абвясціла конкурс на праект мемарыяльнага знаку ў Курапатах. У выніку дзяржава адабрала праект скульптара Сяргея Аганава. На гэтым тыдні знак усталявалі на гэтак званай Галгофе – месцы, дзе ў трыццатыя гады НКВД расстраляла паводле розных падлікаў ад 30-ці да 250-ці тысячаў чалавек. Гэты дзяржаўны помнік выклікаў дыскусію ў грамадстве.
  • Леанід Зайдэс прапанаваў грашовую дапамогу на мемарыялізацыю Курапатаў Таварыству аховы помнікаў гісторыі і культуры. Абаронцы, што стаяць ад лета на варце ля рэстарацыі, катэгарычна асудзілі намер таварыства прыняць грошы.

Кацярына Андрэева, belsat.eu

Стужка навінаў