Даў каманду: «Назад!»

Зварот дзейнага кіраўніка краіны да народу і Нацыянальнага сходу – 2020. Кадр тэлетрансляцыі АНТ

Лукашэнка пасылае Беларусь у мінулае

Памятаеце, ва Уладзіміра Высоцкага была такая песня:

В далёком созвездии Тау Кита

Всё стало для нас непонятно.

Сигнал посылаем: «Вы что это там?»

А нас посылают обратно.

Адчуванне пасля чарговага паслання Аляксандра Лукашэнкі парламенту і народу такое, што яны ўсе там, уключна з Наталляй Качанавай, жывуць у далёкім сузорʼі Тау Кіта. Шматлікія мітынгі ў падтрымку Святланы Ціханоўскай, здавалася б, як цалкам выразны сігнал. Людзі хочуць пераменаў. Узамен іх (гэта значыць, нас) пасылаюць назад ды тлумаць: нічога ў корані мяняць мы не будзем, наадварот – усё ўмацуем яшчэ больш. Упершыню за ўсе гады падобных пасланняў Аляксандр Лукашэнка ўжыў словазлучэнне «мая дактрына» – і тут аказалася, што гэта дактрына не развіцця, але паляпшэння як раз таго, супраць чаго пратэстоўцы і выступаюць. А выступаюць яны супраць прэзідэнцкага ўсёведання і ўсяўладдзя.

Лукашэнка выйшаў да некаторых гасцей. Пасланне да беларускага народа і Нацыянальнага схода -2020. Фота з сайта кіраўніка Беларусі.

Становіцца зразумелай і тая небывалая істэрычнасць, з якой Аляксандр Лукашэнка змагаецца за сваё захаванне ва ўладзе. Ён наўпрост звярнуўся да сходу: атрымай які-небудзь іншы прэзідэнт дзейную Канстытуцыю, і можа адбыцца круты паварот! А куды? У Лукашэнкі ёсць толькі адзін адказ: у мінулае! У 1990-я гады!

Мяркуючы з ягоных аповедаў, гэта былі страшныя часы. Банды раз’язджалі па вуліцах Нью-Ёрк… цьфу! Па вуліцах Менску, і няшчаснаму Віктару Шэйману з пісталетам у руках даводзілася іх абясшкоджваць. Самога Лукашэнкі абстрэльвалі (у Лёзна?), збівалі (адарвалі гузік на пінжаку пры спробе прарвацца ў адабраны ў яго кабінет старшыні парламенцкай камісіі?), пераследвалі (гэта калі ён прайграў на выбарах народнага дэпутата СССР?) – і іншае, іншае, іншае. З цяжкасцю аднаасобна ён выцягнуў краіну з гэтай прорвы, і цяпер з цяжкасцю ўтрымлівае моладзь, якая, таго і глядзі, скочыць у гэтую прорву, каб заняцца там павальнай прыватызацыяй і іншымі смяротнымі грахамі. А гэтая моладзь – такія ж нашыя дзеці, як і няшчасныя амапаўцы, якіх збіваюць проста на вуліцы (куды толькі Шэйман глядзіць? або пісталет ужо зусім заржавеў?).

У Палацы Рэспублікі 2500 слухачоў. Кажа Аляксандр Лукашэнка. Фота з сайта кіраўніка Беларусі.

Свет падзяліўся на страшнае мінулае і светлае мінулае. У светлае мінулае ўвайсці можна толькі пад кіраўніцтвам дзейнага Лукашэнкі, у страшнае мінулае, вяршыняй якога, трэба меркаваць, з’яўляецца Канстытуцыя 1994 года, увайсці нам не дазволяць. Ад будучыні засталося абяцанне павысіць сярэдні заробак у два разы.

Цяпер вяртаемся да Наталлі Качанавай.

Разумная і прывабная жанчына сядзела ў першым шэрагу і бачыла ўсё тое, што яна бачыла да гэтага часу – але ў не гэтак канцэнтраванай форме. На сцэне стаяў стары, які страціў былую харызму, з ацеклым тварам. Ён часцей, чым трэба было б, падносіў хустку да ілба, хоць было відаць нават на экране, што асвятленне сцэны было пастаўлена так, каб старому не было горача. На «раскачагарку» прамоўцы сышла прыкладна траціна часу з паўтары гадзіны – што проста рэкорд, паколькі раней Аляксандр Рыгоравіч заводзіўся з паўабароту. Качанава не абарочвалася, каб зірнуць на аўдыторыю, але дакладна чула: няма былых усмешак, гаворка не перарывалася апладысментамі. Стомленасць намінальнага аўтара паслання перадавалася зале, і толькі Ігар Марзалюк (не плакаў на гэты раз) і Генадзь Давыдзька (яму не прывыкаць прысутнічаць пры здачы слабых спектакляў) малявалі ўвагу, ды пластычны хірург Алег Румо шчыра спрабаваў зразумець, пра што ідзе гаворка.

Першы шэраг слухачоў падчас Паслання да беларускага народу і Нацыянальнага сходу. 4 жніўня 2020. Фота з сайта кіраўніка Беларусі.

Зразумець было цяжка. Аўтары паслання (рэальныя) не здолелі вытрымаць думкі, таму тэкст складаўся са скаргаў на няўдзячнасць тых, каго прэзідэнт (бацька) выкарміў уласнымі грудзьмі (малаком?), ужо пазначаных вышэй страшылак і тых жа тэзісаў, з якіх складаліся папярэднія пасланні. Хіба што спадарыня Качанава асабіста адрэдагавала некаторыя пасажы.

Было відаць, што Наталлі Іванаўне сумна. Не, сто сорак секунд, якія публіка пляскала пусты сцэне, яна таксама стаяла ды ветліва складала далоні. Але яна глядзела ўніз, на падлогу. Здавалася, што яе абяцанне быць з прэзідэнтам да канца ў гэтыя сто сорак секунд яна ўспрымала як заўчаснае. І стары не ацэніць, і народ пасля такога маркотнага відовішча не зразумее: нахалеру, маці, ты ва ўсё гэта ўлезла? Магла б і абыйсці старонкай.

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў