Дата дня: 110 год таму забаранілі газету «Наша доля»




Рашэннем віленскага суду 110 год таму, 11 студзеня 1907 году, было забаронена выданне газеты «Наша доля». Галоўны рэдактар і выдавец «Нашай долі» Іван Тукеркес быў прыгавораны да турэмнага зняволення на 1 год.

110 гадоў таму, у гэты самы дзень, першая газета на беларускай мове «Наша доля» перастала існаваць. На пачатку XX стагоддзя выданне стала месцам згуртавання авангарду беларускай інтэлігенцыі.

У «Нашай долі» дэбютаваў будучы народны паэт Якуб Колас. У першым нумары быў змешчаны яго верш «Наш родны край». Побач з яшчэ не закрытай газетай «Наша доля» пачалі выдаваць «Нашу ніву». У сваёй перадавіцы яна абазначыла задачу: будзіць у Беларусі Чалавека, Грамадзяніна. «Наша ніва» дала дарогу ў літаратуру Янку Купалу, Максіму Багдановічу.

Першая легальная грамадска-палітычная і літаратурная газета «для вясковага і местачковага рабочага люду» выйшла ў свет адначасна лацінкаю і кірыліцай на васьмі старонках невялікага фармату агульным накладам 10 тысяч паасобнікаў. У артыкулу «Да чытачоў» газета сфармулявала сваю праграму так:

Пісаць мы будзем для вёскі і будзем бараніць справы вясковых людзей. Лічачы найбольшым ворагам цямноту і бяспраўнае палажэнне мужыка, мы аб’яўляем вайну ўсім цёмным сілам, каторым дзеля карысці сваёй вялікая выгада была трымаць васьмімільённы народ беларускі ў няволі і паняверцы, баламуціць і дурыць яго. … Мы маем надзею, што «Наша доля» разыдзецца далёка па ўсёй нашай маці зямліцы Беларускай…

Глядзіце на belsat.eu «Гісторыя пад знакам пагоні» пра газету «Наша доля»

Сёння справу «Нашай долі», а менавіта папулярызацыю беларускай мовы ў медыях працягвае, у тым ліку, і тэлеканал «Белсат».

Афіцыйна ў Беларусі дзень, калі выйшла першая беларускамоўная газета, пакуль не адзначаецца. Днём друку прызнаная дата зʼяўлення ў свет расейскай бальшавіцкай газеты «Правда».

ВД, belsat.eu

Стужка навінаў