Дастаўка польскай нафты ў Беларусь тэхнічна магчымая, – «Гомельнафта Дружба»


Дастаўка нафты з Гданьску па нафтаправодзе «Дружба» у рэжыме рэверсу тэхнічна магчымая, заявіў журналістам 15 студзеня галоўны інжынер ААТ «Гомельтранснафта Дружба» Андрэй Вярыга.

Вярыга нагадаў пра «брудную» нафту, якая трапіла ў красавіку ў Беларусь і была выцесненая рэверсам назад з Польшчы па тых жа «трубах», што дапамагло пазбегнуць шэрагу праблем.

«Іншая справа, што ў Польшчы сёння няма тэхнічнай магчымасці пампаваць нафту да сябе і ад сябе адначасова, але яна можа рабіць гэта з прыпынкамі. Дапусцім, тыдзень качаем на Мазыр, а тры тыдні з Мазыра. То бок, гэта задача, якая цалкам тэхнічна рэалізуецца, калі Польшча пойдзе насустрач. Мы гэта абмяркоўваем. Краіна павінна мець стабільныя варыянты альтэрнатыўных паставак з усіх магчымых напрамкаў», – цытуе Вярыгу TUT.by

Напярэдадні расейскія СМІ са спасылкай на прэс-службу польскага аператара «Дружбы» паведамлялі, што інфраструктура нафтаправода не дазволіць транспартаваць нафту з Польшчы ў Беларусь, захаваўшы пастаўкі на свае НПЗ.

24 снежня Аляксандр Лукашэнка ў інтэрв’ю «Эху Москвы» заявіў, што Менск, калі не дамовіцца з Масквой па пастаўках нафты, будзе шукаць альтэрнатыўныя спосабы паставак, у тым ліку выкарыстоўваць рэверс саудаўскай або амерыканскай нафты праз Гданьск.

Hавiны
У Польшчы пракаментавалі магчымасць паставак нафты ў Беларусь
2020.01.14 19:44

КА belsat.eu

Стужка навінаў