«Тэсты робяць, толькі калі вельмі-вельмі настойліва ціснуць». Колькі ў Беларусі перахварэла на COVID-19?


Першая партыя расейскай вакцыны «Sputnik V» паступіла ў Беларусь, з канца снежня 2020-га ў краіне пачынаецца кампанія вакцынацыі.
Фота: Stringer / TASS / Forum

53-гадовы жыхар Жодзіна Улад перанёс каронавірус. Інфекцыя пачалася з традыцыйных сімптомаў: страта смаку, пахаў, нядужасць. Працаўнік БелАЗу звярнуўся ў шпіталь, дзе яму зрабілі тэсты і накіравалі на хатняе лекаванне. А праз дзесяць дзён нават не пацікавіліся станам здароўя, а проста выпісалі бальнічны, распавёў «Белсату» Улад.

Улад кажа, што перахварэў на COVID-19 даволі лёгка: не пачуваўся вельмі блага і не было неабходнасці наведваць больніцу. Спачатку ў ягонай сям’і захварэлі жонка і дачка.

«Я думаю, што ад іх заразіўся. Яны здавалі кроў. Вось толькі ім сказалі, што яны «чыстыя», маўляў, няма ў іх каронавіруса. Але мне падаецца, што гэта хлусня. Бо жонка таксама не адчувала смаку і пахаў. Доўга хварэла і дачка. Праз некаторы час пасля зʼяўлення сімптомаў у жонкі, я таксама перстаў адчуваць смак і пахі, пагоршыўся стан здароўя. Я прыехаў у больніцу, дзе мне зрабілі здымак лёгкіх, узялі мазок, я здаў кроў. А праз два дні пазванілі і сказалі, што вынік станоўчы і каб выконваў самаізаляцыю. Дактары сказалі прыйсці ў больніцу праз 10 дзён. І на гэтым нейкі агляд, візіты ці кантакты з медыкамі проста спыніліся. У вызначаны тэрмін я прыйшоў у шпіталь, забраў звальненне. Я казаў, што кепска сябе адчуваю, папрасіў, каб узялі яшчэ раз кроў на аналізы. Але мне анічога не адказалі, проста аддалі бюлетэнь і сказаў, каб сыходзіў», – кажа Улад.

Hавiны
Стала вядома, калі ў Беларусі пачнуць прышчапляць ад каронавіруса ўсіх ахвотных
2021.01.18 09:06

Мужчына не задаволены такім стаўленнем. Бо акрамя бюлетэня дактары не далі іншых папераў. Рэч у тым, што на БелАЗе, дзе ён працуе, выдаюць грашовую дапамогу тым, хто перахварэў на COVID-19. А ў яго такіх дакументаў не было, а цяпер даводзіцца зноў звяртацца ў шпіталь.

«Я некалькі разоў пасля перанесенай інфекцыі звяртаўся ў больніцу, каб узяць даведку, што быў інфікаваны, але гэта аказалася няпроста. Такое адчуванне, што не хочуць выдаваць такіх даведак, баюся, мне выдадуць даведку, што ў мяне была звычайная вірусная інфекцыя. Напрыклад, на БелАЗе шмат інфікаваных. Але людзям ставяць дыягназ не COVID-19, а толькі вірусныя інфекцыі. Робіцца гэта для таго, каб проста не псаваць статыстыкі. Калі я першы раз прыйшоў у больніцу, то медыкі выпісвалі дакументы, паводле якіх у Жодзіне за 1 студзеня былі дзве смерці ад каронавіруса. І калі агулам падлічыць, то зусім не 8-9 пацыентаў паміраюць штодня ў краіне. Мне падаецца, што можна смела ў дзесяць разоў павялічваць статыстыку», – мяркуе Улад.

Людзі стаяць у чарзе, каб здаць тэст на каронавірус другі раз, першы вынік быў адмоўны.
Фота: Belsat.eu

Афіцыйная статыстыка толькі шкодзіць

Дактары таксама выказваюць меркаванне, што афіцыйная статыстыка не адлюстроўвае рэальнага ліку інфікаваных і памерлых ад каронавіруса. Гэтак, эпідэміёлаг Вольга распавяла «Белсату», што сама цяпер на бальнічным. Паводле ўсіх сімптомаў, у яе COVID-19.

«Мы наўрад ці выйшлі на плато, наўрад ці мы выйшлі на сапраўднае зніжэнне, бо хварэюць вельмі шмат. А ў Мінздароўя з’яўляюцца звесткі толькі пра тых, у каго інфекцыя пацвярджаецца лабараторна. Вось, напрыклад, я цяпер хварэю, але мне не рабілі тэстаў і не збіраюцца рабіць, толькі калі я вельмі настойліва буду ціснуць, што я эпідэміёлаг і, маўляў, будуць праблемы, калі мне не зробяць тэсту. Проста не робяць тэстаў. Да таго ж у тэстаў ёсць памылковыя адмоўныя вынікі», – распавяла эпідэміёлаг.

Падчас першай хвалі каронавіруса ў Беларусі стаўленне з боку дзяржавы было іншае. Звальненні выпісваліся на два тыдні. Збольшага рэгулярна рабіліся тэсты. А падчас другой хвалі бальнічныя выпісваюць толькі на 10 дзён, а тэсты сапраўды, як паведамляюць чытачы «Белсату» з усёй краіны, робяць толькі калі пацыенты вельмі настойваюць на гэтай працэдуры.

«Мне складана пракаментаваць, адкуль і чаму такія змены. Магчыма, гэта робіцца, каб была больш-менш прыгожая статыстыка. Але цяпер часцей і больш складана хварэюць людзі. Я рабіла апытанне: цяпер вельмі мала семʼяў, у якіх родныя не хварэюць на каронавірусную інфекцыю», – кажа доктарка.

Меркаванні
Каму вакцына, а каму гульні ў час заразы
2021.01.12 13:13

На думку эпідэміёлага, складана растлумачыць і сэнс змяншэння лічбаў у афіцыйнай статыстыцы, бо гэта прыносіць толькі негатыўныя наступствы.

«Чым большая лічба будзе ў статыстыцы, тым больш адказна будуць ставіцца людзі да пагрозы, тым больш адказна будуць ставіцца да свайго здароўя. Мы разумеем, што лічбы заніжаныя. У нас не ставяць дыягназу “каронавірус”, хворым на запаленне лёгкіх таксама не ставяць COVID. Шмат і памылковых вынікаў. Калі лічбы былі б большыя, то гэта было б лепей для людзей», – распавяла Вольга.

Ахвяраў каронавіруса ў Беларусі больш за 20 тысячаў?

Даследнік Андрэй Елісееў лічыць, што насамрэч у Беларусі ад каронавіруса памерлі сама меней 20 тысяч асобаў. Свае высновы ён апублікаваў у сваім Telegram-канале.

Андрэй Елісееў робіць аналіз на падставе вядомых звестак, сярод якіх і колькасць памерлых дактароў ад каронавіруса. Медыкі паведамляюць, што падчас эпідэміі інфекцыя забрала жыцці 143 дактароў. У выніку ў Беларусі ўтварылася анамалія, бо страты сярод медыкаў нібыта склалі да 8–10 % ад усіх памерлых. Але ў большасці краінаў свету гэты паказнік складае каля 1 %.

«Параўнанне колькасці смерцяў медыкаў у Беларусі і Польшчы дазваляе выказаць здагадку, што і агульная колькасць смерцяў ад каронавіруса наўрад ці вельмі моцна адрозніваецца ад агульнапольскага паказніку. Гэта значыць, што лічба перавышае 20 тысячаў», – мяркуе даследнік.

Акрамя таго, Елісееў прыводзіць і звесткі, якія Міністэрства аховы здароўя перадало ў ААН. Разыходжанне ў гэтай статыстыцы з той, што падаецца ў самой краіне, складае 17 разоў. І калі памножыць 17 на афіцыйную колькасць памерлых ад каронавіруса, што паведамляе Мінздароўя, таксама атрымліваецца больш за 20 тысяч асобаў (на дзень 20 студзеня афіцыйна ў Беларусі – усяго 1610 памерлых пацыентаў з пачатку пандэміі).

Hавiны
Міністр здароўя пра каронавірус: Да сярэдзіны – канца лютага будзе падзенне, затым, магчыма, невялікі рост
2021.01.12 08:44

Сяргей Ягораў, belsat.eu

Стужка навінаў