Даследаванне BISS: «Мяккая беларусізацыя» працягнецца


Грамадскія актывісты, бізнес і беларускія ўлады так ці інакш рухаюцца ў адным напрамку – у бок пашырэння ў грамадскасці ідэй ідэнтычных ці роднасных беларускаму нацыяналізму, гаворыцца ў даследаванні Беларускага інстытуту стратэгічных даследаванняў (BISS) «Ад «хворага» да «здаровага» нацыяналізму».

«Малаімаверна, што беларусізацыя калі-кольвечы стане для Лукашэнкі самастойнай каштоўнасцю, гэта значыць нечым большым, чым інструментам дасягнення іншых мэтаў», – адзначае аўтар даследавання – Пётр Рудкоўскі, акадэмічны дырэктар BISS.

Пад «беларусізацыяй» аўтар прапануе разумець працэс умацоўвання ў грамадскай свядомасці беларускай нацыянальнай тоеснасці шляхам сцвярджэння значнасці беларускай мовы, а таксама прасоўвання наратыву і сімвалаў, якія падкрэсліваюць гістарычна-культурную самабытнасць беларусаў.

Прыход бізнесу – новая якасць грамадскай актыўнасці

Па меркаванні Рудкоўскага, недзе ў канцы мінулага дзесяцігоддзя нізавыя ініцыятывы па прасоўванні беларускасці набылі новую якасць – да грамадскіх актывістаў далучыўся бізнес, які пачаў выкарыстоўваць беларускую мову ў рэкламе, а таксама спансаваць акцыі, якія спрыяюць папулярызацыі нацыянальных каштоўнасцяў.

Змяніліся і формы працы актывістаў – паўсталі асяродкі і кампаніі новай генерацыі, якія паспяхова выкарыстоўваюць розныя формы маркетынгавай камунікацыі, у аснову якіх пакладзена перакананне, што не «кліент» павінен знайсці «прадаўца» і пераканацца ў патрэбнасці ягонай прапановы, а наадварот: прадавец павінен знайсці і пераканаць кліента.

Футболкі з беларускім арнаментам пілігрымаў у Будславе, 2015 год. Фота catholic.by

Пры гэтым надалей захоўваюць сваю важнасць і традыцыйныя інстытуты – такія як «Таварыства беларускай мовы» ці «Саюз беларускіх пісьменнікаў».

«Асаблівую ролю ў замацоўванні нацыянальнай тоеснасці адыгрывае Каталіцкая царква абодвух абрадаў (рымскага і візантыйскага), якая пасля некаторых ваганняў у 1990-ых зрабіла стаўку на беларускую мову як асноўную мову богаслужэнняў і – у большасці выпадкаў – мову справаводства. У часы нунцыятуры мансіньёра Клаўдзія Гуджэроці (2011 – 2015), асабліва ўразлівага да праблемы беларускага нацыянальнага адраджэння, канчаткова замацаваўся кансэнсус наконт ужывання беларускай мовы ў касцёлах», – адзначае аўтар, які раней прысвяціў некалькі працаў праблемам беларускай мовы ў касцёле, асабліва на Гарадзеншчыне.

Павароты культурнай палітыцы

Калі ў 1990-я і ў першыя гады 2000-х дзяржаўныя ўлады рэзка негатыўна ставіліся да беларускага нацыянальнага руху і ўсёй беларускамоўнай культуры ў цэлым, то потым пачаліся змены, лічыць Пётр Рудкоўскі.

У мінулым дзесяцігоддзі ўлады спрабавалі намацаць нейкую «альтэрнатыўную» нацыянальную ідэю для Беларусі – савецкую, расейскамоўную і этатысцкую. Стваралася «ідэалогія беларускай дзяржавы», для распрацоўкі і прапагандавання якой былі заангажаваны дзясяткі навукоўцаў, тысячы чыноўнікаў і мільёны долараў у эквіваленце.

«Гэта быў час, калі ў звязку з прыходам Пуціна да ўлады спадзяванні Лукашэнкі на ўваход на расейскую палітычную арэну былі зруйнаваныя, а ідэя незалежнасці Беларусі набыла ключавое значэнне», – піша аўтар.

Аднак нічога вартага з такой кастрыраванай «нацыянальнай ідэі» не атрымалася.

«Дзень вышыванкі», дзяржаўная версія. 2016 год. Фота «Менск-Навіны»

Таму з пачатку 2010-х гадоў гістарычнае і культурнае бачанне Беларусі чыноўнікамі значна змясцілася ў бок натуральнай версіі беларускага нацыяналізму – з Полацкам як крыніцай беларускай дзяржаўнасці, Вялікім княствам літоўскім як пазітыўным фактарам фармавання беларускай культуры і мовы. Расейскі фактар у гісторыі Беларусі стаў разглядацца больш аб’ектыўна, паступова стала мяняцца стаўленне і да Беларускай Народнай Рэспублікі.

Калі раней кіраўнік краіны і чынавенства ставілі на маргіналізацыю беларускай мовы, то ў апошнія гады падкрэсліванне важнасці захавання роднага слова стала абавязковай нормай. Хоць радыкальных зрухаў у напрамку пашырэння мовы не адбываецца (у сферы адукацыі, асабліва вышэйшай, усцяж дамінуе расейская мова, справаводства надалей вядзецца па-расейску, абсалютная бальшыня чыноўнікаў камунікуе па-расейску), то ўсё ж відавочна тое, што беларускія ўлады актыўна прасоўваюць іншае стаўленне да беларускай мовы, адзначаецца ў артыкуле.

«Калі перастанем размаўляць па-беларуску, перастанем быць нацыяй. Відавочна, маюць рацыю тыя, хто крытыкуюць мяне за занядбанне [беларускай] мовы», – цытуе Рудкоўскі Пасланне беларускаму народу і Нацыянальнаму сходу Аляксандра Лукашэнкі ў 2014 годзе.

Не толькі не замінае?

Абаронцы беларускай мовы пайшлі ў наступ на тых, хто парушае правы беларускамоўных, у пачатку 2010-х гадоў. Улады, па меркаванні Рудкоўскага, не толькі не стрымліваюць гэтае змаганне, але і ўстаюць на бок роднай мовы.

Таксама ўлады заангажаваныя і ў прасоўванне вышыванай кашулі як нацыянальнага сімвалу, і ў развіццё адносінаў з дыяспарай – прычым закон «Аб беларусах замежжа» ставіць у аснову менавіта этнакультурную канцэпцыю нацыянальнай еднасці. Сімптомы змены пазіцыі можа заўважыць нават у стаўленні да бел-чырвона-белага сцяга – аўтар не выключае, што ініцыятыва праўладнай ЛДПБ ад прызнанні яго гістарычна-культурнай каштоўнасцю была элементам падрыхтоўкі грамадства да рэабілітацыі «фашыстоўскага» нацыянальнага сімвала. http://belsat.eu/news/ldp-zakl

Лідары Беларусі і Расеі. Фота kremlin.ru

Прычынамі такіх зменаў у стаўленні кіроўнай вярхушкі да культурных пытанняў сталі, па меркаванні Рудкоўскага: 1) нарастанне эканамічнага і інфармацыйнага ціску на Лукашэнку з боку Расеі; 2) прыклад іншых постсавецкіх аўтарытарных лідараў у справе ўмацоўвання нацыянальнай тоеснасці; 3) частковая дэпалітызацыя адраджэнскага дыскурсу; 4) Лукашэнка і яго атачэнне заўважылі, што зварот да нацыянальных каштоўнасцяў дае пэўныя іміджавыя выгады ў дачыненнях з Захадам.

Прагноз: доўгатэрміновы трэнд з нестабільнай дынамікай

«Мяккая беларусізацыя», якую мы бачым на вуліцах беларускіх гарадоў, гэта вынік незапланаванага спалучэння руху грамадскіх актывістаў, бізнесу і ўладаў прыкладна ў адным кірунку. Гэты працэс мае доўгую гісторыю, таму ён не выпадковы і не эфемерны.

«Дынаміка беларусізацыі, хутчэй за ўсё, будзе мяняцца, але сам працэс будзе працягвацца», – лічыць аўтар.

Пры гэтым беларусізацыя наўрад ці стане поўнамаштабнай і інтэнсіўнай («цвёрдай») – беларуская мова і «Пагоня» наўрад ці пры гэтым кіраўніку краіне стануць дзяржаўнымі сімваламі, захаваецца дамінацыя ў публічнай прасторы расейскай мовы як адной з дзяржаўных.

Бел-чырвона-белыя сцягі ў лагеры абаронцаў Курапатаў. 2017 год

«Мала імаверна, што беларусізацыя калі-кольвечы стане для Лукашэнкі самастойнай каштоўнасцю, гэта значыць нечым большым, чым інструментам дасягнення іншых мэтаў (перадусім умацавання сваёй улады). Нацыянальныя, гэтаксама як і заходнееўрапейскія каштоўнасці – гэта для яго «замежная мова», далёкая ад той, да якой ён прывык у савецкія часы і з якой пачуваецца камфортна», – адзначаецца ў даследаванні.

Шчырым прыхільнікам нацыянальнага адраджэння Лукашэнка наўрад ці стане, гэтак сама не будзе ён заключаць і палітычнага хаўрусу з нацыянальным рухам. Хоць «ідэйны хаўрус» у пэўнай ступені ўжо назіраецца, робіць вывад аўтар.

Пётр Рудкоўскі бачыць два варыянты развіцця падзей, пры якіх ягоныя прагнозы могуць не апраўдацца: 1) рэальная пагроза агрэсіі з боку Расеі, параўнальная да той, што мела месца супраць Украіны; 2) калі палітычна-эканамічная лібералізацыя зойдзе так далёка, што зменяцца правілы палітычнай гульні.

Глядзіце таксама:

Аляксандр Гелагаеў, belsat.eu

Стужка навінаў