Даша і Каця. 50 дзён журналісткі «Белсату» сядзяць за кратамі


Сёння 50 дзён, як журналісткі «Белсату» Каця Андрэева і Даша Чульцова застаюцца за кратамі. Блізкія і сябры бліжэй пазнаёмяць нас з дзяўчатамі.

Муж Кацярыны Андрэевай Ігар Ільяш распавёў пра першае спатканне

Ігар Ільяш і Кацярына Андрэева. Фота з сямейнага архіву

Мы з Кацяй упершыню сустрэліся на плошчы Свабоды, куды прыйшлі асвятляць акцыю пратэсту падчас выбарчай кампаніі 2015 года. Я падумаў: якая прыгажуня, трэба абавязкова яе запрасіць у кавярню пасля акцыі! У той дзень я гэтага і не зрабіў, бо Каця сышла раней, і я нават не паспеў узяць у яе нумар тэлефона. Але праз тыдзень мы зноў сустрэліся на плошчы Свабоды, на новай акцыі пратэсту. Цяпер ужо я не выпускаў яе з-пад увагі, і пасля акцыі мы пайшлі ў кавярню. Самае смешнае, што гэтае нашае спатканне скончылася тым, што нас ледзь не затрымалі. Гэта быў дзень напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў, а побач з кавярняй была гімназія, дзе месціўся выбарчы ўчастак, там ішло датэрміновае галасаванне. Мы доўга размаўлялі пра выбары, і потым Каця прапанавала наведаць гэты ўчастак перад закрыццём, каб проста паглядзець, як гэта ўсё выглядае. Але чальцы камісіі, раптам убачыўшы ўвечары двух журналістаў, спалохаліся і выклікалі міліцыю. На шчасце, міліцыянты проста праверылі дакументы і адпусцілі нас. У той вечар я зразумеў, што закахаўся ў Кацю.

Таццяна Каліноўская, журналістка газеты «Белорусы и рынок»

Ігар Ільяш і Кацярына Андрэева. Фота з сямейнага архіву

Для Каці Андрэевай праца заўсёды была на першым месцы, таму пакупку сукенкі для вяселля яна адкладала і адкладала да самага апошняга моманту. Перад вяселлем Кацярыны Андрэевай ды Ігара Ільяша мы апынуліся з Кацяй у адной журналісцкай паездцы ў Берліне. Там Каця і спадзявалася набыць сукенку, бо ў Берліне напэўна ўсё ёсць.

Адпрасіўшыся ў кіраўніка групы на гадзіну раней, мы рушылі па крамах усходняга Берліну ў пошуках вясельнага ўбору. Запыты Каці былі простыя: святочная сукенка светлых тонаў, якую потым можна надзець і на іншыя ўрачыстасці. Але ні ў краме знакамітай сеткі «Kaufhof», ні ў навакольных крамах добрага варыянту не было.

Каця вельмі нервавалася і думала купіць сукенку большага памеру, а потым перашыць яе, але, на мой погляд, гэта быў не найлепшы варыянт, і мы працягнулі пошук. Калі ўжо страцілі надзею і апусцілі рукі, патрэбная сукенка знайшлося ў краме побач з гатэлем, у якім мы жылі. Убор быў сапраўды такі, як хацела Каця, і ідэальна сядзеў.

Потым было вельмі душэўнае вяселле, на якім мой муж Валер Каліноўскі быў тамадой. Каця глядзелася ідэальна: і сукенка, і прычоска былі ёй да твару. Увесь сцэнар вяселля, меню, арыгінальнае рассаджванне гасцей яны з Ігарам прыдумалі самі. З’явіўся цудоўны журналісцкі сямейны дуэт, дзе два прафесіяналы і добрыя чалавекі ідэальна дапаўняюць адзін аднаго. Спадзяемся, яны ўзʼяднаюцца вельмі хутка, бо, акрамя імкнення добра рабіць сваю журналісцкую працу, за Кацяй ніякіх «злачынстваў» не відаць.

Дзядуля Кацярыны, пісьменнік Сяргей Ваганаў

Сяргей Ваганаў з унучкай. Фота з сямейнага архіву

З таго часу, калі Каця, студэнтка 3 курсу Лінгвістычнага ўніверсітэту, прайшла адпаведны кастынг і паляцела ў іспанскую вёсачку недзе ў Пірэнэях валанцёрыць паводле экалагічнай праграмы Еўракамісіі, прайшло 8 гадоў. Але дасюль памятаю, як Каціна бабуля ў слязах кінулася праз памежны кантроль, каб перадаць забытую Кацяй зімовую шапачку…

Так пачыналася двухгадовая іспанская эпапея нашай унучкі, пра каторую, з усімі яе прыгодамі, яна мо напіша калісьці сама. А я распавяду пра тое, як яна вярталася на радзіму.

З Малягі, з самага поўдня Іспаніі, дзе, расчараваўшыся ў той самай праграме Еўракамісіі, яна выкладала іспанцам ангельскую, расейскую, а эмігрантам – іспанскую мову, Каця рушыла на радзіму «БлаБлаКарам» праз усю Еўропу. Пра тое, чаму яна не засталася ў Іспаніі, увогуле за мяжой, напіша яшчэ з дарогі ў першым сваім журналісцкім артыкуле «Паланэз на вакзале». Адтуль жа, аднекуль з Італіі альбо з Аўстрыі, дашле яго на конкурс «Народны журналіст». І пераможа, ужо па вяртанні, у намінацыі «Шчырасць і стыль»… Менавіта тады, яшчэ ў дарозе, яна канчаткова вырашыла прысвяціць жыццё журналістыцы…

Кацярына Андрэева. Фота з сямейнага архіву

Еўрапейскае турнэ скончылася ў Вільні набыццём квіткоў на аўтобус і дамоўленасцю аб сустрэчы на менскім аўтавакзале. Але сустрэчы не адбылося…

Думаю, што і сёння мы не ўсё ведаем пра тое, што адбывалася на літоўскай мяжы. Ведаем толькі, што памежнікі знялі Кацю з аўтобуса і кінулі ў каталажку за пратэрмінаваную візу. Чаму пратэрмінаваная? Спачатку Каця не магла кінуць сваіх вучняў у прыватнай Лінгвістычнай акадэміі ў Малязе, потым – калегаў, каторым, як і ёй, уладальніца акадэміі засталася вінная заробак… Ну, як іх кінуць, калі сама зладзіла страйк?!

Не ведаю, якім чынам Кацярыне ўдалося пераканаць літоўскую памежніцу яе адпусціць. Хутчэй за ўсё, шчырай любоўю да радзімы, непадробнай, мо нават са слязьмі, прагай вяртання. Як бы там ні было, памежніца «…махнула рукою кудысьці ў шэрую вільготную пустэчу: «Ідзіце проста, уздоўж вось гэтай белай лініі, праз метраў пяцьсот будзе Беларусь…»

…Калі я думаю пра вяртанне Каці з Еўропы ў Беларусь, згадваю, як яшчэ ў чатыры гады, спрабуючы неяк выказаць свае дзіцячыя пачуцці, яна напісала вялікімі друкаванымі літарамі: «РАДНОЙ СТРОНЫ МНЕ НЕ ЗАБЫТЬ…»

Вось такія «пяцьсот метраў» памерам з жыццё.

Аляксандр Баразенка, аператар «Белсату»

Каця вельмі энергічная і амбітная. Заўсёды жадае быць на перадавой. У размовах яна часта перажывала, што не паспела папрацаваць падчас рэвалюцыі Годнасці ва Украіне. На што я адказваў, што ў ейнай карʼеры яшчэ шмат важных падзеяў наперадзе, у тым ліку і ў нашай краіне. І вось здарылася лета-2020, і Каця аддала сябе на ўсе 100 % асвятленню беларускіх пратэстаў. Не шкадавала ні сілаў, не здароўя.

Кацярына Андрэева.
Фота: novychas.by

Падчас працы ў жніўні ад стомы ды спёкі Каці стала кепска. Спачатку адвёў яе ў хуткую, потым давёз дадому. І ўсю дарогу Каця перажывала толькі за тое, што не зможа правесці стрым, што не зможа распавесці пра падзеі гледачам. А праз пару дзён яна ўжо зноў была ў эфіры.

Мама Дашы Чульцовай распавяла, як Даша абірала прафесію

Дарʼя Чульцова з мамай. Фота з сямейнага архіву

Даша ў нас добрая, мэтанакіраваная і самастойная. Ужо ў старэйшых класах на канікулах падпрацоўвала на будоўлі.

Дачка – за праўду гарой і не трывае несправядлівасці. Калі мы размаўлялі аб працы, Даша казала, што хоча паказваць людзям праўду. Я думаю, яна вырашыла ісці ў журналістыку ўжо ў старэйшых класах, бо моцна націснула на вучобу. Паведаміла пра свой выбар на выпускным. Я, сястра і Дашына цёця былі супраць, адгаворвалі. Мы простыя працоўныя, палітыкай і журналістыкай ніхто не цікавіўся. Але Даша сказала адназначна: «Калі не ў журналістыку, значыць, нікуды!»

Крысціна, аднагрупніца і сяброўка

Дарʼя Чульцова. Фота з сямейнага архіву

Калі апісваць Дашу трыма словамі, гэта б былі – міласэрнасць, справядлівасць і дабрыня. Дапамагчы бяздомнай жывёле – першая, ці купіць на апошнія грошы ежу гадунцу, а не сабе. Выручыць з начлегам, калі сама спала на падлозе на матрацы – вось у гэтым уся Даша.

Гэта чалавек з неверагодна велізарнаю душой ды любоўю да сваёй справы. Калі яна бралася за праект, то абавязкова даводзіла яго да канца.

Цяпер я дакладна не забуду нашай з ёй размовы яшчэ да затрымання. Я спытала: «Даша, ты не баішся арышту?» Той адказ застаўся ў памяці: «Гэтага складана не баяцца, маральна сябе кожны раз падрыхтоўваеш да такога, усё роўна бярэш у рукі камеру і ідзеш на здымку. Пра што казаць, калі нават мужчыны-аператары проста адмаўляюцца выходзіць на рэпартажы, таму што іх збівалі, не шкадуючы?! Хто тады гэта будзе асвятляць? Вось і ідзеш на свой страх, спадзеючыся, што ты дзяўчынка, а значыць, цябе могуць пашкадаваць».

Але, мабыць, не ў той раз. У тую нядзелю Дашка чарговы раз пайшла на здымку, каб людзі ўбачылі праўду. Дзве дзяўчыны, якія шчыра хацелі лепшага для Беларусі, а галоўнае – справядлівасці, ужо амаль два месяцы пад вартай як пагроза нацыянальнай бяспекі. Гэта ж проста абсурд.

Сяброўка Анжаліка

Дарʼя Чульцова. Фота з асабістага архіву

Дашу я ведаю больш за шэсць гадоў. Разам вучыліся ў ВНУ. Яна адна з самых шчырых людзей. Чалавек, для якога вельмі важныя асабістыя межы, і калі ты не хочаш пра нешта казаць, то яна не стане лезці з пытаннямі.

Вельмі сумленная, добразычлівая. Даша брала жывёлу на ператрымку. Ад яе прэ энергіяй, пазітывам. Нават у такой сітуацыі Даша трымаецца, у лістах шмат жартуе і перадае ўсім прывітанне.

Перад 15 лістапада вельмі перажывала, але пайшла працаваць, бо хтосьці мусіць паказаць, што адбываецца.

Я бязмерна ганаруся, што ведаю Дашу. Яна неймаверная.

Міхаіл, сябар Дашы

Дарʼя Чульцова. Фота з асабістага архіву

Даша – неймаверна пазітыўны чалавек і надзейны сябар. Яна можа быць экспрэсіўнай і ўпартай, калі пытанне датычыць прынцыповых момантаў. Але ў той жа час уважлівай і чулай, калі таго патрабуе сітуацыя. Яна з тых людзей, якія здольныя аналізаваць сябе і прызнаваць свае памылкі, папрасіць прабачэння, калі не мае рацыі.

Аднойчы котка прыбілася да яе дзвярэй, Даша пусціла дадому, накарміла. А адпусціць не змагла – так у яе з’явілася Сава, яе хатняя любіміца.

Ва ўсіх быў шок, калі яе забралі. Каго-каго, але каб Дашу… яна ж у прынцыпе нікога не здольная пакрыўдзіць. Мабыць, няма людзей, якія б змаглі паверыць у абсурднасць выстаўленых абвінавачанняў. Ні ў каго не ўзнікае сумненняў, што Даша ўсяго толькі закладніца, прыклад паказальнай лупцоўкі. Сапраўдныя ж злачынцы, як мне здаецца, – усе тыя, хто выконвае злачынныя загады і ўдзельнічае ў падобных палітычных справах. Яны мусяць адказаць перад законам.

Размаўляла Ірына Арахоўская belsat.eu

Стужка навінаў