Дарыга – прэзідэнт, або якую параду Назарбаеў даў Пуціну

Падзенне коштаў на нафту і бязладзіца ў сям’і. Першы прэзідэнт Казахстану – Нурсултан Назарбаеў – на мінулым тыдні наведаў Маскву і сустрэўся з Уладзімірам Пуціным. Афіцыйна лідары абмеркавалі інтэграцыю на постсавецкай прасторы, у тым ліку поспехі ЕАЭС. Аднак суразмоўцы «ПраСвету» ўпэўненыя: сапраўдныя прычыны візіту ў афіцыйнае камюніке не ўвайшлі.

Некалькі пратакольных здымкаў і агульныя заявы пра перспектывы ЕАЭС. Візіт Назарбаева ў Маскву і сустрэча з Пуціным адразу пасля яго выступу ў Дзярждуме, пакінулі шмат пытанняў.

Уаліхан Кайсараў, экс-сенатар парламента Казахстана:

«Два варыянты – альбо [абмяркоўвалася] перадача ўлады ад Такаева дачцэ Назарбаева, Дарызе. Альбо другі варыянт, тое што Пуціну трэба было атрымаць параду ў чалавека, які ўжо паспяхова правёў аперацыю па тым, каб пажыццёва захаваць за сабой уладу».

Верагоднасць пераходу ўлады ад дзейнага прэзідэнта Такаева да дачкі Назарбаева абмяркоўваюць даўно, і многія ўжо не вераць у гэты сцэнар. Аднак экс-сенатар Уаліхан Кайсараў прытрымліваецца іншага меркавання:

«Хутчэй за ўсё нейкія перасцярогі ўзніклі з нагоды Такаева. У любым выпадку, у яго стыль кіравання не «назарбаеўскі». Такаеў спрабуе рабіць рэверансы ў бок грамадскасці. Магчыма, ў Назарбаева з’явіўся страх перад Такаевым, што ён можа атрымаць ўсенародную падтрымку, і тады яму ўжо будзе не страшныя ні Назарбаеў, ні Дарыга, ні клан, які яго падтрымлівае».

У Казахстане закручваюць гайкі. За што загінуў Дуўлат Агадыйл?

Відэа з вяселля дачкі Назарбаева з другім мужам Кайратам Шарыпбаевым у сацыяльных сетках распаўсюдзіў апазіцыйны палітык Мухтар Аблязаў. Асабістае відэа членаў сям’і першага прэзідэнта Казахстана з’явілася на фоне арышту двух элітных дамоў і кватэры ў Лондане, агульным коштам больш за $ 100 млн.

Нерухомасць належыць дачцэ і ўнуку Назарбаева. І цяпер ім прыйдзецца ў судзе Вялікабрытаніі даказваць, што дамы набытыя на законна заробленыя сродкі.

Віктар Каўтуноўскі, журналіст, Казахстан:

«Нефармальна клан Назарбаева вялікі і валодае вельмі сур’ёзнымі матэрыяльнымі рэсурсамі. Але справа ў тым, што ў такой краіне як Казахстан матэрыяльны дабрабыт цалкам залежыць ад таго, наколькі ўладальнікі блізкія да ўлады. Вось гэтая сітуацыя можа, што называецца, «падтайваць» у перыяд двоеўладдзя».

Крызіс, з якім сутыкнуўся Казахстан з-за глабальнага падзення коштаў на нафту, ўдарае па ўсіх у краіне. І, можа быць, нават мацней за ўсё – па дзеючых элітах, кажуць суразмоўцы «Прасвету».

Дымаш Альжанаў, палітолаг, Кахахстан:

«Калі кошт на нафту падае – гэта ўплывае на ўсё: на эканоміку, на пакупніцкую здольнасць, на ўнутраныя карупцыйныя схемы ў тым ліку, паколькі галіны, якія залежаць ад патокаў або размеркавання дзяржаўных сродкаў праз тэндэры, таксама пачынаюць звужацца».

Нізкія цэны на нафту азначаюць не толькі тое, што бюджэт недаатрымае запланаваныя даходы. Невыкананне карупцыйных абавязацельстваў можа прывесці да напругі ўнутры элітаў і ў грамадстве.

«Падобныя крызісы добрыя тым, што ставяць пытанне перад грамадствам, наколькі гэтая мадэль жыццяздольная. І наколькі грамадства і эліты гатовыя далей ўзаемадзейнічаць менавіта ў такім фармаце з кіроўным класам, ці не пара гэтыя рэчы перагледзець», – лічыць Дымаш Альжанаў.

https://belsat.eu/ru/news/chto-vzorvalo-kazahstan/

На думку палітолага Газіза Абішава, эканоміка і палітызацыя грамадскіх настрояў у Казахстане непарыўна звязаныя. Эксперт таксама тлумачыць, пры якіх цэнах на нафту бюджэт краіны пачне трашчаць па швах:

«Сярэдні сабекошт, як сказаў міністр энергетыкі, здабычы барэля нафты на розных радовішчах вагаецца ад $ 10 да 60, але ў сярэднім гэта $ 27. Бюджэт Казахстана зводзіцца пры цане на нафту ў $ 55 за барэль. Таму па грубым падліках, калі цана, што ўпала да $ 35, замацуецца як сярэдняя за год, то бюджэт можа страціць некалькі мільярдаў долараў».

З аднаго боку, усе разумеюць, што мясцовы ўрад не нясе адказнасці ні за каронавірус, ні за зрыў нафтавага пагаднення Расеі з краінамі OPEC. Аднак пры захаванні негатыўных тэндэнцый уладам у Нур-Султане прыйдзецца ісці на непапулярныя крокі.

https://belsat.eu/ru/news/kazahstan-kreml-protiv-docheri-nazarbaeva/

«Трэба па-любому прадпрымаць адно з трох дзеянняў: альбо скарачаць бюджэт, альбо зніжаць курс валюты, альбо выкарыстоўваць рэзервы. Не рабіць нічога з гэтых трох інструментаў ва ўмовах таго, што галоўны экспартны прадукт істотна патаннеў – немагчыма. Рабіць што-небудзь з пералічанага, а тым больш у камбінацыі – гэта балесна», – упэўнены Газіз Абішаў.

І ўжо ў новых умовах зніжэння даходаў насельніцтва першаму прэзідэнту, які застаецца на палітычнай сцэне Казахстана, прыйдзецца тлумачыць, чаму ў брытанскага Нацыянальнага агенцтва па барацьбе з злачыннасцю паўсталі пытанні да нерухомасці, якая належыць яго дачцэ Даризе Назарбаевай і ўнуку Нуралі Аліеву. А таксама рэагаваць на публічныя абвінавачванні ў карупцыі з боку яшчэ аднаго ўнука Айсултана Назарбаева, які месяц таму папрасіў палітычны прытулак у Вялікабрытаніі.

Аркадзь Несцярэнка, belsat.eu

Фота на прэв’ю: Vyacheslav Prokofyev/TASS/Forum, Alexei Nikolsky/Kremlin Pool

Сюжэт выйшаў у праграме «ПраСвет» 13.02.2020

Іншыя тэмы выдання:

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны