Што будзе з Дарыгой Назарбаевай?


У Казахстане абмяркоўваюць нечаканую адстаўку старэйшай дачкі першага прэзідэнта Дарыгі Назарбаевай з пасады кіраўніка Сената. Яе бацька, 79-гадовы лідар нацыі, ужо амаль 2 месяцы на самаізаляцыі з-за каронавіруса. Здаецца, што адстаўка Дарыгі Нурсултанаўны – гэта ўзмацненне пазіцый другога прэзідэнта Касым-Жамарта Такаева. Ці так гэта на самай справе?

2 мая прэзідэнт Такаеў падпісаў указ аб спыненні паўнамоцтваў Дарыгі Назарбаевай на пасадзе кіраўніка Сената. 4 траўня на пасаду віцэ-прэзідэнта, так неафіцыйна ў Казахстане называюць спікера Сената, быў прызначаны Маўлен Ашымбаеў.

Каментуе Уаліхан Кайсараў, экс-дэпутат Сената Казахстана:

«Усе палітолагі ў Казахстане ў адзін голас чамусьці лічаць, што Дарыга як бы трапіла ў няміласць. Што яе знялі, што пачаліся для яе чорныя дзянькі».

Дарыгу Назарбаеву пазбавілі не проста пасады кіраўніка Сената, верхняй палаты парламента, але і дэпутацкіх паўнамоцтваў, разам з якімі яна страціла і дэпутацкую недатыкальнасць. Але для яе гэта нічога не значыць, упэўнены экс-сенатар Уаліхан Кайсараў. Згодна з Законам аб першым прэзідэнце, ні самога Назарбаева, ні чальцоў яго сямʼі не могуць прыцягваць да крымінальнай адказнасці. Больш за тое, суразмоўца «Прасвету» дапускае, што старэйшая дачка Назарбаева не сыдзе з вялікай палітыкі.

«Суды, паліцыя, армія, пракуратура і спецслужбы – усё ў падпарадкаванні ў Назарбаева, у першага прэзідэнта, не падпарадкоўваюцца дзейнаму прэзідэнту. Калі Назарбаеў паставіць Дарыгу на сваё месца, гэта будзе ход канём. Яна стане, дапусцім, старшынёй Савета бяспекі», – працягвае Уаліхан Кайсараў.

Для старэйшай дачкі Назарбаева гэты сцэнар дазваляе стаць кіраўніком дзяржавы без прэзідэнцкага крэсла, якое ёй праракалі адразу пасля пачатку транзіту ўлады ў Казахстане ў 2019 годзе, калі Нурсултан Назарбаеў перастаў быць дзейным прэзідэнтам. З такімі ацэнкамі катэгарычна не згаджаецца палітычны аглядальнік Віктар Каўтуноўскі з Алматы. Ён мяркуе, што 2 траўня Такаеў «парушыў транзітныя дамоўленасці»:

«Першы прэзідэнт Назарбаеў у апошнія 2 месяцы скараціў палітычную актыўнасць. Магчыма, гэта звязана з частковай стратай працаздольнасці, гэта вельмі важны фактар у гэтых абставінах. Мне здаецца, што перыяд двоеўладдзя ў Казахстане блізкі да завяршэння. Такаеў атрымлівае магчымасць стаць паўнавартасным прэзідэнтам, як гэта і закладзена ў Канстытуцыі».

Палітычныя перастаноўкі ў Казахстане праходзяць на фоне пагаршэння эканамічных прагнозаў. Бюджэт рыхтуюцца перавярстаць пад кошт нафты 20 долараў. І палітычная барацьба можа мець працяг у выглядзе ўплыву за размеркаванне сродкаў Нацыянальнага фонду. Цяпер гэта каля 60 млрд долараў, або 2 гадавых бюджэты краіны.

Кажа Касымхан Капараў, эканаміст, заснавальнік онлайн-праекту Ekonomist.kz:

«Цяпер пачынаецца этап, калі дапамога эканоміцы будзе аказвацца ў выглядзе дапамогі з Нацфонду, а да гэтага дапамога ішла ў выглядзе падатковых ільготаў, адтэрміновак па крэдытах і гд. Аднак рэальныя грошы ў выглядзе дзяржпадтрымкі пачнуць паступаць толькі цяпер і, вядома, гэта прывядзе да таго, што канкурэнцыя за рэнту будзе нарастаць і сярод элітаў».

На месца Дарыгі Назарбаевай, палітычная будучыня якой застаецца адкрытым праектам, прыйшоў 49-гадовы Маўлен Ашымбаеў. Частка суразмоўцаў «Прасвету» ўпэўнена называе яго чалавекам першага прэзідэнта, іншыя – крэатурай Такаева. Аднак палітолаг Газіз Абішаў акцэнтуе ўвагу на іншым:

«Ідзе амаладжэнне дзяржаўнага апарату, у тым ліку на палітычным узроўні. Калі раней «сямідзесятнікі» праніклі ў эканоміку – гэта міністр фінансаў, міністр эканомікі, міністр цыфравізацыі, прамысловасці, то цяпер яны заходзяць ужо ў ідэалогію».

Да «сямідзесятнікаў», то бок да тых, хто нарадзіўся ў 70-ыя, належыць нават сакратар Рады Бяспекі Асет Ісекешаў, кажа Газіз Абішаў.

«Наступнае пакаленне заўсёды крыху больш ліберальнае і мякчэйшае. Многія з іх вучыліся ў заходніх ВНУ. Я думаю, што яны ў асноўным эканамічныя і палітычныя прагматыкі. Пачуццё абавязку і вайсковай дысцыпліны, якая закладвалася ў Кампартыі ў функцыянераў, у іх у больш вэстэрнізаванай форме», – працягвае Газіз Абішаў.

Старэйшая дачка Назарбаева належыць, вядома, да папярэдняга пакалення, да шасцідзесятнікаў. Шматлікімі скандаламі яна даказала, што ўмее трымаць удар. Месяц таму суд у Лондане стаў на бок Назарбаевай і адмяніў арышт нерухомасці ў Вялікай Брытаніі па законе супраць «брудных грошай» на суму больш у 100 млн даляраў. Ну і, апроч іншага, пазбавіўшыся пасады кіраўніка Сената, Дарыга Нурсултанаўна застаецца дырэктарам Фонду першага прэзідэнта Казахстана. Гэта, вядома, не крэсла другога чалавека ў краіне, але і не апала.

Аркадзь Несцярэнка/МВ, belsat.eu

Сюжэт для праграмы «ПраСвет» от 08.05.2020

Калаж з фота: Peter Kovalev / TASS / Forum; Alexei Nikolsky / TASS / Forum

Стужка навінаў