Даруй мне, Джойс!

Гісторыя пра тое, што помнік менскаму гарадавому нельга вешаць, нельга даваць яму аплявуху, нельга саграваць яго ў халодную пару года шалікам, а цяпер яшчэ і нельга яго цалаваць, уразіла мяне ў самае сэрца. Аказваецца, гэтаму гарадавому, якога ахоўвае міліцыя, чужое ўсё чалавечае, уключаючы пацалункі цудоўных беларускіх дзяўчат. Чаму? Таму, што ён і павінен быць бяздушным балванам. Нават сабачка не мае права пацерціся аб ягоную нагу, бо – нельга, і ўсё тут.

І тут я ўспомніў пра іншыя помнікі.

Сярод іншага, пра помнік сэру Ўінстану Чэрчылю, які стаяў у холе Палаты абшчынаў брытанскага парламенту. Там стаяць помнікі ўсім прэмʼерам-нябожчыкам Вялікай Брытаніі. Чэрчыль вылеплены з бронзы, і наведнікі, сярод якіх тройчы быў і ваш пакорлівы слуга, маюць выдатную магчымасць папаліраваць ягоны чаравік па самую шыю: прынята лічыць, што гэткім чынам часціна шчасця гэтага Нобэлеўскага лаўрэата па літаратуры перадаецца і вам. Народ гэтым нахабна карыстаецца. І, ведаеце, нічога. Сярод гэтага самага народу можа апынуцца і які-небудзь прыхільнік лейбарыстаў – то бок апанент партыі Чэрчыля. І наагул нават немец або камуніст, войны з якімі і прынеслі славу старому W. Уяўляеце, як яму крыўдна? Нічога, прыцярпеўся неяк.

Стаіць пасярод Кракаўскага прадмесця помнік Баляславу Прусу. Летнім днём відаць, як бацькі нахабна падсаджваць дзяцей, робяць сэлфі з аўтарам «Фараона» і «Лялькі», а адзін юны «ещенечитатель» гэтых раманаў нават прымудрыўся на маіх вачах зрабіць класіку «рожкі» і сфатаграфавацца такім чынам. Ведаеце, нічога страшнага Прусу не было.

Фатографка belsat.eu Ірына Арахоўская

У Кіеве каля помніку вандроўніку-філосафу Рыгору Скаварадзе студэнты Кіева-Магілянскай акадэміі пʼюць піва. Скаварада, як і належыць філосафу, ставіцца да гэтага па-стаічнаму, паблажліва пазірае на іх. А як інакш? Сам напісаў:

Каждому городу нрав и права,

Каждый имеет свой голова…

А кампазітару Мікалаю Лысенку рэгулярна павязваюць нацыянальны ўкраінскі сцяг. І гэта робіць аўтара «Наталкі Палтаўкі» дакладна больш прыгожым. І каля помніку Жаглову і Шарапаву, які стаіць побач з дэпартаментам паліцыі МУС Украіны, гуляюць і фатаграфуюцца ў самых розных позах – ніхто не выскоквае з будынку, не прымушае прасіць прабачэння, не складае пратаколу…

У Берліне помнік Марксу і Энгельсу спакойна пэцкаюць галубы, а дзеці гуляюць каля незразумелых ім барадатых дзядзькоў, пакуль матулі пʼюць каву. Нічога. Ніхто не абураецца. А марксісты – абражаныя гэтымі ігрышчамі і галубіным памётам – маглі б запатрабаваць і электрычны ток прапусціць праз статуі!

Ды і менскаму Горкаму неяк не замінае тое, што па лаўцы, на якой ён сядзіць, час ад часу хто-небудзь топчацца.

Я грэшны. Я ж таксама раз-пораз здзекуюся са статуяў. Вось і доказ: у харвацкім горадзе Пула я сфатаграфаваўся – з відавочна злачыннымі намерамі – з аўтарам раману «Уліс» Джэймзам Джойсам. Чаму са злачыннымі? Бо гэта – адная з нешматлікіх кніг, якой я не змог дачытаць. І не збіраюся дачытваць. Таму сказаў я старому Джойсу ўсё, што пра яго думаю, пасля чаго, нягледзячы на пратэсты, сфатаграфаваўся з ім. На злосць класіку.

Аўтар belsat.eu разам з аўтарам раману «Уліс»

Да чаго гэта я? Усе людзі – як людзі, статуі – як статуі, і толькі менскі гарадавы – ушлёпак, сэнсу ў якім няма. Бо навошта ставіць гарадскую скульптуру, калі з ёй нельга нават дамам цалавацца? Так ён і застанецца халодным і чужым. Бо ставілі яго, як я разумею, з некалькі іншымі мэтамі. Каб стаў ён бліжэй да народу.

Дарэчы, нічога абразлівага ў абыходжанні з гарадавым для міліцыі няма. Абразліва было б, калі б што-небудзь пачалі вытвараць з помнікам працаўнікам міліцыі, загінулымі пры выкананні свайго абавязку. Але, як мне здаецца, ніводзін нармальны чалавек нават сэлфі на фоне гэтага помніку рабіць не будзе, бо за ім стаіць трагедыя гібелі людзей. А гарадавы?

Перабралі вы, мянты дарагія, перабралі. Хацелі, верагодна, як лепш, а атрымалася, б…, як заўсёды.

Аляксандр Фядута, belsat.eu

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў