Дарадца Трампа: «Адпраўляюся ў Беларусь»


Дарадца прэзідэнта ЗША Доналда Трампа па нацыянальнай бяспецы Джон Болтан 29 жніўня прылятае ў Менск. Пра гэта ён паведаміў у сваім Twitter напярэдадні.

Да таго Болтан знаходзіўся ў Кіеве і адзначыў, што правёў там вельмі прадуктыўныя дні. Далей ён адпраўляецца ў Беларусь і Малдову.

 

«Заўтра (29 жніўня – заўв.) я паеду ў Малдову і Беларусь, дзе сустрэнуся з лідарамі абедзвюх краін, каб абмеркаваць пытанні рэгіянальнай бяспекі. Спадзяемся на ўмацаванне нашых дыпламатычных і эканамічных сувязяў», – напісаў Болтан.

Амбасада ЗША ў Беларусі паведаміла, што Болтан будзе ў беларускай сталіцы 29 жніўня. Тут у яго адбудзецца сустрэча з Аляксандрам Лукашэнкам і міністрам замежных спраў Уладзімірам Макеем.

Раней на гэтым тыдні выданне Foreign Policy паведамляла пра будучы візіт Болтана ў Менск, аднак тады МЗС Беларусі інфармацыю не каментавала і дату не агучвала. З кім яшчэ сустрэнецца Болтан і якія канкрэтна пытанні рэгіянальнай бяспекі будуць узнятыя падчас перамоваў – не ўдакладняецца.

У гэтым стагоддзі гэта самы высокапастаўлены амерыканскі чыноўнік, які наведвае Беларусь.

Пасля ўвядзення санкцый ЗША ў дачыненні да шэрагу беларускіх чыноўнікаў і прадпрыемстваў у 2006 і 2008 гадах, стасункі паміж краінамі ўскладніліся. З 2008 году ў Менску няма амбасады ЗША, а толькі часова павераны. Сёлета ў чэрвені Трамп яшчэ на год працягнуў санкцыі супраць асобаў, сярод якіх падазраваныя ў датычнасці да выкрадання вядомых дзеячоў у 1999-2000 гадах.

КА belsat.eu

Стужка навінаў