Дарадца прэзідэнта ЗША: Расея ўмешвалася ў выбары і Трамп пра гэта ведаў


Генерал Герберт Макмастэр заявіў, што прэзідэнцкія выбары ў ЗША ў 2016 годзе прайшлі не без умяшання Расеі і цяперашні прэзідэнт Дональд Трамп пра гэта ведаў.

Пра гэта дарадца амерыканскага прэзідэнта распавёў у інтэрв’ю «Голасу Амерыкі».

Паводле яго, Расея паспяхова рэалізуе стратэгію, якая грунтуецца на прапагандзе і дэзынфармацыі ў сацсетках, сутыкаючы паміж сабой розныя сацыяльныя групы, сеючы разлад у грамадстве.

«Мы закранулі гэтую праблему ў нашай Стратэгіі нацыянальнай бяспекі, бо для нас важна адкрыта казаць пра тое, што разʼядноўвае і абʼядноўвае нас як нацыю, пра нашыя памкненні і каштоўнасці, такія як правы асобы, вяршэнства закона і дэмакратыя», – заявіў Макмастэр.

Генерал таксама адзначыў, што падобная палітыка Расеі рэалізуецца і ў Еўропе.

«І падчас нядаўніх выбараў у Францыі і на іспанскім рэферэндуме аб статусе Каталунні. Мы бачылі іхную актыўнасць у Мексіцы, спробы справакаваць путч у Чарнагорыі. Сарваць заслону з расейскай кампаніі дэстабілізацыі – гэта першы важны крок, які дазволіць усім убачыць іх сапраўдныя намеры», – заявіў генерал.

Паводле Макмастэра, Крамлю ўжо ніхто не верыць.

«Гэтыя ж самыя людзі казалі: «Не, мы не збівалі авіялайнер і не забівалі ўсіх гэтых людзей»; «Не, нашых жаўнераў няма ў Крыме і на ўсходзе Украіны»; «Мы не аказваем падтрымку сірыйскаму рэжыму, адказнага за масавыя забойствы ўласных грамадзянаў з выкарыстаннем хімічнай зброі». Сёння гэтым словах ужо ніхто не верыць», – перакананы Макмастэр.

Генерал упэўнены, што Расеі давядзецца заплаціць за наступствы сваёй палітыкі.

ЮВ, belsat.eu, паводле golos-ameriki.ru

Стужка навінаў