Дарадца кіраўніка МУС Украіны: Адна з асноўных версіяў па справе Шарамета – замоўцы знаходзяцца ў РФ


Народны дэпутат ад Народнага фронту і пазаштатны дарадца кіраўніка МУС Украіны Арсэна Авакава Антон Герашчанка спадзяецца, што да канца года будзе канкрэтны вынік у справе аб забойстве журналіста Паўла Шарамета.

Як заявіў ён у эфіры тэлеканалу «112 Украіна», следчыя правялі велізарны абʼём працы, дапытаныя тысячы сведкаў, зроблена больш за сто запытаў па праверцы інфармацыі аб знаходжанні тых ці іншых абанентаў тэлефоннай сувязі ў дадзеным раёне.

«Адпрацоўваюцца ўсе магчымыя версіі… На сённяшні дзень ёсць асноўныя версіі, якія не тычацца журналісцкай дзейнасці Шарамета. Спадзяюся, да канца года будзе канкрэтны вынік у справе аб заказным забойстве Паўла Шарамета. У такіх заказных забойствах заўсёды пралічваюць наступствы, каб замятаць сляды, таму не можа быць хуткіх вынікаў. Тое, што злачынства будзе раскрытае і злачынцы прыцягнутыя да адказнасці, сумневаў няма», – заявіў Герашчанка.

Паводле слоў дэпутата, адна з асноўных версіяў, якую разглядае следства, што замоўцы забойства былі з Расеі: «Шараметпрацаваў у РФ і ў яго былі кантакты ў бізнес-асяроддзі і палітычным асяроддзі. Таму гэта асноўная версія».

Беларускага журналіста Паўла Шарамета забілі ва ўкраінскай сталіцы 20 чэрвеня. Аўтамабіль, у якім ён ехаў, быў падарваны самаробным выбуховым прыстасаваннем.

МЯ, паводле naviny.by

Стужка навінаў