«Дапамогі ад дзяржавы няма». Як ва ўмовах пандэміі ўтрымаць бізнес і захаваць працоўныя месцы?


Страта кліентаў і скарачэнне прыбыткаў. Гэткія наступствы праз распаўсюд COVID-19 зазнаў шэраг беларускіх кампаніяў малога і сярэдняга бізнесу. У зоне рызыкі – не толькі турыстычныя фірмы, але і кавярні, рэстараны, салоны прыгажосці, фітнес-цэнтры. Некаторыя зачыняюцца і звальняюць работнікаў, а некаторыя часова прыпыняюць дзейнасць і працягваюць плаціць персаналу. Гэтак зрабіла і ўладальніца двух салонаў манікюру ды аднаго бару Ксенія Фёдарава. «Белсат» паразмаўляў з бізнес-лэдзі пра тое, чаго каштуе такое рашэнне і ці адчувае яна падтрыманне ў складаны час.

Ксенія Фёдарава мае цэлы шэраг бізнес-праектаў. Гэта два салоны манікюру – «Ноготки» і «Сороки», бар «Сіняя каза» і арт-прастора «Месца», што, бадай, першаю зрэагавала на распаўсюд COVID-19.

«Пляцоўка прадугледжаная для правядзення імпрэзаў – ад выставаў і прэзентацыяў да святкавання Дня народзінаў. Яшчэ два тыдні таму людзі пачалі адмаўляцца ад іх правядзення, мы вярнулі ўсім грошы», – кажа Ксенія Фёдарава.

У манікюрных таксама знізіўся наплыў кліентаў.

«Салон «Ноготки» я часова зачыніла, другі пакуль працуе, там майстры – у масках, пальчатках, выкарыстоўваюць сродкі для дэзынфекцыі», – адзначае Ксенія Фёдарава.

Ксенія Фёдарава. Уласны архіў

А вось з барам «Сіняя каза» сітуацыя апынулася складаней. У бар прыходзіць вялікая колькасць людзей, што небяспечна для ўсіх – можна падхапіць і разнесці каронавірус. Таму бар часов зачынілі.

«Перакваліфікаваць працу не давялося б: «Сіняя каза» – месца, дзе за келіхам віна або кубкам кавы можна прыемна правесці час са знаёмымі. То бок людзі прыходзілі да нас перадусім пабачыцца і паразмаўляць. Таму пайсці па шляху некаторых рэстарацыяў (займацца дастаўкай ежы і напояў па замовах) – не наш варыянт», – кажа жанчына.

Захавалі заробак для паўсотні працаўнікоў

Калі ў свеце пачалі абвяшчаць каранцін і забараняць наведваць грамадскія месцы, вельмі шмат пытанняў узнікла і ў працаўнікоў, што задзейнічаны ў праектах Ксеніі.

«Я прапанавала тым, хто хоча, пайсці на самаізаляцыю, – адзначае Ксенія. – Сыходзіць на два-тры тыдні хатняга каранціну дамовіліся таксама пры нават невялікім недамаганні нашых спецыялістаў, каб засцерагчы іншых людзей. Бальнічных пры гэтым я не патрабую, бо разумею, што цяпер у паліклініках і медычных цэнтрах – вялікі наплыў хворых».

Прадпрымальніца вырашыла падтрымаць сваіх працаўнікоў у складаны час, бо людзям трэба за штосьці існаваць. Таму прынамсі на месяц яна захавала заробкі для спецыялістаў ва ўсіх праектах: гэта каля 50-ці працаўнікоў.

«Яны вельмі ўдзячныя, аднак людзей хвалюе, што будзе пасля. Акурат цяпер назіраем вялікую плынь людзей, што жадаюць уладкавацца на працу, – кажа Ксенія, згадваючы тых, хто звяртаецца па старых абвестках аб вакансіях. – Гэты месяц я дала ў тым ліку і сабе, як кіраўніку, усвядоміць і зразумець, як паступаць далей».

Бар «Сіняя каза». Уласны архіў Ксеніі Фёдаравай

Спадзявацца толькі на свае сілы?

Прапанова падтрымаць кадры, працягваць працу гучала з вуснаў кіраўніка краіны. А паводле прэм’ер-міністра Сяргея Румаса, падатковая падтрымка з бюджэту складзе 110 млн рублёў.

Паводле Аляксандра Лукашэнкі, на дапамогу змогуць разлічваць тыя, хто цяпер гатовы папрацаваць «у мінус».

«Не хачу сказаць, што выратаванне тапельцаў – справа рук саміх тапельцаў. Але настаў час кубышачку развязаць, укласці ў бізнес тыя запасы, якія ёсць. Падтрымаем тых, хто хоча, каб яго падтрымалі, і другое – хто ўкладзецца сам. Трэба варушыцца ўсім», – заявіў кіраўнік краіны падчас візіту ў Смалявіцкі раён.

Пакуль жа чыноўнікі не спяшаюцца дапамагчы, адзначае Ксенія Фёдарава.

Бар «Сіняя каза». Уласны архіў Ксеніі Фёдаравай

«Мы напісалі лісты і ў гандлёвую палату, і ў Палату прадстаўнікоў. Адказу пакуль няма», – кажа прадпрымальніца.

Арэндадаўца, з якім працуе Ксенія, пакуль не бачыць падставаў для зніжэння сумы арэнды, хоць ад 1 красавіка базавая стаўка арэнднай платы вырасла. У адказ на пытанне аб зніжцы Ксенія пачула цытату Лукашэнкі: «пашукаць грошы па кішэнях».

«На месяц-паўтара ў мяне хопіць унутраных рэсурсаў, а пасля трэба адкульсьці ўзяць грошы. Калі яны не паступаюць, то як далей жыць – не зразумела. Мяне здзіўляе пры гэтым вялікая колькасць людзей у інтэрнэце, якія цешацца таму, што хтосьці зачыняецца і што ўсе будуць жыць кепска», – кажа Ксенія Фёдарава.

Арэндадаўцы таксама папоўняць войска беспрацоўных?

Сітуацыю з нежаданнем ісці на зніжэнне арэнднай платы на ўмовах ананімнасці нам пракаментаваў уласнік офісных памяшканняў з Менску. Паводле яго, арэндадаўцы таксама губляюць бізнес: сутыкаюцца з масавым закрыццём фірмаў, якія адпаведна адмаўляюцца ад найму. Пры гэтым на ўласніку застаюцца абавязанні па выплаце падаткаў, а калі арэндатар сыходзіць, то і камунальных паслугаў у Дзяржаўнае гаспадарчае ўпраўленне і дзяржаўнае прадпрыемства па эксплуатацыі будынкаў «БелЭБ», што падпарадкоўваецца Галоўнаму гаспадарчаму ўпраўленню Кіравання справамі прэзідэнта. Выплаты ў гэтыя ўстановы могуць раўняцца суме арэнды. Напрыклад, арэнда памяшкання плошчай у 20 кв.м. складае 200 рублёў на месяц, у той час, як аплата за электрычнасць, вываз смецця, ацяплення ды іншага – гэта дадатковыя 150-180 рублёў. Суразмоўца ўпэўнены, што сітуацыю магла б палепшыць дзяржава – напрыклад, даць ільготы па камунальных і эксплуатацыйных паслугах. Пайсці на зніжэнне арэнднай платы для ўласнікаў бізнесаў арэндадаўца мог бы, калі б сам атрымаў ад дзяржавы зніжку.

Аб’ектыў
Гандаль ва ўмовах пандэміі
2020.04.02 22:19

Ці чакаць дапамогі?

Старшыня Асацыяцыі малога і сярэдняга прадпрымальніцтва Сяргей Балыкін лічыць, што шукаць выратаванне з караблю, які тоне, кожнаму давядзецца самастойна. Пакуль няма катастрофы і шмат прадпрымальнікаў занялі пазіцыю чакання: урэзалі бюджэты, запаволілі дзейнасць, звярнуліся па дапамогу ў дзяржаўныя структуры.

«У нашае краіне людзі ніколі не маглі разлічваць на дапамогу дзяржавы. Не толькі бізнес, але і ўразлівыя слаі насельніцтва – беспрацоўныя, інваліды, – канстатуе Сяргей Балыкін. – Таму ў выніку кожнаму давядзецца выграбаць самастойна».

Паводле Сяргея Балыкіна, на дапамогу з бюджэту краіны хутчэй зможа разлічваць буйны бізнес.

«Праз прадпрыемствы мы ўскосна дапамагаем людзям, – кажа Сяргей Балыкін. – Крыху больш за 40 мільёнаў долараў (110 млн рублёў). Палічыце, шмат гэта, ці не? На 9,5 мільёнаў насельніцтва – каля пяці долараў у сярэднім. Вас гэта выратуе?»

Юлія Лабанава Belsat.eu

Стужка навінаў