Данбас у Міжземным моры: чаму Кіпр блакаваў санкцыі ЕЗ супраць Лукашэнкі?


Больш за месяц Кіпр блакаваў увядзенне санкцыяў супраць функцыянераў Аляксандр Лукашэнкі, якія адказныя за фальсіфікацыю выбараў і парушэнне правоў чалавека ў Беларусі.

Кіпр патрабаваў узамен ад партнёраў па Еўразвязу ўвесці жорсткія санкцыі супраць Турцыі. У чым жа сутнасць кіпрска-турэцкага канфлікту?

Кроў на пляжах

Непасрэднай нагодай для кіпрскага вета, якое было знятае 1 кастрычніка, зʼяўляліся спробы разведкі і распрацоўкі Турцыяй газавых радовішчаў ва ўсходняй частцы Міжземнага мора, у раёне, які Кіпр лічыць сваёй эксклюзіўнай эканамічнай зоне.

Аднак з 1960 года, калі Кіпр, дзе ў большасці жывуць грэкі, атрымаў незалежнасць, Турцыя не прызнае гэтую дзяржаву і адпаведна, яе эканамічныя правы ў гэтым раёне. Больш за тое не так даўно паміж 2 дзяржавамі адбылася вайна.

Брытанская перадача 1974 году пра вайну на Кіпры.

У 1974 годзе грэкі-нацыяналісты арганізавалі дзяржаўны пераварот на Кіпры з мэтай уключэння Кіпра ў склад Грэцыі. Ужо праз некалькі дзён пад гучныя заявы пра абарону правоў туркаў-кіпрыётаў на выспе высадзіліся турэцкія войскі.

Падчас баявых дзеянняў загінулі да 10 тысяч чалавек з абодвух бакоў, каля 150 тысяч грэкаў і 50 тысяч туркаў былі вымушаныя пакінуць сваё жытло і стаць уцекачамі.

«Новатуркія»

Турэцкія войскі захапілі прыкладна 37% тэрыторыі Рэспублікі Кіпр, а пасля спынення баявых дзеянняў Анкара абвесціла гэтую зямлю «Турэцкай рэспублікай Паўночнага Кіпра».

«Паўночны Кіпр» не прызнаны аніводнай краінай-сябрам ААН, акрамя Турцыі.

Падзелены Кіпр. Крыніца – wikimedia.org

Адпаведна паміж Кіпрам і Турцыяй фармальна не існуе ніякіх чыста прававых міждзяржаўных механізмаў вырашэння праблемы турэцкіх судоў, якія пад аховай турэцкага ваеннага флоту праводзяць разведку газавых радовішчаў на кіпрскім шэльфе.

Права сілы

Кіпр, які зʼяўляецца сябрам Еўразвязу, называе турэцкія дзеянні «незаконным экспансіянізмам» і «актамі пірацтва». Аднак ЕЗ, хоць фармальна асуджае дзеянні Турцыі на тэрыторыі свайго сябра, але не гатовы актыўна абараняць інтарэсы Кіпра.

Ваенны палігон на турэцкім баку Кіпру каля Нікасіі.
Фота: Katarzyna Mazanska / Forum

Перш за ўсё, Турцыя – куды больш значны, чым Кіпр, эканамічны партнёр асноўных краінаў ЕЗ, і сябар НАТО з моцнай арміяй. Па-другое, у краінах Еўразвязу, перш за ўсё ў Нямеччыне, за апошнія 50 год узнікла шматлікая і ўплывовая турэцкая дыяспара.

Акрамя таго, Турцыя зараз галоўны барʼер паміж уцекачамі і мігрантамі з Бліжняга Усходу і Еўропай. Адпаведна, калі Анкара пачне прапускаць гэтых людзей у ЕЗ, урады той жа Нямеччыны і Францыі, лідараў Еўразвязу, будуць вымушаныя пайсці на жорсткія меры супраць мігрантаў, або сутыкнуцца з яшчэ большымі ўнутрыпалітычнымі праблемамі з боку свайго свайго ўласнага насельніцтва.

  • На саміце ў Бруселі лідарам Еўразвязу ўдалося пераканаць Кіпр зняць блакаванне санкцыяў супраць уладаў Беларусі. Гэта адбылося 1 кастрычніка, у першы дзень пазачарговага саміту ЕЗ.
  • Пасля каля дзесяці гадзін перамоваў у ноч на 2 кастрычніка кіраўнікі дзяржаваў і ўрадаў краінаў Аб’яднанай Еўропы разблакавалі санкцыі супраць уладаў Беларусі. У санкцыйны спіс трапілі агулам 40 асобаў, Аляксандра Лукашэнкі ў санкцыйным спісе няма.
Hавiны
Санкцыямі на санкцыі: МЗС Беларусі ўводзіць свой «чорны спіс»
2020.10.02 15:40

 belsat.eu

Стужка навінаў