«Дана Холдынгз» спыніла будаўніцтва дамоў у «Менск-Міры»

У сярэдзіне кастрычніка кампанія прыпыніла будаўніцтва 8 дамоў у комплексе «Менск-Свет» і перанесла тэрміны здачы 11 шматпавярховых гмахаў.

За чый кошт будаваўся «Менск-Мір»

«Менск-Мір» паводле праекту – гэта 2 мільёны квадратных метраў жылля, чытай, больш за 33 тысячы кватэр у паўтары сотнях шматпавярховак. Праект называецца інвестыцыйным, але рэалізуецца за кошт гарадскога бюджэту і грошай дольшчыкаў. Прынамсі, нідзе ні разу не агучвалася, якія ўкладанні (акрамя аплаты малюнкаў з відамі будучага комплексу) зрабілі ў яго сябры Лукашэнкі, уладальнікі «Даны» – браты Карычы.

Такімі бачыць дамы ў комплексе «Менск-Маяк» праекціроўшчык.
Фота: dana-holdings.com

Паводле рашэння Лукашэнкі, за бюджэтныя грошы, чытай, нашы падаткі, аплачваецца знос і адсяленне. За бюджэтныя грошы ў «Менск-Міры» вядуць сеткі, робяць падстанцыі і дарогі, пабудавалі садок і абяцалі яшчэ некалькі.

Жылыя дамы будуюцца на грошы дольшчыкаў. Квадратныя метры тут прадаваліся па 850-1400 долараў, пры сабекошце ў 400-600 долараў.

Прыбытак забудоўшчыка практычна па ўсіх дамах перавышаў 100%. Гэта дазваляла пачынаць будаваць частку дамоў без прыцягнення сродкаў дольшчыкаў, каб пасля рэалізоўваць іх даражэй.

Куды / каму сыходзіў чысты прыбытак кампаніі? Ёсць на гэты конт цікавае расследаванне.

Вельмі патрэбныя грошы дольшчыкаў

Зараз прыпынена будаўніцтва 25-павярховага дома «Лас-Вегас» у квартале «Паўночная Амерыка», 16-павярховага ў тым жа квартале, 25-павярховага ў квартале «Паўночная Еўропа» і двух 25-павярховых у квартале «Міжземнаморскі». Плюс 16-павярховага дома ў квартале «Еўразія», 16-павярховага «Сінгапур» у квартале «Азія», 16-павярховага ў «Квартале чэмпіёнаў», 25-павярховага «Прага» ў квартале «Усходняя Еўропа».

Яшчэ па одной групе дамоў «Дана» перанесла тэрміны здачы.

Афіцыйнае тлумачэнне сітуацыі агучваў TUT.BY – “выяўленая немагчымасць выканання будаўніча-мантажных работ”. Гэтая фармулёўка распаўсюджваецца як на замарожаныя будоўлі, так і на будоўлі, тэрмін здачы якіх перанесены.

Ёсць дзве версіі таго, што здарылася. Першая – вінаваты горад, які не паспявае здаць у тэрміны сеткі. Версія добрая, але хісткая. Калі б не хапала сетак, паралізавана было б будаўніцтва некалькіх кварталаў, а не асобных дамоў у розных кварталах.

Такімі бачыць дамы ў комплексе «Менск-Маяк» праекціроўшчык.
Фота: dana-holdings.com

Другая версія больш відавочная. За апошнія два тыдні ў «Менск-Міры» спрабавалі выратаваць сітуацыю з фінансаваннем будаўніцтва і выставілі на продаж па невысокіх (адносна звычайных «хацелак» «Даны») коштах кватэры адразу ў 10 дамах. Адчайна патрэбныя былі грошы дольшчыкаў на будоўлю. Але пакупнікоў, якія цяпер гатовыя падтрымаць сваімі грашыма прыхільную Лукашэнку кампанію, не знайшлося.

І справа нават не ў свядомасці беларусаў – цяпер практычна нулявыя продажы ва ўсіх забудоўшчыкаў. Людзі чакаюць вырашэння палітычнай сітуацыі. Крымінальныя справы за ўдзел у нядзельных маршах ужо штампуюцца, наперадзе, як пагражае Лукашэнка і сілавікі, – расстрэлы пратэстоўцаў. Большасць людзей з грашыма разумеюць: не час будавацца, можа, заўтра трэба будзе ратавацца за межамі сінявокай.

Пакуль у «Менск-Міры» усё не так трагічна?

Яшчэ нядаўна Павел Аўчароў, дырэктар ЗТАА «Дана Астра», у інтэрв’ю, размешчаным на афіцыйным сайце забудоўшчыка, распавядаў: «У рабоце – адразу 65 аб’ектаў, з іх у 45 дамах ужо сёння можна набыць кватэру. Адзначу, што 25 будынкаў мы будуем за кошт уласных сродкаў, не прыцягваючы грошы дольшчыкаў. Гэта велізарныя інвестыцыі».

Лічбы паказваюць, што «замарожаная» траціна дамоў, якія ўжо будуюцца.

І прагнозы па комплексу «Менск-Мір» дрэнныя. Пасля інфармацыі аб прыпыненні будаўніцтва нават тыя адзінкавыя аптымісты, якія гатовыя былі аднесці свае грошы менеджэрам «Даны», задумаюцца. Дзе гарантыя, што наогул нешта дабудуюць?

Праект можа выжыць, толькі калі ўладальнікі «Даны» гэтага вельмі захочуць. Для гэтага ім трэба вярнуць выведзены прыбытак у краіну, спачатку размарозіць і дабудаваць, а потым прадаваць гатовае жыллё па прымальнай на момант здачы дамоў цане.

Але нават такі фантастычны варыянт выратавання будзе немагчымы, калі ў краіне працягнуць наступ на грамадства, якое патрабуе сыходу Лукашэнкі. «Мэтавікі» «Менск-Міру» – не самыя высокааплатныя айцішнікі, маладыя сем’і, прыезджыя. Частка «мэтавікоў» з’едзе, іншая частка збядняе (падзенне эканомікі ніхто не адмяняў, як і згортванне крэдытавання ў бліжэйшай перспектыве). Прадаваць такія аб’ёмы нават па 700 долараў за квадрат будзе папросту няма каму.

А калі Лукашэнка знікне, у сербскіх сяброў паўстане іншая праблема. «Сакрэтны» інвестпраект трэба будзе пераглядаць. Будоўля ў крызіс стане эканамічна не выгаднай. Наўрад ці Карычы такія патрыёты Беларусі, што гатовыя нешта дабудоўваць без звыклага прыбытку.

У перспектыве забудоўшчыкі, якія выжывуць, праект «падбяруць» і дабудуюць. На жаль, гэтая перспектыва вельмі аддаленая.

Звычайна ў «падсумаванні» трэба нешта раіць дольшчыкам. Але тут раіць складана. Калі дом у фінальнай стадыі, да здачы месяц, ці тры, напэўна, прыйдзецца захоўваць надзею на атрыманне ключоў. Астатнім трэба разумець, што дамовы ў «Даны» такія, што пры выхадзе з будоўлі можаш вывесці ў валютным эквіваленце дакладна менш, чым ўклаў. І то – праз суд. Калі да моманту суда будзе з каго спаганяць.

Версія Даны: спынілі будоўлю, каб будаваць лепш

Дана пракаментавала сітуацыю для Realt.by: дзевяць дамоў, дзе спынена будаўніцтва, «будуюцца за кошт уласных сродкаў заказчыка комплексу <…>. Таму прыпыненне будаўніцтва гэтых дзевяці дамоў не закранае нічыіх інтарэсаў, акрамя інтарэсаў заказчыка. А дом 7.10, які таксама згадваўся ў паведамленні аб прыпыненні будаўніцтва, па-ранейшаму ўзводзіцца планавымі тэмпамі.

Меркаванні
«У Менску цяпер будуюць толькі тыя, хто да бізнес-суіцыду не схільны». Чаму забудоўнікі не замарожваюць праекты
2020.10.30 11:53

Агулам жа ў прыпынення ёсць цалкам канкрэтная прычына. Вынікі даследавання рынку нерухомасці паказалі вялікую зацікаўленасць пакупнікоў у набыцці гатовага жылля з выкананымі аздобнымі працамі, з устаноўкай сантэхнічнага абсталявання і мэблі.

Прыпыненне будаўніцтва названых жылых дамоў звязанае з прыняццем інвестарам рашэння аб выкананні ў будаваных дамах поўнага аздаблення, ўключна з ўстаноўкай мэблі ў кватэрах. Выкананне гэтых работ звязана, перш за ўсё, з неабходнасцю карэкціроўкі праектнай дакументацыі».

Геніяльны адказ, цудоўнае поле для манеўраў. Карэктаваць дакументацыю можна вельмі доўга. А потым вынікі даследавання рынку могуць паказаць эканамічную немэтазгоднасць аднаўлення будаўніцтва. Ну і тлумачыць дольшчыкам, чаму перанеслі тэрміны здачы па астатніх дамах, наогул не трэба. Дастаткова нагадаць, што ў свеце пандэмія.

Наталля Літоўская/АА, belsat.eu

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў