Дакументальныя стужкі пра Лукашэнку


Нядаўна мы рабілі падбор дакументальных фільмаў пра феномен дыктатураў, а гэтым разам адзначаем цікавыя дакументальныя стужкі, знятыя за апошнія 26 гадоў пра Аляксандра Лукашэнку.

Звычайны прэзідэнт

Знакамітая стужка вядомага беларускага рэжысёра-дакументаліста Юрыя Хашчавацкага, якую ён стварыў у 1996 годзе. Аўтар распавядае пра першыя прэзідэнцкія выбары і тое, што ім папярэднічала, ды пра ліквідацыю палітычных апанентаў. Стужка атрымала ўзнагароду Берлінскага кінафэсту, а таксама Прэмію Сахарава.

Аляксандр Лукашэнка. Першыя сто дзён прэзідэнцтва

Стужка, знятая з нагоды 20-годдзя Лукашэнкі на пасадзе прэзідэнта. Канцэпцыя фільму адлюстраваная ў назве: першыя ацэнкі і заявы, фармаванне вертыкалі, палітычныя крокі ў першыя дні на пасадзе прэзідэнта, што дазволілі захапіць уладу на доўгія гады.

Айчым

Стужка «Звычайны прэзідэнт» Юрыя Хашчавацкага натхніла беларускага блогера Паўла Спірына стварыць у 2017 годзе ўласнае кіно, у якім ён спрабуе разабрацца, як Лукашэнка з «народнага бацькі» ператварыўся ў айчыма. Сёння «Айчым» атрымаў больш за 1,3 мільёна праглядаў на YouTube.

Лукашэнка. Крымінальныя матэрыялы

Стужка стваральніка тэлеграм-каналу NEXTA Сцяпана Пуцілы распавядае пра Плошчу, выбары, сям’ю Лукашэнкі і ягоны прыход да ўлады, а таксама пра важныя беларускія падзеі, што мелі палітычны бэкграўнд. За першыя 5 дзён фільм набраў больш за 1 мільён праглядаў на YouTube.

Лукашэнка. Над безданню ў ілжы (1994–2020)

Яшчэ адна стужка NEXTA, у якой разбіраюцца 26 гадоў Лукашэнкі на пасадзе прэзідэнта. Распавядаецца, як дырэктар саўгасу, які атрымаў уладу, ёй распараджаўся, што абяцаў і ў што ператварыў беларускую дзяржаву. На афіцыйным канале YouTube фільм ужо набраў больш за 700 тысяч праглядаў.

Гульня без правілаў

Нельга абысціся ў нашым падборы і без уласнае стужкі. Дакументальны фільм з дзвюх частак пра Аляксандра Лукашэнку паказвае падзеі 1990-х гадоў у Беларусі, палітычную барацьбу і станаўленне дыктатуры. Шмат для каго стужка можа стаць адкрыццём і праліць святло на падзеі сённяшнія.

Фільмы
Гульня без правілаў
2019.12.29 20:15

Кірыл Стаселька belsat.eu

 

Стужка навінаў