Дакументальныя фільмы пра дыктатараў: што паглядзець у перапынках паміж пратэстамі


Нядаўна мы рабілі падборку аб пратэстах, рэвалюцыях і дыктатарах, а стужак пра дыктатараў не закранулі. Гэтым разам «Белсат» публікуе падбор цікавых дакументальных фільмаў, якія вывучаюць феномен дыктатараў ды іхных дыктатураў у сучасным свеце.

Настольная кніга дыктатара

Дакументальны серыял пра змаганне за ўладу, метады стварэння таталітарных палітычных сістэмаў і спосабы адзінаасобнага ўтрымання ўлады.

Настольная кніга дыктатараў. Фрагмент стужкі

Стужка распавядае пра найбольш жахлівых і знакамітых дыктатараў свету апошніх часоў, сярод якіх: Садам Хусэйн, Бэніта Мусаліні, Франсіска Франка, Мануэль Нар’ега, Ідзі Амін.

Адкуль бяруцца дыктатары

Яшчэ адзін дакументальны серыял з трох серый. Аўтары фільму вывучаюць асобу дыктатара, спрабуюць знайсці тыя кропкі, дзе палітычныя і гістарычныя ўмовы ў сукупнасці з асаблівасцямі канкрэтнай асобы спараджаюць дыктатара.

Адкуль бяруцца дыктатары. Фрагмент стужкі

Назвы серый адлюстроўваюць і тры адпаведныя этапы дыктатураў: «Прыліў», «Абсалютная ўлада» і «Крах». Сярод дзеячаў, разгляданых у стужцы, такія персанажы, як Гітлер, Кастра, Хусэйн, Піначэт ды іншыя.

Дэспатычныя хатнія гаспадыні

Цікавы погляд на дыктатуры ў дакументальным серыяле з васьмі частак пра жонак дыктатараў сучаснасці. Характары, сустрэчы з сужэніцамі, жыццё ў якасці другой асобы дзяржавы і жыццё пасля звяржэння дыктатуры.

Дэспатычныя хатнія гаспадыні. Фрагмент стужкі

Гераіні серыялу – жонкі дыктатараў Гаіці, Філіпінаў, Уганды, Габону, Ліберыі ды іншых.

# СhicagoGirl. Сацыяльная сетка супраць дыктатара

Сёння адным з моцных інструментаў барацьбы з дыктатурамі зрабіліся сацыяльныя сеткі, таму верагодна, што хутка на гэту тэму з’явіцца шмат стужак. Адна з першых, знятая ў 2013 годзе, распавядае гісторыю 19-гадовай дзяўчыны з Сірыі, якая жыве ў Чыкага. Алая дапамагала каардынаваць рэвалюцыю ў сябе на радзіме.

Адзін дзень з жыцця дыктатара

Канцэпцыя кінатвору чытаецца ўжо ў назве. Дакументальная стужка спрабуе наблізіць гледача да жыцця дыктатара – не толькі палітычнага, а і асабістага. Сярод тых, хто фігуруе ў фільме, – Сталін, Кадафі ды Ідзі Амін.

Гульня без правілаў

Нельга абысціся ў нашай падборцы і без уласнае стужкі. Дакументальны фільм з дзвюх частак пра Аляксандра Лукашэнку распавядае пра падзеі 1990-х гадоў у Беларусі, палітычную барацьбу і станаўленне дыктатуры. Шмат для каго кіно можа стацца адкрыццём і праліць святло на сённяшнія падзеі.

Кірыл Стаселка belsat.eu

Стужка навінаў